Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

От семян до урожая: как аграрии Копыльского района готовятся к весне

17.12.2025

Завяршыўшы ўвесь комплекс сельска-гаспадарчых работ, хлебаробы сталі рыхтавацца да наступнай вясенне-пасяўной кампаніі.

За зіму ім трэба не толькі адрамантаваць тэхніку, але і падрыхтаваць насенны фонд. Бо якасны пасяўны матэрыял – сапраўдны залог будучага добрага ўраджаю.
– Насенне яравога ячменю прадстаўляюць сем сартоў айчыннай і замежнай селекцыі кармавога і піваварнага прызначэння: Фэст, Аванс, Калдун, ЛГ Бельканта, Абба, Карнет, Рэйдар, – расказвае начальнік дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін па Капыльскім раёне – дзяржаўны інспектар Валянціна Кухарчык. – Таксама для вясенняй пасяўной плануецца набыццё сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі не менш як 120 тон эліты. Шэраг гаспадарак падалі заяўкі ў ААТ «Белсолад» на насенне ячменю эліты і першай рэпрадукцыі піваварных сартоў.
Як адзначыла спецыяліст, заўсёды ёсць верагоднасць сутыкнуцца з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я. На стан азімых культур могуць паўплываць, скажам, раннія замаразкі без снежнага покрыва ці, наадварот, снег можа выпасці на незамерзлую зямлю. Так што тут не адгадаеш з тэрмінамі сяўбы, не прадугледзіш капрызы матухны-прыроды. Адсюль і гібель азімых культур, плошчы якіх неабходна будзе перасяваць.
Аграрыі ведаюць, што мець вялікі запас насення яшчэ недастаткова. Неабходна ачысціць яго ад пустазелля і прымесей іншых культур, каб атрымаць якасны кандыцыйны матэрыял. Таму праца ў гэтым напрамку вядзецца поўным ходам.
На дадзены момант у раёне насенне яравых збожжавых і зернебабовых культур ачышчана і засыпана ў месцы захоўвання ў 11 сельгаспрадпрыемствах, а ААТ «Капыльскае», «Праснакі» і філіял «Лакнея» плануюць яго закупляць у поўным аб’ёме.
Не першы год існуе праблема адсутнасці машын для другаснай дапрацоўкі насення ў шэрагу гаспадарак. Таму ў гэтым сезоне ААТ «Ціміразеўскі», дарэчы, адзіны ў раёне, дзе ёсць комплекс па ачыстцы і дапрацоўцы, аказаў паслугі па дапрацоўцы насеннага матэрыя-лу ААТ «Піянер-Агра» і КСУП «Доктаравічы». Аператарамі зерне-ачышчальнай машыны не першы год працуюць Уладзімір Мяшэчак і Юрый Бельскі. Ад іх прафесіяналізму шмат у чым залежыць захаванасць ураджаю. Працоўную вахту спецыялісты комплексу вядуць практычна круглы год, з невялікім зімовым перапынкам. Яны сочаць за тым, каб не дапусціць паломак і непаладак у рабоце сістэм і механізмаў машыны. Мужчыны ўзгадваюць, што сёлета бывалі нязначныя паломкі, якія аператыўна ўхіляліся. Так што затрымак у працы ўдалося пазбегнуць.
Насенне шматгадовых траў, згодна з даведзеным Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі графікам, павінна быць ачышчана і праверана на пасяўныя якасці ў тэрмін да 25 снежня гэтага года. Шэраг сельгаспрадпрыемстваў ажыццяўляюць ачыстку да пасяўных кандыцый у арганізацыях за межамі раёна.
Пасля ачысткі насення спецыялісты раённай інспекцыі, як і павінна быць, адбіраюць у гаспадарках пробы ад кожнай партыі і праводзяць аналізы пасяўных якасцей: на ўсходжасць, вільготнасць, засмечанасць, вызначаюць масу і іншае. Яны выносяць свой «вердыкт» аб прыдатнасці матэрыялу да сяўбы. Калі ж выяўляюцца партыі некандыцыі, то іх сяўба строга забаронена законам Рэспублікі Беларусь «Аб насенняводстве».
Каб атрымаць высокі ўраджай, аднога кандыцыйнага насення для гэтага недастаткова. Трэба строга выканаць усю тэхналогію вырошчвання культур, а гэта правільны выбар папярэднікаў, унясенне мінеральных угнаенняў, падрыхтоўка глебы, пратручванне насення з наступнай сяўбой, абаронай раслін ад шкоднікаў і пустазелля. Але гэтыя мерапрыемствы будуць праводзіцца вясной і летам наступнага года, а цяпер асноўная работа ў раслінаводстве – падрыхтоўка якаснага насеннага фонду. Як кажуць у такім выпадку, што пасееш, тое і пажнеш.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей