Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Интерактив вместо пыли: как новый директор Копыльского музея меняет представление об истории

20.05.2026

Прынята лічыць, што праз музеі грамадства выказвае свае адносіны да гісторыка-культурнай спадчыны, і з гэтым цяжка не пагадзіцца. Збіраючы і захоўваючы помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры, музеі вядуць вялікую навукова-асветніцкую і адукацыйна-выхаваўчую работу.

Штогод 18 мая музейныя работнікі ўсяго свету адзначаюць сваё прафесійнае свята. Сёння ў нашай гасцёўні сустрэча з дырэктарам Капыльскага раённага краязнаўчага музея Таццянай ВАРАНЦОВАЙ.

– Таццяна Аляксандраўна, сёлета Вы сустракаеце свята ў новым статусе: некалькі месяцаў таму Вам аказалі давер узначаліць установу культуры. Наколькі гэта адказна?

– Сапраўды, гэта вельмі адказна. Але ў музейнай справе я не навічок, шмат гадоў пасля заканчэння гістарычнага факультэта з’яўлялася навуковым супрацоўнікам. 

– Капыльскі раённы краязнаўчы музей сёння – гэта не застылая, як у мінулым стагоддзі, экспазіцыя. Ён крочыць у нагу з часам.

– Так, наша экспазіцыя ўжо больш інтэрактыўная. Каб яе раскрыць, прымяняем розныя элементы. У свеце, які імкліва развіваецца, музеі сутыкаюцца з патрабаваннямі аўдыторыі, што прагне захапляльных уражанняў. Музею ў сучасным свеце неабходна трансфармавацца, укараняючы новыя тэхналогіі, інтэрактыўныя экспанаты і мультысенсорныя элементы для задавальнення запытаў, але нельга забывацца, што гэта месца для духоўна-маральнага выхавання дзяцей і моладзі, тут фарміруецца павага да гістарычнага мінулага і традыцый беларускага народа.

– Чым жыве музей зараз?

– Наш музей – гэта не толькі правядзенне выстаў і экскурсій, гэта складаная сістэма, у якой спалучаюцца навуковая работа, выставачная дзейнасць, адукацыя, камунікацыі і кіраванне.

У Год беларускай жанчыны мы вырашылі расказаць пра жанчын, якія жылі і працавалі на капыльскай зямлі, пра нашых сучасніц, але больш пра жанчын самаахвярных, моцных і неверагодна стойкіх –  удзельніц Вялікай Айчыннай вайны. Выставачным праектам да 95-годдзя нашага земляка, мастака Уладзіміра Маркавіча Пасюкевіча мы і адкрылі гэту тэму. На ёй былі прадстаўлены партрэты Соф’і Кунцэвіч, Алены Мамчыц, Настассі Рубіс. Да 9 Мая была арганізавана фотавыстава жанчын – ураджэнак Капыльшчыны, праз лёсы якіх прайшла вайна.

Але не менш важным напрамкам дзейнасці музея застаецца камплектаванне фондаў. На пачатак 2026 года колькасць музейных прадметаў асноўнага фонду складае 25 986 адзінак, навукова-дапаможнага – 4171 адзінку. Найбольш цікавыя апошнія паступленні – манеты Іспаніі, Вялікабрытаніі, Даніі, Швецыі ХІХ-ХХ стст.

Сёння, як ніколі востра, стаіць пытанне данясення сапраўднай гісторыі і захавання памяці, вывучэння асаблівасцей роднага краю. Таму прадоўжым правядзенне экскурсій па маршруце «Па былых сядзібах і парках Капыльшчыны».

А вось для забеспячэння, развіцця і паляпшэння якасці паслуг з 1 лістапада 2025 года ў музеі адкрыты неізаляваны гандлёвы аб’ект – сувенірная крама.

Ужо даўно ў многіх музеях свету і Беларусі практыкуецца такая форма выставачнай дзейнасці, як выстава адной карціны. Яна прапануе сучаснае прадстаўленне музейных прадметаў, акцэнтаванне на экспанатах, якія рэдка пакідаюць фонды (па розных прычынах: ступень захаванасці, выбар рэдкай тэматыкі выставак, унікальнасць). З гэтага года мы практыкуем такую форму дзейнасці. Зараз у фае музея можна азнаёміцца з карцінай Міхаіла Басалыгі «Бітва з татарамі».

– Да Міжнародны дня музеяў многія ўстановы прымяркоўваюць  «Ноч музеяў». Гэта мерапрыемства надзвычай папулярнае і ў нас. Чым парадавалі сваіх гасцей сёлета?

– Названая міжнародная акцыя дапамагае паказаць рэсурс, магчымасці, патэнцыял музея, далучыць да культуры моладзь. Нам гэта ўдаецца. Радуе, што ў гэту ноч да нас прыходзяць госці, і мы стараемся як мага ярчэй і паўней прадставіць сваю экспазіцыю. Мы правялі начную экскурсію з ліхтарыкамі, разыгралі прызы і сувеніры, жадаючыя маглі зрабіць фотаздымак у кімано.

– Як бачым, калектыў музея ў пастаянным творчым пошуку. Прафесійнае свята ён сустрэў важкімі справамі. Мабыць, ёсць нейкі сакрэт яго сучаснасці і поспеху?

– Ён просты. У нашым невялічкім калектыве працуюць людзі, для якіх музейная справа – лёс, прызванне. Хацелася б пажадаць кожнаму моцнага здароўя і асабістага шчасця, усім разам – згуртаванасці, адзінства, новых творчых ідэй і дасягненняў.

Сіла нашага музея і ў цеснай узаемасувязі з арганізацыямі, установамі, жыхарамі раёна. Хацелася б выказаць шчырую ўдзячнасць за плённае супрацоўніцтва калектывам устаноў культуры, раённай газеты, установам адукацыі раёна, усім сябрам музея. Мы адчуваем сябе важнымі, запатрабаванымі – гэта самы вялікі стымул для дзейнасці.

 – Дзякуй, Таццяна Аляксандраўна, за цікавую размову. Са святам!


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей