Ліквідуюць наступствы цыклону
На тэрыторыі Бучацінскага сельсавета працягваюць ліквідаваць наступствы магутнага цыклону «Улі». Работнікі мясцовых арганізацый ЗАТ «Жыліхава» і ААТ «Ціміразеўскі», а таксама «ДРБУ № 124» актыўна ўдзельнічаюць у расчыстцы населеных пунктаў, дарог, вуліц, пад’ездаў да могілак і прыпыначных пунктаў. Увага надаецца забеспячэнню даступнасці пад’езду да сацыяльных аб’ектаў: ФАПаў, пошты, пажарнага паста, клубаў і крам.
Планы на рэканструкцыю
Праведзены сельскі сход грамадзян у вёсцы Выгода. Асноўнай тэмай стала абмеркаванне планаў па мадэрнізацыі існуючай сістэмы вулічнага асвятлення. Сустрэча прайшла пры ўдзеле прадстаўнікоў энергетычнага сектара – работнікаў Капыльскіх і Слуцкіх электрычных сетак. Прадстаўленыя спецыялістамі тлумачэнні на пытанні выклікалі жывую цікавасць удзельнікаў сустрэчы.
Маніторынг жылых памяшканняў
У сувязі з маразамі, якія ўзмацніліся ў студзені, праводзяцца абследаванні домаўладанняў грамадзян. Асноўная ўвага надаецца адзінокім і адзінока пражываючым, інвалідам, шматдзетным сем’ям і сем’ям, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама людзям, схільным да злоўжывання алкаголем.
За першы месяц бягучага года праверана ўжо 66 домаўладанняў. Агульная колькасць падлеглых агляду складае каля 520 аб’ектаў нерухомасці. Асаблівую ўвагу спецыялісты звяртаюць на стан пячнога ацяплення, паколькі менавіта яно часта становіцца прычынай узгаранняў і няшчасных выпадкаў. Як падкрэсліла старшыня Бучацінскага сельвыканкама Святлана Сташаніна, рэгулярныя прафілактычныя мерапрыемствы накіраваны на забеспячэнне максімальнай бяспекі жыхароў і прадухіленне надзвычайных здарэнняў на тэрыторыі сельсавета.
Клопат пра старэйшых
Падчас дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы» прадстаўнікі сельвыканкама сумесна з супрацоўнікамі Бучацінскай сельскай бібліятэкі наведалі пажылых жыхарак, якія ў студзені адзначалі свае дні нараджэння (на здымку). Асаблівую ўвагу заслужылі 98-гадовая На-дзея Макараўна Страленя і 94-гадовая Надзея Сцяпанаўна Страленя. Акрамя пажаданняў моцнага здароўя, дабрабыту і доўгіх гадоў актыўнага жыцця, госці паднеслі імянінніцам сімвалічныя падарункі як знак павагі і падзякі сучаснага пакалення да ветэранаў працы.
Радасная падзея
Пачатак 2026 года адзначыўся прыемнай падзеяй – у в. Бучаціна нарадзілася дзіця. Першая дзяўчынка, якая з’явілася на свет у гэты халодны зімовы месяц, стала цэнтрам увагі для родных і блізкіх.

Комментарии