Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Копилка воспоминаний – чем порадовал и удивил копылян 2025 год?

31.12.2025

На календары апошнія дні снежня. Традыцыйна ў гэты час мы падводзім вынікі адыходзячага года. Што ўдалося зрабіць, якія мары спраўдзіліся, а якія падзеі пакінулі глыбокі след і яркія ўспаміны? Пра гэта мы  даведаліся ў нашых чытачоў.

Юрый МАЛОЧКА, намеснік пракурора Капыльскага раёна:

– 2025 год стаў новым этапам у маім жыцці, які даў магчымасць даказаць свае здольнасці служыць грамадзянам і дзяржаве на пасадзе намесніка пракурора Капыльскага раёна. Ён запомніўся мне не толькі зменай месца працы, але і месца жыхарства. Сёлета я прыехаў з Любаншчыны на Капыльшчыну, пазнаёміўся тут з многімі людзьмі і новым калектывам. Кола абавязкаў у мяне стала больш шырокае, новая пасада прынесла больш адказнасці, але, у той жа час, яна дала шмат новых знаёмстваў, сустрэч і абмеркаванняў.

Святлана КАЛЕВІЧ, настаўнік СШ № 2 г. Капыля:

– Адыходзячы год быў для мяне плённым і паспяховым у педагагічнай дзейнасці. Я прадставіла сваю працу на Міжнародным комплексным форуме «Настаўнік школы будучыні», які праходзіў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. А таксама дзялілася сваімі педагагічнымі практыкамі з педагогамі ў ДУА «Акадэмія адукацыі», у Гомельскім і Мінскім абласных інстытутах развіцця адукацыі і інш. Мае навучэнцы неаднаразова станавіліся пераможцамі міжнародных навукова-практычных канферэнцый у рамках Асацыяцыі школ Беларусі і Расіі, пераможцамі абласных творчых і інтэлектуальных конкурсаў.

Алена КУНЦЭВІЧ, начальнік малочна-таварнага комплексу «Лоцвіны» УП «ПІК-Лясное»:

– 2025 год падарыў мне шмат цёплых успамінаў, яркіх момантаў і незабыўных сустрэч. Вядома, не ўсё атрымлівалася, як хацелася б, не ўсё задуманае спраўдзілася. Але для мяне гэта толькі стымул, каб не стаяць на месцы і рухацца наперад, імкнуцца да лепшага. Адыходзячы год вызначыўся новым этапам у працоўнай дзейнасцi. Запомніўся ўдзел у рэспубліканскім форуме вёскі ў Мінску, атрымала ўзнагароду ад Мінаблвыканкама падчас падвядзення вынікаў абласнога спаборніцтва за найлепшыя вынікі ў развіцці АПК. Радуюць сёлета паказчыкі нашага комплексу: за 11 месяцаў мы атрымалі больш за 8650 кг малака ад адной каровы, у суткі доім каля 25 кг, удзельная вага рэалізацыі гатункам экстра – 97,2%.

Мікіта СЯНЬКЕВІЧ, выпускнік СШ № 2 г. Капыля:

– Мінулы год прайшоў насамрэч так хутка. Здавалася, быццам экзамены зусім блізка, а яшчэ гэтулькі трэба паўтарыць. Ужо праз імгненне быў выпускны і... залаты медаль у мяне ў руках. Неўзабаве ўсе аднакласнікі паступілі і раз’ехаліся па новых мясцінах. Хачу перадаць словы ўдзячнасці сваім настаўнікам, бо яны заўсёды жадалі нам усяго самага найлепшага. Магу сказаць, што гэты год быў адным з самых запамінальных. Паступіў я ў БДУ на факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. Хаця я студэнт усяго толькі паўгода, але ўжо спазнаў універсітэцкае жыццё, насычанае новымі адкрыццямі і знаёмствамі. Жадаю ўсім поспехаў і здароўя ў надыходзячым 2026-м!

Таццяна ВОЛКАВА, народны майстар Беларусі, загадчык раённага цэнтра ткацтва Капыльскага раёна:

– Гэты год не расчараваў мяне, быў удалым, таму не хочацца з ім развітвацца. Родныя і блізкія людзі жывыя і здаровыя.  Сын з высокім вынікам скончыў школу і паступіў у Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. Ёсць дасягненні і на працоўнай ніве. Сёлета раённы цэнтр ткацтва адзначыў 20-годдзе плённай працы. Разам з калегамі і навучэнцамі школы ткачоў на працягу года станавіліся лепшымі ў розных творчых конкурсах, у тым ліку і міжнародных. Удзел у фестывалях рамёстваў, што праходзілі ў Індыі, Дагестане і Узбекістане, узбагаціў маю жыццёвую скарбонку цёплымі ўспамінамі і яркімі ўражаннямі. Дзякуй гэтаму году за насычанасць, дынамічнасць і неверагоднае адчуванне паўнаты жыцця.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей