Радком біяграфіі
Парфён Парфёнавіч Чарніковіч нарадзіўся 2 лістапада 1920 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Малыя Страхіні. Бацька, ураджэнец суседняй вёскі Старына, паходзіў з сялян, працаваў цесляром на будаўніцтве грамадскіх калгасных двароў. Маці – на палявых работах у калгасе. У 1935 годзе, калі Парфёну споўнілася 14 гадоў, сям’я Чарніковічаў была пераселена ў Халмагорскі раён Архангельскай вобласці.
1 верасня 1936 года пры наборы вучняў Парфён паступае вучыцца ў Ламаносаўскую школу мастацкай разьбы па косці, якая была вядома ў навакольных вёсках. «Незвычайная справа настолькі ўразіла мяне, – успамінаў Парфён Парфёнавіч, – настолькі зацікавіла, узбудзіўшы яшчэ дзіцячыя здольнасці да малявання. У дзяцінстве я шмат маляваў, чырвоны кут вясковай хаты быў увесь заняты маімі малюнкамі ў вялікай колькасці і разнастайнасці. Бацька, хоць і стараўся даць адукацыю, але, відаць, не бачыў «толку» ў маім «занятку». Аднак паступіўшы ў Ламаносаўскую школу разьбы па косці, маючы некаторае агульнае развіццё, я хутка ўспрымаў справу разьбы па косці і меў поспех у ёй. Па класе разьбы я вучыўся ў М.А. Хрыстафорава, а потым да заканчэння школы – у А.Я. Штанга».
Па заканчэнні школы разьбы па косці Чарніковіча адправілі працаваць у групу лепшых майстроў-кастарэзаў. У арцелі, нараўне з выкананнем шэрагу ўзораў для вытворчасці, майстар працаваў над вырабам мастацкіх кампазіцый з косці.
У барацьбе за Радзіму
У 1941 годзе Парфёна прызвалі ў рады Чырвонай арміі. У час вайны ўдзельнічаў у баях пад Старой Русай, Дзям’янскам, Ноўгарадам. Чарніковіч ваяваў у складзе дзеючай арміі на Паўночна-Заходнім фронце са снежня 1941-га па 18 ліпеня 1942 года сапёрам І сапёрнай роты 1391-га асобнага батальёна ІІ арміі. Батальён да чэрвеня 1942 года выконваў заданне па будаўніцтве абарончых рубяжоў першай лініі абароны, пракладваў дарогі. З чэрвеня 1942 года часці перайшлі ў наступальныя баі, і рота сапёраў была аддадзена 33-й танкавай брыгадзе. У баі 17 жніўня 1942 года часці перайшлі ў наступленне і хуткім ударам выбілі ворага з населенага пункта Васілеўшчына. Роце сапёраў была пастаўлена задача пралажыць праходы на мінных палях для танкаў. Чарніковіча ў гэтым баі прызначылі сувязным для падтрымання сувязі з танкавай брыгадай. 18 ліпеня падчас дастаўкі данясення быў цяжка паранены асколкам міны ў левую лапатку з пранікненнем у грудную поласць. Пасля выздараўлення звольнены ў запас як інвалід ІІ групы.
Вярнуўшыся дадому з інвалід-насцю, доўгія паўтара года ён не мог пачаць сваю любімую працу: дрэнна слухалася левая рука. Выздараўліваў павольна, праз боль займаючыся простай сялянскай працай – апрацоўваў зямлю, нарыхтоўваў дровы. І толькі са снежня 1944 года, маючы паляпшэнне ў стане здароўя, прыступіў да працы майстрам разьбы па косці ў Ламаносаўскай арцелі.
Шлях да прызнання
Першы вялікі твор майстра – ваза «Поўнач» – адразу ж паставіла яго ў шэраг найбольш таленавітых халмагорскіх майстроў. Гэтая рэч была адзначана граматай ЦК ВЛКСМ і Першай прэміяй Усесаюзнага конкурсу разьбы па камені, косці і дрэве (Масква, 1945) і паднесена ў дар прэзідэнту ЗША Ф. Рузвельту ад савецкага ўрада.
Наступныя гады працы ў арцелі (пазней – Ламаносаўскай фабрыцы мастацкай разьбы па косці) прынеслі шмат творчых дасягненняў і перамог. Парфён Парфёнавіч па праве лічыўся вядучым мастаком промыслу, займаў пасаду мастацкага кіраўніка арцелі, выканаў шмат заказных работ для лепшых музеяў СССР і вялікую колькасць узораў для пастаноўкі на вытворчасць.
