Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Весна врасплох не застанет: как аграрии Копыльщины готовят технику к посевной

17.01.2026

Аграрыі Капыльскага раёна разумеюць: поле чакаць не стане. Таму гатоўнасць сельгастэхнікі да веснавых палявых работ – задача № 1. Яе выкананне – на асабістым кантролі старшыні райвыканкама Сяргея Пілішчыка, бо на лінейцы гатоўнасці тэхніка павінна быць не пазней за 1 сакавіка.

– Усімі гаспадаркамі яшчэ ў кастрычніку–лістападзе распрацаваны планы-графікі падрыхтоўкі тэхнікі да веснавых палявых работ, – адзначае начальнік аддзела раслінаводства, жывёлагадоўлі і механізацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Андрэй Мамчыц. – Вызначаны неабходныя аб’ёмы і тэрміны рамонту, асобныя поўнакамплектныя машыны, а таксама вузлы і агрэгаты здадзены на спецыялізаваныя рамонтныя прадпрыемствы. Таксама распрацаваны графік забеспячэння гатоўнасці тэхнікі да палявых работ па раёне ў цэлым. І ўжо з лістапада мінулага года работам дадзены старт.

З 16 па 27 лютага, згодна з рашэннем райвыканкама, будзе праведзены дзяржаўны тэхнічны агляд трактароў і прычэпаў. Як паведаміў галоўны дзяржаўны інспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Валерый Прахарэня, па стане на сярэдзіну студзеня тэхніка гатова толькі на 70%, частка яшчэ падлягае абслугоўванню. Безумоўна, адбіваецца тое, што ў гаспадарках не хапае кадраў, бо на гэты момант некаторыя механізатары знахо-дзяцца ў водпусках, некаторыя задзейнічаны на іншых сельгасработах. Уплывае і недахоп грашовых сродкаў.

– У асноўным запасныя часткі маюцца, але ёсць складаныя пазіцыі, асабліва па імпартных трактарах. У трох гаспадарках яны няспраўныя, – падкрэсліў Валерый Прахарэня. – У прыватнасці, у ААТ «Семежава» неабходна адшукаць на рамонт «Джон Дзіра» каля 60 тысяч, трактар прастойвае дзесьці з кастрычніка мінулага года. Але адзначу, што згодна з указам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, па лініі лізінгу да пасяўной плануецца  набыць 12 энерганасычаных трактароў у гаспадаркі нашага раёна. Значная нагрузка па рамонце ўскладзена на ААТ «Капыльскі райаграсэрвіс». Ёсць сельгаспрадпрыемствы, дзе тэхніка, можна сказаць, састарэла, яе проста не хапае на ўсе плошчы. Напрыклад, у КСУП «Доктаравічы» і ААТ «Ціміразеўскі». Яшчэ адзначу, што да 1 лютага неабходна паставіць на лінейку гатоўнасці агрэгаты «Раса» (іх у раёне 25), таму што яны першымі вый-дуць у поле на падкормку азімых, рапсу, траў і г. д.

Асноўны ж фронт бягучых работ – на плячах інжынерных служб, механізатараў, звар-шчыкаў і слесараў сель-гаспрадпрыемстваў. І таму гэтымі днямі ў майстэрнях па-сапраўднаму горача. У гэтым упэўніліся, калі пабывалі ў некаторых гаспадарках раёна.

Пад’язджаючы да мехдвара СГФ «Руднае», мы пачулі, што праца кіпіць. Зварка, гоман, ляск металу і стук прылад – механізатары завіхаюцца над машынамі і агрэгатамі. Трактарысты-машыністы Яўген Лагавы і Сяргей Волкаў заняты бягучым рамонтам культыватара. Усё – пад пільным кантролем загадчыка майстэрні Уладзіміра Лагішынца.

Дарэчы, у гаспадарцы ў наяўнасці 41 трактар (спраўных 32, або 78%), з якіх шэсць – энерганасычаныя, два буйнагабарытныя пасяўныя агрэгаты, пяць абаротных васьмікорпусных плугоў, два самаходныя ўніверсальныя сродкі «Раса» для ўнясення мінеральных угнаенняў, правядзення падкормак.

– Сёння ўсе старанна працуюць на рамонце тэхнікі, так што да палявых работ будзем поўнасцю гатовы ў вызначаны тэрмін, – падкрэслівае Уладзімір Лагішынец. – Кажуць, што зіма – час адпачынку для вяскоўцаў. Так, у асноўным водпускі ў нас прыпадаюць на гэтую пару, але рамонт тэхнікі ніхто не адмяняў. Часам трэба не проста гайку падкруціць, але і як след руку прыкласці, каб трактар або агрэгат працаваў як гадзіннік. У пасяўную будзе не да рамонтаў.

Адказна, з разуменнем важнасці пастаўленых задач вядуць рамонт работнікі філіяла «Вялікая Раёўка». Па словах дырэктара сельгаспрадпрыемства Сяргея Карсюка, у гаспадарцы няма праблем з тэхнікай. Машынна-трактарны парк тут прадстаўлены шырокай лінейкай сучасных і шматфункцыянальных агрэгатаў. Сяргей Мікалаевіч свой калектыў хваліць і ў выніку падрыхтоўкі не сумняваецца.

– Наша рамонтная майстэрня ўкамплектавана спецыялістамі. Яны – майстры на ўсе рукі і сваю працу ведаюць. Адразу пасля восеньскіх работ прыступілі да рамонту. Закупілі запчасткі і матэрыялы для таго, каб абнавіць сельскагаспадарчую тэхніку. У асноўным праведзены работы па аднаўленні тых агрэгатаў, якія аднымі з першых выйдуць на вясновыя палі. Гэта плугі, культыватары, агрэгаты камбінаваныя шыроказахопныя, пасяўныя агрэгаты, раскідвальнікі мінеральных і арганічных угнаенняў, універсальны энергетычны самаходны сродак «Раса», – падкрэсліў Сяргей Карсюк. – Энерганасычаныя трактары і пасяўныя агрэгаты ўжо цалкам гатовы.

У момант нашага наведвання ў майстэрні зварачнымі работамі займаўся Юрый Паніч, а бягучым рамонтам трактара – механізатар Мікалай Лук’янчык.

Прыемна, што ў вытворчых памяшканнях утульна і па-свойму чыста, ды і настрой у людзей аптымістычна-працоўны. Умовы для правядзення рамонту і камфорту работнікаў створаны добрыя: майстэрня ацяпляецца, ёсць пакой прыёму ежы, пакой адпачынку, душавыя.

Фота аўтара


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей