Як усё пачыналася
Любоў да слова праявілася яшчэ ў дзяцінстве, асабліва да беларускага. З захапленнем чытаў кнігі, газеты, слухаў радыё. Гэта і стала прычынай таго, што вырашыў паступаць на філалагічны факультэт. Па мэтавым накіраванні быў размеркаваны ў Песачанскую школу, дзе выкладаў родную мову і літаратуру, потым была праца ў маладзёжнай арганізацыі. Але заўсёды была нейкая нябачная цяга да журналістыкі, асабліва хацелася працаваць на радыё. Галасы, якія чуў з прыёмніка, вабілі да сябе, імкнуўся даведацца, хто ж гэта так цікава даносіць да нас інфармацыю. І вось самому пашчасціла апынуцца на іх месцы. Працаваць на Капыльскім раённым радыё пачынаў з дыктара, пазней быў прызначаны на пасаду загадчыка аддзела радыё і інфармацыі. Паралельна пісаў матэрыялы і для друкаванага выдання.
Пра калег-таварышаў
Не ўсё атрымлівалася, ды і зараз часам узнікаюць цяжкасці, але слушныя, мудрыя парады калег, прафесіяналаў дапамагаюць зацвердзіцца ў журналістыцы. Сваім вопытам і майстэрствам заўсёды дзяліліся Марыя Шэіна, Таццяна Раіцкая, Уладзімір Скрыпінскі, Іван Ігнатчык, азы журналісцкай прафесіі, можна сказаць, спасцігалі разам з Маргарытай Саковіч, Любоўю Пятровай, Аленай Галіноўскай, Анжэлай Волчанкай, Інай Беркі, Сяргеем Лазоўскім. Памятаю, як пісалі матэрыялы ўручную на паперы або на друкарскай машынцы, крыху пазней з’явіліся камп’ютары. Для таго, каб стварыць аператыўную заметку, бывала, вечарам ці нават ноччу расшыфроўвалі запіс тэксту з дыктафона, потым прыступалі да напісання інфармацыі. Адна з маіх калег, як кажуць, сумяшчала прыемнае з карысным, і нават прызвычаілася займацца творчасцю, прымаючы ванну.
Мы атрымліваем асалоду ад таго, наколькі наша праца пашырае чалавечыя гарызонты. Згадзіцеся, далёка не кожны мае магчымасць такога дыяпазону зносін: ад даяркі да губернатара або памочніка Прэзідэнта, ад бабы Мані, якая ў сваёй вёсцы лепш за ўсіх пірагі пячэ ці памідоры вырошчвае, да заслужаных артыстаў, кампазітараў, пісьменнікаў і г.д. Журналістыка робіць жыццё больш цікавым. Гэта своеасаблівае задавальненне, гэта радасць, гэта заўсёды адкрыццё.
А як жа без змен?
З цягам часу, як і ў любой сферы, у журналістыцы ідуць змены. Тэхнічна яна стала больш развітой. Дзякуючы інтэрнэту ў прадстаўнікоў гэтай творчай прафесіі з’явіліся новыя інструменты для рэалізацыі сваёй прафесійнай дзейнасці, новыя формы падачы матэрыялаў, паскорылася магчымасць данясення інфармацыі да чытача ці гледача. Шмат у чым прыйшоў на дапамогу штучны інтэлект. Аднак ён усё роўна не можа поўнасцю замяніць чалавека. Як і раней, патрабуецца дасканалая вычытка матэрыялаў, пераправерка фактаў. Без гэтага напісанне дакладнай інфармацыі немагчыма. Час і чытач патрабуюць больш аналітычных, надзённых матэрыялаў. Шмат увагі надаецца вырашэнню пытанняў насельніцтва, асабліва зададзеных праз сацыяльныя сеткі і непасрэдна ў рэдакцыю. Усе яны змяшчаюцца на старонках газеты.

Комментарии