Замест уступу
Далей акуратным почыркам апісаны яе зусім нядоўгі жыццёвы шлях. Чытаеш і мімаволі разумееш: хтосьці пражывае свае гады бяздарна, марнуючы на рознае глупства. А вось за гэтымі напісанымі радкамі скрыты подзвіг, здзейснены зусім маладой дзяўчынай, якой споўнілася 27 гадоў. Яшчэ, здавалася б, жыць ды жыць…
«Нарадзілася Люба ў 1916 г. у в. Старыца, – успамінаў яе брат Леанід. – У школе вучылася паспяхова, ёй падабалася чытаць. Вельмі добра валодала нямецкай мовай, што і дапамагло пазней у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі».
Фронт у тыле ворага
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, у 1939–1940 гадах, Люба жыла ў Мінску на вуліцы Кірава. Працавала ў штабе авіяцыйнага корпусу і адначасова вучылася на вячэрнім аддзяленні ў тэхналагічным інстытуце. Калі пачалася вайна, дзяўчына, як і іншыя камуністы і камсамольцы, павінна была эвакуіравацца. Але не паспела... Фашысты адрэзалі шлях. Прыйшлося вяртацца.
Пасля, калі ворагі захапілі сталіцу Беларусі, Люба ўвайшла ў падпольную групу і адначасова стала сакратаром падпольнага камітэта ВЛКСМ г. Мінска. Ёй удалося ўладкавацца на працу ў нямецкі штаб, адкуль дзяўчына навучылася здабываць, а затым і перадаваць партызанам каштоўныя звесткі. Штаб знаходзіўся ў вялікім пяціпавярховым будынку. Каб савецкія самалёты не змаглі разбамбіць яго, на пятым паверсе ворагі размясцілі савецкіх ваеннапалонных.
Аднойчы Люба прыйшла дадому. Яна расказвала, у якіх умовах жывуць палонныя, як іх кормяць раз у суткі поліўкай з хлебам з апілкамі. Гэта вельмі ўразіла дзяўчыну, і яна вырашыла што б там ні было паспрабаваць дапамагчы ўцячы хаця б некаторым з іх. Любе часта ўдавалася даставаць пропускі, якія і перадавала палонным. Яна брала іх няшмат, каб немцы не маглі заўважыць.
Паверыўшы ў сваю беспакаранасць, аднойчы Люба ўзяла 700 штук пропускаў. Аднак фашысты гэта адразу заўважылі. Падазрэнне ўпала на яе. На кватэры ў дзяўчыны правялі вобыск. Пазней гаспадыня кватэры, дзе жыла Люба, казала, што фашысты падчас пошукаў узарвалі падлогі, разабралі печку, перавярнулі ўсё, але так нічога і не знайшлі. А пропускі дзяўчына схавала ў сябе ў туфлях. «Калі загадаюць распранацца, іх адразу ж знойдуць і тады расстрэл на месцы», – у жаху падумала яна. Але ўсё абышлося.
Сярод іншых заданняў было і атручванне штабных афіцэраў. Некалькі разоў гэта зрабіць удавалася паспяхова. Для наступнага разу Люба зноў атрымала атруту. Каб правучыць фашыстаў, трэба было ўкінуць яд у кацёл на кухні. Аднак, калі бясстрашная падпольшчыца прайшла на кухню, адчыняючы крышку катла, парай пашкодзіла сабе твар і рукі. Фашысты звярнулі на яе ўвагу. І, каб праверыць якасць прыгатаванай ежы, немцы ўзялі два вядры і раздалі страву палонным. Пачаліся масавыя арышты людзей, якія працавалі на кухні. Таму Люба вымушана была пайсці ў партызанскую брыгаду «Штурмавая».
На шляху да подзвігу
У партызанскай брыгадзе Люба стала сувязной пад псеўданімам Галя. Аднойчы яна і яшчэ адна жанчына выйшлі на заданне. На ўскраіне горада тая папрасіла, каб Люба пачакала яе, пакуль зойдзе папіць вады. Насамрэч гэтая жанчына аказалася правакатарам і выдала Любу.
