Мерапрыемства прайшло на базе Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі і сабрала загадчыкаў, спецыялістаў аддзелаў абслугоўвання і інфармацыі, а таксама метадыстаў публічных бібліятэк Мінскай вобласці.
Арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму, якая выйшла за межы традыцыйных нарад. Удзельнікі атрымалі ўнікальную магчымасць не толькі абмяняцца прафесійным вопытам, але і пазнаёміцца з культурна-гістарычнай спадчынай Капыльшчыны.
Першая частка семінара была прысвечана непасрэднаму знаёмству з работай бібліятэк сістэмы. Спецыялісты наведалі Капыльскую раённую цэнтральную бібліятэку імя А. Астрэйкі, якая з’яўляецца галоўным кніжным цэнтрам раёна, а таксама Капыльскую дзіцячую бібліятэку.
Асаблівую цікавасць выклікаў візіт у Цімкавіцкую сельскую бібліятэку, якая па праву лічыцца адной з лепшых у вобласці па выніках 2024 г. Яе фонд налічвае больш за 11 900 экзэмпляраў, а колькасць чытачоў перавышае тысячу чалавек, што з’яўляецца высокім паказчыкам для сельскай мясцовасці. Бібліятэкары падзяліліся вопытам работы, распавялі пра рэалізацыю творчых праектаў і метады прыцягнення чытачоў да кнігі. Знаёмства пачалося з прэзентацыі «Через книги к добру и свету», прысвечанай рабоце па духоўнаму выхаванню і шматгадоваму супрацоўніцтву з мясцовай царквой. Бібліятэкары падрабязна расказалі, як праз літаратуру і сумесныя мерапрыемствы далучаюць маладое пакаленне да традыцый і маральных каштоўнасцей.
Асаблівую ўвагу на семінары надалі краязнаўчым выданням, створаным непасрэдна супрацоўнікамі бібліятэкі. Сярод прадстаўленых кніг – «Нашчадкі традыцый», прысвечаная старажытнаму абраду Тройцы. Гэта выданне стала вынікам глыбокага даследавання мясцовых звычаяў і абрадаў.
Яшчэ адной яркай знаходкай стала кніга «Голас Ірынкі», аўтарам якой выступіла бібліятэкар Ірына Яўгеньеўна Шкуцько. У выданні пераплятаюцца ўспаміны маленькай Ірынкі і дарослай Ірыны Яўгеньеўны, расказваецца пра традыцыі, абрады і ролю жанчыны ў сям’і. Гэтая кніга выклікае жывы водгук у аўдыторыі, бо закранае тэмы, блізкія кожнаму.
Таксама былі прадстаўлены ўласныя краязнаўчыя даследаванні: выданне пра гісторыю спіртзавода і кніга «Лёс абразцовага пасёлка», якія пацвярджаюць, што нават у невялікай сельскай бібліятэцы вядзецца сур’ёзная навукова-даследчая праца.
Ключавым момантам семінара стала сустрэча з настаяцелем храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы протаіерэем Міхаілам Мардвінавым. Святар не толькі расказаў пра важнасць супрацоўніцтва царквы і бібліятэкі ў духоўным адраджэнні грамадства, але і прадставіў унікальную калекцыю старадаўніх праваслаўных кніг. Гэтыя рарытэты, якія захоўваюцца ў храме, сталі жывым сведчаннем глыбіні праваслаўнай традыцыі на Капыльшчыне. Бібліятэкары з цікавасцю разглядалі асобнікі, некаторым з якіх не адзін дзясятак гадоў.
Удзельнікі семінара наведалі Свята-Узнясенскую царкву ў Капылі, дзе памочнік благачыннага Капыльскай царкоўнай акругі Серафім Чарны расказаў пра гісторыю праваслаўя на Капыльшчыне. Яго змястоўная размова ахоплівала шматвяковую гісторыю краю – ад першых хрысціянскіх паселішчаў да сучаснага адраджэння веры. Серафім адказаў на шматлікія пытанні бібліятэкараў, якія цікавіліся як гістарычнымі фактамі, так і сучасным жыццём прыхода. Гэты візіт стаў яшчэ адным пацвярджэннем таго, што бібліятэкі і царква ідуць побач у справе духоўнага выхавання грамадства.
Завяршэнне семінара прайшло ў атмасферы літаратуры і гісторыі. Удзельнікі наведалі Літаратурны музей Кузьмы Чорнага, які знаходзіцца ў аг. Цімкавічы.
Падвядзенне вынікаў семінара прайшло ў фармаце абмену меркаваннямі. Бібліятэкары адзначылі важнасць падобных сустрэч для прафесійнага росту, а таксама падкрэслілі ролю бібліятэк як цэнтраў духоўнага і патрыятычнага выхавання.
Сустрэча на Капыльскай зямлі яскрава паказала, што бібліятэкі сёння – гэта не проста кнігасховішчы, а жывыя арганізмы, якія захоўваюць гісторыю і фарміруюць будучыню грамадства.
Таццяна ГНЯЦЬКО,
загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

Комментарии