Адна з найбольш цікавых работ – кубак «Перамога» (вышынёй 45 см), на якім выкананы партрэты маршалаў СССР: А.М. Васілеўскага, Г.К. Жукава, І.С. Конева, К.К. Ракасоўскага і батальныя сцэны. На яго стварэнне спатрэбілася 14 месяцаў працы і 12 кг косткі маманта, а ў выніку гатовы выраб важыў… 600 грамаў. Іншы паказальны прыклад узроўню даверу і якасці майстра – падарунак да 70-годдзя Сталіна ад працоўных Архангельскай вобласці. Гэта была ваза «Сацыялістычная Поўнач», якую выканаў Чарніковіч у 1949 годзе. Праз пяць гадоў ён зрабіў кубак «Навекі разам» да 300-годдзя ўз’яднання Украіны з Расіяй.
У 1958 годзе адбылася падзея, якая засведчыла факт міжнароднага прызнання творчасці майстра і тым самым узняла прэстыж усёй халмагорскай здабычы. Для ўдзелу ў сусветнай выставе ў Бруселі пасля ўважлівага адбору на ўсіх узроўнях адправілі шкатулку Чарніковіча «Поўнач» («Паездка на аленях»), за якую мастак атрымаў дыплом і сярэбраны медаль.
Дом у сяле Ламаносава, дзе жыў Парфён Парфёнавіч з сям’ёй, быў цэнтрам прыцягнення творчых сіл. Сюды часта наведваліся мясцовыя мастакі і многія дзеячы культуры краіны, якіх вабілі знакаміты халмагорскі промысел і радзіма М.В. Ламаносава.
Творца і арганізатар
У 1968 годзе па запрашэнні начальніка ўпраўлення мастацкіх промыслаў аблвыканкама Парфён Парфёнавіч з сям’ёй пераязджае ў горад Горкі (зараз – Ніжні Ноўгарад). Менавіта там адкрыліся вялікія магчымасці для прымянення творчых і арганізатарскіх здольнасцей мастака.
Горкаўская вобласць не мела на той момант кастарэзных традыцый, а ўпраўленне мастацкіх промыслаў мэтанакіравана працавала над стварэннем у краі новага промыслу. Таму з уласцівымі яму энергіяй і творчым падыходам да справы вырашаў Чарніковіч адказную задачу арганізацыі ў Варнавіне кастарэзнага промыслу. Трэба было выканаць, можа, галоўную творчую задачу ў жыцці – стварыць з нуля не толькі кастарэзны промысел, але і яго мастацкі стыль.
Злучыўшы віртуозную халмагорскую тэхніку ажурнай і рэльефнай разьбы з творча перапрацаванымі элементамі драўлянага і каменнага разьбярства і розных ніжагародскіх роспісаў, у майстра атрымалася выпрацаваць новы халмагорска-ніжагародскі стыль. Ён лёг у аснову творчасці варнавінскіх кастарэзаў, якія самастойна развілі яго ў лепшых творах зараз ужо сусветна вядомага ніжагародскага варнавінскага промыслу.
Праца Парфёна Парфёнавіча на ніжагародскай зямлі прынесла майстру шмат творчых поспехаў і вялікае прызнанне – яму былі прысвоены ганаровыя званні заслужанага, а затым – народнага мастака Расіі.
Майстар пражыў доўгае творчае жыццё. На працягу пяцідзесяці гадоў творчых пошукаў, сцвярджэнняў вялікіх і маленькіх сваіх адкрыццяў Чарніковіч заставаўся непераўзыдзеным майстрам партрэтнай разьбяной мініяцюры. Пачынаючы з першага партрэта М.В. Ламаносава, ён стварыў цэлую галерэю вобразаў вялікіх людзей рускай гісторыі і культуры. І праца, якая завяршае 1980-я гады, ізноў прысвячаецца Ламаносаву. Над стварэннем сваіх твораў Парфён Парфёнавіч працаваў і ў паважаным узросце, пакуль дазваляў зрок. Апошняя праца была скончана ў 2008 годзе. У 2011 годзе мастака не стала.
Звыш 100 твораў майстра захоўваецца больш як у 17 музеях Расіі, сярод якіх Эрмітаж і Рускі музей (Санкт-Пецярбург), а таксама ў некалькіх замежных музеях. У музеі М.В. Ламаносава знаходзіцца калекцыя твораў П.П. Чарніковіча, якая налічвае каля 30 прадметаў. Незвычайная справа Парфёна Парфёнавіча жыве, радуе людзей і натхняе новыя пакаленні майстроў разьбы па косці, аб’ядноўваючы традыцыі.

Комментарии