Прайшоўшы спецыяльную праверку па лініі райкама партыі, усведамляла, якая адказнасць ускладзена на мяне за кожнае слова, за кожны рэпартаж. Першым настаўнікам у гэтай справе стала Тамара Сяргееўна Корзун, якая разам з дыктарам Рыгорам Швецам (ён і намеснік рэдактара) былі жаданымі ў кожнай сям’і шмат гадоў. Праявіўшы сябе як на пасадзе сакратара партыйнай арганізацыі рэдакцыі газеты «Слава працы», так і на пасадзе арганізатара радыё, Тамара Сяргееўна атрымала запрашэнне на працу ў РК КПБ.
У той час аддзел радыёвяшчання ўваходзіў у структуру дзейнасці раённай газеты. І калі на першым часе кожную праграму «праглядваў» рэдактар Віктар Адамавіч Семянкевіч па ўзгадненні з райкамам партыі, то пазней было дадзена больш самастойнасці. Планаванне і арганізацыя кожнага выпуску поўнасцю леглі на арганізатара, тым больш, што я ўжо была кандыдатам у члены КПСС. У тыя гады адказныя ўчасткі работы давяралі толькі камуністам.
Разам з супрацоўнікамі рэдакцыі ўпраўленне сельскай гаспадаркі, народнага кантролю і іншых арганізацый выязджалі на раён, дзе «нараджаліся» рэпартажы, інтэрв’ю. Тры разы на тыдзень разам з дыктарам Рыгорам Швецам агучвалі перадачы, якія пачыналіся словамі: «Гаворыць Капыль! Добрай раніцы!»
І калі на першым часе кожную праграму «праглядваў» рэдактар Віктар Адамавіч Семянкевіч па ўзгадненні з райкамам партыі, то пазней было дадзена больш самастойнасці...
Радыёстудыя спачатку знаходзілася ў райвыканкаме на трэцім паверсе (першы кабінет ад лесвіцы злева). Хто працаваў тады ў аддзеле адукацыі, памятаюць, як высвечвалася вывеска з надпісам: «Тихо! Идет запись!..» Пасля, у 80-х гадах, пабудавалі новы раённы вузел сувязі, дзе на трэцім паверсе ў аддзяленні электрасувязі абсталявалі студыю. Мантаж рабілі на ўсё тым жа старым магнітафоне МЭЗ (Маскоўскі эксперыментальны завод) выпуску 1950 года, спісаным рэдакцыяй Беларускага радыё. І хаця яму было шмат гадоў, кожная перадача запісвалася якасна. Дарэчы, на такім абсталяванні працавалі ў кожным раёне, бо набыць сучасную тэхніку было не па кішэні. Таму мы рады былі ўсяму, што даставалася нам з Мінска пасля спісання. Вось толькі перамотка магнітнай стужкі патрабавала акуратнасці, бо пры парушэнні хуткасці яна вылятала з бабін. Мантаж трэба было рабіць па-новаму. А гэта не адна гадзіна работы. Апаратура вышынёй больш за метр так награвалася, што летам немагчыма было сядзець у студыі. Пасля яе замянілі на «Астру». Запіс на выездзе я рабіла на рэпартажным магнітафоне «Рэпарцёр». Адзін з іх, старэйшай мадыфікацыі, знаходзіцца сёння ў раённым краязнаўчым музеі.
У той час вялікая ўвага надавалася і вучобе кадраў. Арганізоўваліся семінары на абласным, рэспубліканскім узроўнях. Вялікая карысць была і ад курсаў павышэння кваліфікацыі. Асабліва ў памяці тыя, што праходзілі ў Белтэлерадыёкампаніі, дзе нас вучыла дыктарскаму майстэрству Галіна Сідзельнікава – заслужаная артыстка БССР. Людзі старэйшага пакалення памятаюць яе голас, празваны ў народзе «голасам Беларусі». Кажуць, што Пётр Машэраў у адным з інтэрв’ю адзначыў: «Калі раніцай уключаю радыё, і навіны чытае Галіна Феліксаўна, значыць, гэты дзень будзе абавязкова паспяховым».
