Рэдакцыя газеты «Слава працы» вырашыла нагадаць пра гэты адметны галаўны ўбор і да Дня маці арганізавала выставу «Матчына хустка».
Разнастайнасць экспанатаў, прадстаўленых на нашай іправізаванай экспазіцыі, уражвае. Тут можна ўбачыць і рознакаляровыя, стракатыя, аздобленыя адмысловымі ўзорамі хусткі, і сціплыя, мінімальна ўпрыгожаныя, стрыманыя ўборы. З шэрсці і шоўку, цёплыя і лёгкія, з махрамі і без іх. Некаторыя хусткі атрыманы ў падарунак на вяселле ці дзень нараджэння, іншыя прывезеныя з далёкіх гарадоў ці набытыя ў вясковай краме.
Нягледзячы на непаўторны выгляд кожнай хусткі, усе яны ўвасабляюць унікальны вобраз жанчыны-маці. А яшчэ кожная з іх – гэта маленькая гісторыя сваёй уладальніцы. І так цікава дакрануцца да яе, гэтай самай гісторыі, адчуць і разгадаць подых мінулага.
Акрамя таго, на выставе прадстаўлены іншыя даўнія цікавыя прадметы, якія асацыіруюцца з нашымі дарагімі матулямі ды бабулямі: самаробныя сурвэткі, даматканыя ручнікі, аздобленыя беларускім арнаментам, вышыванкі, што, здаецца, і да гэтага часу захоўваюць цеплыню руплівых рук майстрых-гаспадынь.
У ліку тых, хто першымі ацаніў экспазіцыю, – прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі Капыльскай ЖКГ Зінаіда Ямбікава, Алена Дзягцярык і Кацярына Гарбуз.
– Адчулі асаблівую цеплыню і сувязь з роднай гісторыяй. Выстава падарвала ўспаміны пра дзяцінства, маладосць, напоўніла сэрцы радасцю сустрэчы са сваёй культурай, шчырасцю і душэўнасцю беларусаў. Асаблівы святочны настрой надае тое, што экспазіцыя праходзіць напярэдадні Дня маці, – адзначылі госці.
Запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу і адчуць душэўнае цяпло, якое нясуць у сабе гэтыя рэчы. Няхай «Матчына хустка» нагадае кожнаму з нас пра значэнне сям’і, традыцый і любові, якія павінны беражліва перадавацца з пакалення ў пакаленне!
ДА ВЕДАМА
У культуралагічным кантэксце хустка была неад’емнай часткай жаночага ўбору і мела глыбокае сімвалічнае значэнне. Яна выконвала функцыю абароны – не толькі ад холаду ці ветру, але і ад злых духаў і негатыўнай энергіі. Хустка сімвалізавала чысціню, жэнскае пачуццё годнасці і павагу да сваякоў і продкаў. Адначасова хустка была знакам сямейнага становішча: замужняя жанчына заўсёды пакрывала ёю галаву. Таксама хустка ў народнай традыцыі сімвалізавала сямейную сувязь і служыла своеасаблівым «талісманам», перадаючыся ў спадчыну ад маці да дачкі.
Фота аўтара
Комментарии