Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Судьбы, объединенные Копыльщиной: рассказываем о необычных жизненных дорогах

27.09.2025

Жыццёвыя лёсы гэтых людзей маглі б паслужыць асновай для шматсерыйных тэлевізійных стужак, накшталт «Цені знікаюць апоўдні» ці «Вечны кліч». Розныя па нацыянальнасці, яны знайшлі прытулак на беларускай зямлі, якая стала для іх другой радзімай.
Але аб усім па парадку.

Суседка

Мая суседка па дачы Раіса Мікалаеўна Рабушка – чалавек у Лоцвінах паважаны. Доўгі час працавала ліфцёрам у капыльскай бальніцы. Выйшла на пенсію, але не сядзіць, як кажуць, склаўшы рукі. Разам з мужам Віктарам Міхайлавічам трымаюць сваю сядзібу ў чысціні і парадку, дзе пануюць кветкі, а агарод радуе сваім ураджаем. Гаспадары заўсёды прыходзяць на дапамогу вяскоўцам. Раіса Мікалаеўна не зайздросная па натуры, не любіць плётак. Самая адметная яе рыса характару – пунктуальнасць. Я неяк і сказала ёй:

– Пунктуальнасць і дакладнасць у Вас, як у немцаў.

На што яна адказала:

– Дык у мяне ж і ёсць нямецкія карані.

Сцяпан

Сёлета 1 жніўня споўнілася 111 гадоў, як пачалася Першая сусветная вайна – адна з самых крывавых войнаў у гісторыі чалавецтва: удзельнічалі 38 краін, загінула 10 мільёнаў ваеннаслужачых, 5 мільёнаў мірных жыхароў, 22 мільёны параненых, 8 мільёнаў узята ў палон.

Сцяпан Пратасевіч з Роспаў быў прызваны на службу ў царскую армію яшчэ да пачатку вайны. Родныя верылі, што той адслужыць патрэбныя тры гады і вернецца дадому. Аднак пачалася крывавая бойня…

Бацькі лічылі, што Сцяпан прапаў, бо ніякіх звестак не атрымалі. А ён трапіў у нямецкі палон, як і яшчэ 1,5 мільёна салдат і афіцэраў царскай арміі. Усіх размясцілі ў спецыяльныя лагеры ў Германіі, дзе ўтрымліваліся ў даволі жорсткіх умовах. Цяжкая праца на каменяломнях, бедны паёк, хваробы – усё гэта выбівала са строю кожны дзень сотні, тысячы палонных.

Пратасевіч і яшчэ чатыры хлопцы трапілі да гросбауэра (заможны кулак) і займаліся сельскагаспадарчымі справамі. Гаспадар добра разумеў, калі не будзе сілы ў нанятых, то не будзе і работы. Таму стараўся накарміць лепш, чым у лагеры. Хлопцы чысцілі фермы, даглядалі жывёлу, касілі, займаліся нарыхтоўкай кармоў.

Дора

У гросбауэра было тры дачкі. Старэйшыя не вельмі браліся за работу, як кажуць, адлыньвалі. А вось малодшая Дора была ўвішнай дзяўчынай, старалася дапамагчы бацькам. Яна ўмела і масла збіць, і сыр зрабіць, і за прылаўкам пастаяць, каб своечасова прадаць нарыхтаванае.

Прыгожая, статная Дора адразу ж спадабалася Сцяпану. І ёй прышоўся да сэрца хлопец з Роспаў. Потым зразумела, што чакае дзіця. Спачатку маладыя баяліся прызнацца бацькам. Але з цягам часу тыя і самі здагадаліся. Нарадзілася дзяўчынка, якой былі рады і Дора, і Сцяпан.

У 1922 годзе заканчвалася вяртанне ваеннапалонных з Германіі на радзіму. Гаспадар прасіў Сцяпана застацца, але той вельмі ж сумаваў той па беларускай старонцы, па родных і блізкіх. Дора вырашыла ехаць разам з мужам. Яна чамусьці была ўпэўнена, што пераведае Сцяпан родных, а потым вернуцца назад у Германію, дзе на бацькоў пакінулі маленькую дачушку.

