Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33 года за рулем трактора: в Копыльском районе назвали имя лучшего механизатора посевной

20.05.2026

Прафесія ў Сяргея Новіка – самая распаўсюджаная ў сельскагаспадарчай галіне, ён трактарыст-машыніст. Працуе ў філіяле «Вялікая Раёўка». Яго стаж работы ў гэтай гаспадарцы сёлета склаў 33 гады. Шлях Сяргея Іванавіча – гэта гісторыя адданасці хлебаробскаму прызванню. За стараннасць механізатару давяраюць самыя адказныя ўчасткі работы, ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства ў яго адрас гучыць шмат добрых слоў. Вось і сёлета па выніках вясенняй пасяўной ён прызнаны лепшым.

Па традыцыі Сяргею Новіку падзякавалі за старанную працу і ўручылі заслужаныя ўзнагароды дырэктар філіяла Аляксандр Рубіс і галоўны інжынер Сяргей Карсюк.

– Вялікі дзякуй за высокую адказнасць і адданасць любімай справе, беражлівыя і дбайныя адносіны да працы. Жадаем, каб родная зямля, сагрэтая Вашай увагай і клопатам, давала высокія ўраджаі, – падкрэсліў падчас віншавання кіраўнік сельгаспрадпрыемства.

Сяргей Новік прызнаецца, што з палявых работ больш за ўсё любіць менавіта сяўбу. Перавагу аддае веснавой: засыпаў зерне ў сеялку і едзь па падрыхтаваным роўным полі. Але праца механізатарам выпадае розная, і хапае яе круглы год. Сам ён, калі ўвесну адсеецца і пойдзе ў рост трава, будзе заняты на касьбе, восенню зноў прыступіць да ворыва і сяўбы. Вось так шчыруе ад сезона да сезона, ад аднаго віду работ да другога. Сакрэтам і галоўнай умовай свайго поспеху Сяргей Іванавіч называе саму працу. Не гнацца за лепшым, лягчэйшым, больш выгадным ці выйгрышным, а ісці і працаваць, добра, якасна, сумленна. Тады і поспех будзе, прызнанне і павага.

– Люблю сваю работу і застаюся верным сельскай гаспадарцы на працягу столькіх гадоў, – гаворыць Сяргей Новік. – Лічу, што без зямлі ніяк – яна наша карміцелька.

А ці можа быць інакш? Вядома ж, не. Сам мужчына – вялікараёўскі, пасля школы закончыў капыльскае прафтэхвучылішча, адслужыў у арміі, крыху працаваў вадзіцелем у сельгасхіміі. Але з маленства адчуваў прыцяжэнне роднай зямлі (дапамагаў бацькам, якія працавалі ў калгасе), таму і вярнуўся ў мясцовае сельгаспрадпрыемства. Тут і сустрэў сваю другую палавінку – Наталлю Іванаўну, якая па накіраванні была размеркавана працаваць у сельскай бібліятэцы. З каханай жанчынай выгадавалі дачку Крысціну, радуюцца ўнучкам Настассі і Веры.

Сёлета хлебаробы філіяла «Вялікая Раёўка» ў аптымальныя тэрміны правялі сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур. Увогуле да вясны падышлі добра падрыхтаванымі. У хуткім часе амаль на 150 га зазелянее яравы ячмень, на 375 га раскінецца кукуруза, з якіх 100 га пойдзе на зерне. Зараз жа на палетках вядзецца падсеў шматгадовых траў, падкормка і хімапрацоўка азімых.

Як адзначыў у размове кіраўнік філіяла Аляксандр Рубіс, палявыя работы праходзяць арганізавана, без спешкі. Значная стаўка ў іх якасным правядзенні робіцца на механізатарскі састаў. І калі работу давяраюць прафесіяналам сваёй справы, якія сумленна выконваюць абавязкі і ўсведамляюць адказнасць за будучы ўраджай, тады можна спадзявацца на поспех. А такія спецыялісты ў «Вялікай Раёўцы» ёсць.

Фота аўтара


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей