Папярэднічала асноўнай дзеі насычаная культурная праграма, якая дапамагла гасцям свята цалкам пагрузіцца ў атмасферу беларускіх Каляд. Яшчэ да таго, як на вуліцах з’явіліся першыя паходні, публіку «разагравалі» артысты Капыльскага РЦК, якія прадставілі яскравую тэатральную пастаноўку па матывах народных паданняў. Дрэнны настрой ва ўсіх прысутных імгненна знікаў дзякуючы трапным жартам «Лоцвінскіх удалух». Сапраўдную іскрынку ў свята дадала хітрая цыганка – Людміла Ніжэвіч, якая па-майстэрску запрашала і забірала мужчын танцаваць задорны падыспан. Не засталіся госці і без пачастункаў: супрацоўніца Капыльскага ТЦСАН Наталля Сафронава шчодра на-дзяляла свежай выпечкай.
Для тых, хто хацеў пакінуць памяць пра свята і ў лічбавым фармаце, працавала тэматычная фотазона ад раённага краязнаўчага музея. Тут можна было зрабіць крэатыўныя здымкі з аўтэнтычнымі каляднымі маскамі. Дапоўніла атмасферу прыгожага і высокага выстава работ навучэнцаў Капыльскай ДШМ, прысвечаная калядам. Задаць рытм святу прыехалі госці з Любанскага раёна: пад кіраўніцтвам вядомага этнахарэографа Сяргея Выскваркі яны прадэманстравалі неардынарнасць і самабытнасць беларускіх народных танцаў, уцягваючы ў кола шматлікіх турыстаў і мясцовых жыхароў.
Абрад «Калядныя цары» непарыўна звязаны з унікальнай мясцовай кухняй, многія стравы якой можна пакаштаваць толькі тут. Таму святочны кірмаш у Семежаве, – гэта сапраўдны рай для гурмана. Мяса, хатнія каўбасы і мноства страў беларускай кухні былі прадстаўлены сельгаспрадпрыемствамі Капыльшчыны. Галодным госцю не сысці.
Нараджэнне традыцыі
Гісторыя семежаўскіх «ца-роў» – гэта прыклад таго, як знешні культурны ўплыў пусціў глыбокія карані ў мясцовую глебу. Вытокі абраду ўзыходзяць да мяжы XVIII і XIX стагоддзяў. У тыя часы ў Семежаве кватараваў атрад царскай арміі. Салдаты, жадаючы павіншаваць мясцовых жыхароў з Ка-лядамі, абыходзілі дамы з тэатралізаванымі прад-стаўленнямі, спалучаючы элементы ваеннага строю з традыцыйным калядаваннем.
Калі вайскоўцы пакінулі вёску, традыцыя не знікла. Людзі настолькі натхніліся яркімі вобразамі, што адаптавалі іх на свой лад. З часам строгая ваенная выпраўка злучылася з беларускім гумарам, абрадавымі песнямі і мясцовай міфалогіяй. Так узнік самабытны народны тэатр, аналагаў якому няма ні ў адным іншым рэгіёне краіны.
Сюжэт скрозь стагоддзі
У кожным доме, куды заглядваюць калядоўшчыкі, разыграўся фрагмент народнай драмы «Цар Максіміліян». Гэта класічная гісторыя супрацьстаяння, спрэчак і сімвалічных бітваў. Абавязковым элементам пастаноўкі з’яўляецца сцэна з Лекарам, які камічна «лечыць» цара Мамая.
Для жыхароў Семежава візіт «цароў» – добрае прадвесце. Лічыцца, што ўдзел у абрадзе прыносіць дому мір, лад і дастатак на ўвесь наступны год. Менавіта таму падрыхтоўка да сустрэчы працэсіі пачынаецца задоўга да свята: гаспадары нарыхтоўваюць лепшыя пачастункі. Яны вераць, што шчодрасць у гэты вечар напрамую ўплывае на будучы ўраджай і сямейны дабрабыт.
Жывая спадчына
«Калядныя цары» ў Семежаве не ператварыліся ў застылы музейны экспанат. Гэта па-ранейшаму жывы абрад. Тут існуюць цэлыя дынастыі, дзе права насіць «царскі» касцюм перадаецца ад дзеда да ўнука. Абрад даказвае: традыцыя жывая да таго часу, пакуль яна патрэбна людзям.
Фота аўтара

Комментарии