Шлях да эпіцэнтра ўрачыстасці пачынаўся з духоўнага настрою. Арганізатары мудра расставілі акцэнты: на самым уваходзе гасцей сустракала ўнікальная тэматычная выстава карцін, падрыхтаваная ўстановамі культуры і адукацыі раёна. Работы, прысвечаныя Даравальнай нядзелі, прымушалі на імгненне запаволіць крок і задумацца аб самым важным.
Але якая ж Масленіца без шчодрага пачастунку? Тут, каля сцэны, разгарнулася сапраўднае кулінарнае спаборніцтва. Ад цікавага і ўзвышанага людзі пераходзілі да самага смачнага. Супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея і цэнтральнай бібліятэкі падрыхтавалі для ўдзельнікаў свята сюрпрыз у лепшых традыцыях даўніны. Самавары, што ззялі на яркім сонцы, сталі цэнтрам прыцягнення. Чай з лёгкім водарам дымку разліваўся па кубках, саграваючы не толькі рукі, але і душы.
Сапраўдныя кулінарныя шэдэўры прадставілі сельскія дамы культуры. Майстрыхі з Лясноўскага ЦКіД, Старыцкага, Быстрыцкага і Душаўскага СДК, Скабінскага клуба-бібліятэкі накрылі шыкоўныя сталы. Залацістыя, як само сонца, карункавыя і тонкія, бліны суседнічалі з пышнымі аладкамі. Начынкі здзіўлялі разнастайнасцю: ад класічнага хатняга варэння і духмянага мёду да сытных варыянтаў з тварагом, мясам, ікрой.
Аднак Масленіца – гэта не толькі дэгустацыя, але і маладзецкая ўдаласць. Сагрэцца ў гэты дзень можна было не толькі гарачым чаем. Прадстаўнікі раённых арганізацый БРСМ, БСЖ, «Белай Русі» і Капыльскага дзяржаўнага каледжа падрыхтавалі маштабны тэматычны квэст, які не даваў сумаваць ні дзецям, ні дарослым. На кожнай інтэрактыўнай станцыі неабходна было выканаць заданне на кемлівасць, веданне традыцый ці проста на ўдачу. Дзесьці ўдзельнікаў чакала сур’ёзнае апытанне на веданне гісторыі краю, дзесьці прапаноўвалі згуляць у арыгінальныя блінныя «крыжыкі-нулікі», выкарыстоўваючы замест фішак стылізаваныя фігуркі.
Галоўнай падзеяй дня, якую чакалі з асаблівым нецярпеннем, з’явіўся «Блін-батл». Канкурсанткі спаборнічалі ў хуткасці і спрыце, расказвалі рэцэпты сваіх самых незвычайных бліноў, якія перадаюцца ў сем’ях з пакалення ў пакаленне. Адным з самых яркіх этапаў стала міні-паласа перашкод, якую трэба было прайсці, не ўпусціўшы ніводнага бліна з талеркі. Затым наступіла хвіліна ісціны для гурманаў: удзельніцы вызначалі гатункі хатняга джэму на смак, праяўляючы цуды дэгустацыі. Асобна ацэньвалася і майстэрства падачы – дзяўчаты дэманстравалі ідэальную геаметрыю загортвання начынкі. Журы прыйшлося нялёгка, але выбар быў зроблены. Ганаровы тытул лепшай майстрыхі заваявала Святлана Ус, зусім крыху ёй саступілі Мілана Мароз і Аксана Мелюх, якія таксама атрымалі заслужаныя апладысменты і... сертыфікат на бліны!
Усю святочную праграму суправаджала жывая заліхвацкая музыка. За насычаную канцэртную частку ў гэты дзень адказвалі сапраўдныя прафесіяналы – майстры сцэны Капыльскага раённага цэнтра культуры - народны тэатр гульні і гумару «Капыльскія пацехі» (рэжысёр - Любоў Галубовіч) і «Лоцвінскія ўдалухі». Музычным сэрцам свята стала выступленне народнага ансамбля народнай песні «Спадчына». Кожная іх песня адгукалася ў сэрцах слухачоў, прымушаючы ісці ў скокі цэлыя сем’і.
І вось наступіў доўгачаканы момант – абрад спальвання чучала Масленіцы, якое сімвалізуе зіму, што сыходзіць з усімі яе нягодамі. Але перад тым, як агонь дакрануўся да саламянай лялькі, капыляне выканалі важныя рытуалы. Каб пакінуць усё дрэннае ў мінулым, самыя смелыя пакаталіся на качарзе. Гэта старадаўняя забава выклікала буру эмоцый у дзяцей. На ляльку павязвалі яркія стужкі, загадваючы пры гэтым самыя запаветныя жаданні, якія абавязкова павінны спраўдзіцца з прыходам вясны.
Полымя ўспыхнула ярка і хутка. Чучала згарэла дашчэнту, а людзі ўзяліся за рукі і аб’ядналіся ў адзіны карагод. Праважаючы зіму песнямі і смехам, Капыль яшчэ раз даказаў: мы ўмеем не толькі ўпарта працаваць, але і сустракаць новае жыццё з адкрытай душой і гарачым сэрцам. Чакаем вясну!
Фота аўтара

Комментарии