Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка даў дакладныя ўказанні арганізаваць вытворчасць такім чынам, каб сучасныя ўмовы прысутнічалі на ўсіх этапах. Асабліва ён падкрэслівае важнасць стварэння спрыяльнай абстаноўкі для ўтрымання маладняку, у першую чаргу нованароджаных цялят як найбольш важнай часткі будучага статка буйной рагатай жывёлы.
Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці сур’ёзную работу па абсталяванні спецыяльных прафілакторыяў для ўтрымання цялят ад нараджэння да трохмесячнага ўзросту. Па даручэнні Прэзідэнта да канца бягучага года на малочна-таварных комплексах Беларусі будзе ўстаноўлена каля 500 прафілакторыяў, з іх 111 – у гаспадарках Міншчыны, дзе плануецца размясціць не менш як 20 тыс. цялят.
Капыльскі раён аператыўна ўключыўся ў працэс будаўніцтва спецыяльных памяшканняў для ўтрымання цялят да трохмесячнага ўзросту ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў «Аб будаўніцтве аб’ектаў аграпрамысловага комплексу» (у васьмі гаспадарках з’явіцца дзевяць прафілакторыяў). Сельгаспрадпрыемствы рэгіёна ўзводзяць новыя аб’екты. Як адзначыў першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Віталь Ракевіч, канструкцыя будынкаў прадугледжвае не толькі належныя ўмовы для цялят, але і неабходную інфраструктуру для працы абслуговага персаналу.
У ААТ «Прагрэс 2010» узводзяцца два прафілакторыі на 150 і 200 жывёламесц побач з малочна-таварнымі фермай і комплексам у аг. Пацейкі. Будаўніцтва вядзецца раўнамерна дзвюма будаўнічымі брыгадамі гаспадарчым спосабам.
– Уся дакументацыя аформлена, аплачана абсталяванне, праца будзе максімальна тэхналагічная. Новыя аб’екты будуць аснашчаны малочнымі таксі, пастэрызатарамі, абагравальнікамі для ўтрымання ў халодны час, а таксама індывідуальнымі пластыкавымі боксамі, якія лёгка падвяргаюцца мыйцы, дэзінфекцыі, для скарачэння непрадукцыйнага выбыцця, паляпшэння захаванасці пагалоўя, ну і больш камфортнай работы жывёлаводаў, што немалаважна, – расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Іван Пырцак. – Мы прадугледзелі ў праекце і клеткі для групавога ўтрымання, каб у маладняка быў меншы стрэс пры пераводзе ў групу дарошчвання. Губернатарам Аляксеем Кушнарэнкам пастаўлена задача да 3 ліпеня прафілакторыі ўзвесці і пачынаць паціху ўводзіць у эксплуатацыю. На дадзены момант актыўна вядуцца работы. Ужо ўзведзены металічныя калоны (на адным 100% гатоўнасць, на другім 70%). У далейшым будзе падсыпка пяском, трамбоўка, бетанаванне, узвядзенне крокваў, даху і г.д. Фінансаванне ажыццяўляецца за кошт дзяржавы. Спадзяёмся, што ўкладзёмся ў тэрміны.
Сама атмасфера ў рабоце пацейкаўскіх жывёлаводаў напоўнена звыклым будзённым рухам. За ходам маштабнай будоўлі, можна сказаць, з непадробнай цікавасцю назіраюць будучыя суседзі: з прасторных аконных праёмаў суседняга дзеючага кароўніка раз-пораз цікава пазірае мясцовы дойны статак. Жывёлы нібы прыглядаюцца да новага жылля, якое будуецца зусім побач для іх будучага папаўнення.
А прама праз дарогу ідзе іншая, не менш важная сезонная работа. Адзін за адным па дарозе ходзяць грузавікі і трактары, напоўненыя свежаскошанай «зялёнкай». У гаспадарцы зараз гарачая пара корманарыхтоўкі. Усяго ў ААТ «Прагрэс 2010» запланавана нарыхтаваць немалыя аб’ёмы: 21 000 тон сенажу, 22 000 тон кукурузнага сіласу і 1500 тон сена. Аграрыі рытмічна закладваюць свежую зялёную масу ў траншэі, забяспечваючы надзейную кармавую базу.
– Для паспяховай зімоўкі буйной рагатай жывёлы патрэбны добрыя кармы. На мой погляд, сянаж павінен быць добры, надвор’е дало нарыхтаваць, – працягвае Іван Пырцак. – Маса ішла правяленая, з вільготнасцю каля 60%, з выкарыстаннем кансерванта. Траншэю ўтрамбавалі, герметычна накрылі вакуумнай плёнкай метадам канверта. Словам, усё адпавядае патрабаванням.
Фота аўтара

Комментарии