– Зараз выступіць госця з Гродна, паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі – Вольга Алізар.
Выходжу на сцэну. Шчыра дзякую арганізатарам за запрашэнне і кажу:
– З аднаго боку, я для вас госця, а з другога – свая…
На самой справе гэта так і ёсць.
У Гродна я жыву даўно – 17 гадоў. Тут я выйшла замуж, і тут нарадзіліся мае дзеці. Але ж прыехала я ў гэты горад з Капыльшчыны – з куточка, дзе прайшло маё дзяцінства і дзе склаліся мае першыя вершы. Менавіта Капыльшчына стала пачаткам майго творчага шляху. Зямля, на якой нарадзіліся Алесь Адамовіч, Цішка Гартны, Анатоль Астрэйка, Кузьма Чорны, Адам Русак, Ян Скрыган і інш. Усе гэтыя творцы пражылі насычанае жыццё і ўнеслі значны ўклад у літаратуру.
На Капыльшчыну мы пераехалі з Палесся. Як зараз памятаю – гэта была зіма, пачатак года. На вуліцы ляжаў снег. Ціснуў мароз. Бацькі ўладкаваліся на працу ў адзін з калгасаў раёна і ў невялічкай вёсачцы Вялешына ім адразу далі хату. Мы пачыналі новае жыццё.
Шчыра скажу – было складана. Па-першае, была зіма. У хаце да нас доўгі час ніхто не жыў, і, каб нам было ў ёй цёпла і ўтульна, трэба было яе нагрэць. Дроў у нас не было. Людзей мы не ведалі. Дзякуй богу, дапамагала кіраўніцтва калгаса. Па-другое, патрэбна было «прыстроіць» дзяцей. Ні садка, ні школы ў вёсцы не было, таму нам прыходзілася кожны дзень ездзіць у Капыль. Ад’язджалі зацемна і прыязджалі цёмначы. Бацькі ўвесь час працавалі: матуля – на ферме, тата – трактарыстам. Хоць я была яшчэ зусім малая, ужо тады ра-зумела, што бацькам вельмі няпроста, але яны робяць усё дзеля таго, каб нам жылося добра. Не раз бачыла, як матуля, прыходзячы з працы, сядала за стол і нешта доўга думала. Часам чула яе размову з татам аб тым, што цяжка пачынаць усё з пачатку, што, можа, яны памыліліся з выбарам месца для жыхарства – пра ўсё балела сэрца матулі, пра ўсіх яна непакоілася. Але мы справіліся! Дзень за днём, год за годам – і вось ужо цяпер мы гаворым пра тое, што лепшага месца для жыцця быць не магло.
У гэтай вёсцы прайшло наша з братамі дзяцінства. Мы раслі і захапляліся прыгажосцю капыльскай прыроды, а ўласцівыя Капыльшчыне ўзгоркі здаваліся нам ужо не такімі неадольнымі, як спачатку. Час рабіў сваю справу – трывала прывязваў нас да гэтай зямлі. Іншы раз збяромся ўсе разам і пачынаем успамінаць мінулае. Усяго хапала, але вось мёрзлы вінаград запомніўся ўсім аднолькава…
Каля ганка расла высокая груша, а па грушы поўз вінаград. Гаспадароў не было, і сабраць восенню ўраджай, адпаведна, не было каму. Надышла зіма, і вінаград замёрз. Мы з братамі рвалі гэтыя мёрзлыя ягады, клалі ў місачку і засоўвалі ў печ, а калі яны размярзалі, з вялікай прагнасцю елі. Для нас гэта быў самы смачны ласунак. Мне здаецца, што я і зараз адчуваю яго пах і смак.
Сёння, канешне, наша хата – якую мы з пашанай называем бацькоўскай – мае іншы выгляд. І падворак змяніўся. І грушы ля ганка няма. Але ёсць вінаград і тая капыльская зямля, якая шмат гадоў таму прыняла нас да сябе. Не ведаю чаму, але мне здаецца, што Капыльшчына – гэта маці. Маці не толькі для тых, хто нарадзіўся там, але і для тых, хто прыехаў з чужыны. Яна не цікавіцца, хто ты і чаму ты тут, яна прытуляе да сэрца і з усіх бакоў шчыльна агортвае любоўю. Не дзіўна, што там нарадзілася столькі знакамітых людзей. І яшчэ народзіцца – я ў гэтым упэўнена!
Вольга Алізар, г. Гродна
Малюнак Уладзіміра Швайбовіча

Комментарии