Мне пашчасціла займацца ў сапраўднага майстра слова. Калі яна паслухала запіс перадачы Капыльскага радыё, то тут жа адзначыла: «Вам, Марыя, патрэбен рэжысёр. Вы адчуваеце слова, але не хапае майстэрства пранікнёна данесці яго да слухача. Трэба працаваць над гэтым. Я пастараюся дапамагчы». На занятках яна вучыла нас працаваць з мікрафонам: «Уявіце сабе, што гэта ваш суразмоўца. Размаўляйце з ім».
Урокі дыктара Сідзель-нікавай не прайшлі дарма для мяне. Па-першае, перастала тушавацца перад мікрафонам, павысілася дыктарскае майстэрства. Аб чым сведчыць той факт, што ў 80–90-я гады мінулага стагоддзя мне даручалі весці ўрачыстыя канцэрты на сцэне раённага Дома культуры, агучваць дэманстрацыі на 1 Мая і 7 лістапада.
Пасля працавала над відэа. І першы, можна сказаць, самадзейны фільм пра Капыльшчыну, над якім стараліся разам з аператарам Аляксеем Траццяком, упершыню быў паказаны на адным з каналаў беларускага тэлебачання. Усё гэта надавала сіл і ўпэўненасці.
А колькі цікавых лю-дзей давалі інтэрв’ю! Памятаю, як у РДК з кіруючымі кадрамі сустракаўся першы сакратар Мінскага абкама Камуністычнай партыі Беларусі Малафееў. Пасля заканчэння нарады мне ўдалося пранікнуць за сцэну, каб пагутарыць з Анатолем Аляксандравічам. Цікавіла ў першую чаргу ацэнка дзейнасці працаўнікоў Капыльшчыны. І вельмі абрадавалася, калі пачула станоўчы адказ. Гэта быў сакавік 1989 года. А праз год Малафеева абралі першым сакаратаром ЦК КП Беларусі, членам Палітбюро ЦК КПСС. Яго яшчэ называлі апошнім кіраўніком БССР.
Маімі суразмоўцамі падчас рэпарцёрскай работы былі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Патрыяршы экзарх усёй Беларусі Філарэт, Герой Беларусі, знакаміты канструктар Міхаіл Высоцкі, народныя артысты Расіі Кацярына Шаўрына, Пётр Вельямінаў, Ігар Старыгін, кіраўнік ВІА «Песняры» Уладзімір Мулявін, генеральны дырэктар студыі «Ласкавы май» Андрэй Разін, беларускія артысты Аляксандр Ціхановіч, Ядвіга Паплаўская, Аляксандр Саладуха, паэтэса Яўгенія Янішчыц, чэмпіёнка Аліммпійскіх гульняў, гім-настка Антаніна Кошаль, чэмпіён свету, біятланіст Аляксандр Сыман…
Ніводная перадача не абыходзілася без інтэрв’ю з працаўнікамі, якія шчыруюць на палях і фермах, вучаць дзяцей, лечаць людзей. На ўсё жыццё запомніла сустрэчы з перадавой даяркай фермы «Падгорцы» Нінай Лабацэвіч, механізатарам калгаса «Семежава» Іванам Лянько, механізатарам саўгаса «Крыніца», дэлегатам ХVІІІ з’езда ВЛКСМ Уладзімірам Русаковічам, адзінай у раёне жанчынай-старшынёй калгаса «Ленінец» Нінай Астрэйкай, загадчыцай Душаўскага СДК Зінаідай Шыманскай, дырэктарам СШ № 2 Барысам Багдановічам, хірургам Аляксандрам Корзунам, старшынёй калгаса «Семежава» Іванам Малюжыцам і многімі іншымі.
І сёння ўспамінаю сваю працу на пасадзе карэспандэнта-арганізатара радыёвяшчання як самую захапляючую і цікавую старонку ў сваёй творчай біяграфіі.
Марыя ШЭІНА,
заслужаны журналіст БСЖ

Комментарии