На допытах дзяўчына трымалася мужна. Жанчына, якая прыбірала камеру, пасля расказвала, што апошнім катаваннем было падвешванне яе за валасы да столі. Перад смерцю на сцяне камеры Люба напісала: «Я не выдам катам, не скажу ні слова – захаваю клятву і тайну партызан. Няхай я памру, шчасця дарагога дзікім людаедам і пад катаваннямі не выдам». Так і нязломную дзяўчыну расстралялі…
У 1946 годзе яе маці Клюйка Надзея Рыгораўна атрымала паведамленне, як у народзе казалі «похоронку». У ёй было напісана: «Ваша дачка Клюйка Любоў Фёдараўна, сакратар падпольнай арганізацыі, 1916 г. н., удзельнік Вялікай Айчыннай вайны супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў, загінула 6 лістапада 1943 года». У графе «Пахаваны» пазначана, што пра месца пахавання даных няма. Беднай жанчыне нават не было куды занесці кветкі, каб ускласці ў памяць аб дарагой дачцэ.
Застаецца дадаць, што таму самаму брату, які расказаў у свой час школьнікам пра трагічны шлях сястры Любові, Клюйку Леаніду Фёдаравічу, на момант пачатку Вялікай Айчыннай вайны споўнілася 14 гадоў. Для фронту гэтага мала. Але ён паспеў паваяваць і адпомсціць за смерць блізкага чалавека. Юнак быў прызваны на ваенную службу 12 снежня 1944 года. Служыў у званні старшыны другой стацці 21-га запаснога стралковага палка. Вярнуўся са службы 9 кастрычніка 1947 года.
Роздум і факты
Каб даведацца крыху больш пра подзвіг партызанкі, дзякуючы дапамозе старшыні Слабада-Кучынскага сельвыканкама Нэлы Гусевай ўдалося знайсці сваякоў. Адзін з іх, Уладзімір, сын таго самага брата Леаніда, які расказваў пра подзвіг падпольшчыцы, паведаміў, што ў сям’і Клюйкаў было дзевяцёра дзяцей. Чацвёра з іх ваявалі. Не вярнуліся з поля бою тры сыны Надзеі Рыгораўны Клюйкі.
Старэйшы Аляксандр нарадзіўся ў 1906 годзе. У 1933-м быў прызваны на ваенную службу. Служыў у званні маёра медыцынскай службы. Скончыў службу 11 красавіка 1945 года, але дамоў так і не вярнуўся. Лічыцца, што загінуў.
Іван, малодшы сяржант, загінуў у 1943 годзе ад ран. Пра гэта паведамляецца ў дакуменце за подпісам начальніка эвакашпіталя падпалкоўніка Гладыра. Юнаку споўніўся ўсяго 21 год.
Міхаіл, 1914 года нараджэння, радавы, прызываўся напярэдадні вайны 15 чэрвеня 1941 года. Знік без вестак у верасні 1944 года.
На міне, ужо пасля вайны, падарваўся Барыс. Яму было гадоў 12. Хлопчык атрымаў сур’ёзнае раненне, таму і рана памёр.
Галава сям’і Фёдар Клюйка памёр за тры ці чатыры гады да вайны. Праз пару месяцаў пасля яго смерці на свет з’явіўся хлопчык, якога назвалі Георгіем. Але ўсе родныя звалі дзіцятка Горыкам – ад слова гора, якое прыйшлося перажыць матулі.
…Мы прывыклі лічыць героямі тых, хто здзейсніў сапраўдны подзвіг. І гэта справядліва. Аднак ёсць і тыя – часцей за ўсё менавіта жанчыны, – чый подзвіг нібыта застаецца па-за межамі. Яны проста не разумеюць, што жыццё іх – таксама подзвіг, толькі не заўсёды яскравы. Так і матуля Любові – На-дзея Рыгораўна, якой лёсам было дадзена перажыць трагічную смерць дачкі і не дачакацца з фронту сыноў.
Р.S. Калі шукала звесткі пра Любоў Клюйку, звярнула ўвагу на змешчаную ў інтэрнэце прэзентацыю, адзін слайд з якой прысвячаўся подзвігу дзяўчыны. Аўтарам значылася настаўніца з расійскага горада Ульянаўска Лілія Бабій. Пры дапамозе сучасных сродкаў сувязі ўдалося звярнуцца да жанчыны. Гэта – дачка Сафіі, сястры партызанкі, якая таксама ганарыцца подзвігам Любові і захоўвае памяць пра яе. Пакуль мы помнім, яны жывыя…

Комментарии