«Гарманка»

Восенню ў Роспах загаварылі, што вярнуўся Сцяпан Пратасевіч жывы і здаровы. Ды не адзін, а з маладой жонкай. Вяскоўцы збегліся паглядзець на немку, якую прывёз з далёкай Германіі. І адразу ж празвалі яе не «германка», а чамусьці «гарманка». Мілавідная, статная, з доўгай касой, модна апранутая, жанчына прываблівала сваёй прыгажосцю. Радня ў Пратасевічаў вялікая, і кожны атрымаў з яе рук падарунак.

А вось сама Дора засумавала, убачыўшы, як бедна жывуць яго родныя. Вельмі здзівіла і збянтэжыла яе земляная падлога ў старэнькай хаце, дзе і куры бегаюць, і іншая жыўнасць утрымліваецца. Свякруха прывітала Дору, дастала з куфэрка вышытую кашулю і працягнула ёй. Адзенне ж нявесткі акуратна склала на прыданае для сваіх дачок.

Некаторы час Дора спрабавала ўгаварыць Сцяпана вярнуцца ў Германію, але той нават слухаць не хацеў. Паступова і Дора змірылася, бо вельмі кахала свайго Сцяпана. Пасля нарадзіла яму яшчэ чацвёра дзетак. Па ўзаемнай згодзе давалі ім рускія імёны – Іван, Вольга, Косцік, Таня.

«Чырвоныя Роспы»

Так назвалі першы калгас, які арганізавалі ў вёсцы. Пратасевіч адзін з першых падаў заяву. Падтрымала яго і жонка. Яна казала: «Калгас – гэта парадак». Сцяпан працаваў паляводам у брыгадзе, пасля пастухом. Дора выйшла ў перадавыя даяркі. Яе нават хацелі паслаць дэлегатам на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву, але Пратасевіч з рэўнасцю аднёсся да гэтай прапановы. Яно і не дзіва! Дора ж была прыгажуняй. Увішная, старанная, яна заслужыла павагу сярод аднавяскоўцаў. Калі нараджаліся дзеці, то запрашалі ў госці сваякоў, суседзяў, спявалі беларускія, рускія, нямецкія песні. Вялікае свята было, калі адпраўлялі старэйшага Івана на службу ў Чырвоную армію. Дора на развітанне дала яму наказ: «Служы сумленна. Армія любіць парадак».

«Лашанская быль»

Менавіта пад такой назвай надрукаваны нарыс у гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць. Капыльскі раён». Вось што пісаў журналіст Міхась Тычына пра Сцяпана і Дору Пратасевічаў:

«…У той нядзельны дзень, 22 чэрвеня, Сцяпан прыехаў з Капыля пануры. «Германцы, Дора, пайшлі вайною, радыё перадало. Сёння бамбілі Кіеў. Сынок наш ужо недзе ваюе».

…Чатыры дні праз Роспы на ўсход адыходзілі нашы вайскоўцы, неба гуло ад рову самалётаў. Дора Марцінаўна выносіла нашым байцам малако, хлеб, распытвала, ці не сустракаў хто яе Ванечку – той служыў на заходняй граніцы. А на пяты дзень немцы занялі Капыль. Заязджалі і ў Роспы. Дора з цікаўнасцю і страхам глядзела на іх шэра-зялёныя мундзіры, слухала грубую салдацкую лаянку. Аднаго разу яе паклікалі на вуліцу суседкі: «Марцінаўна, тут якісьці твой сваяк з Германіі аб’явіўся, ідзі сустракай». Госць быў у форме салдата вермахта, на рамяні целяпаўся ў ножнах шырокі штык, за плячыма карабін. Дора не ведала яго – столькі год прайшло, як выехала з Кюстрына. Салдат назваўся стрыечным братам, перадаваў прывітанне ад сваякоў, родных, з якімі яна не мела перапіскі пасля прыходу да ўлады фашыстаў, баючыся наклікаць бяду на дарагіх ёй людзей.

Госць быў здзіўлены, калі Дора расказала, што жыве нядрэнна, што яе як лепшую даярку калгаса нейаднойчы прэміравалі, фатаграфалі ў газету.

Яна задаволена сваім даваенным жыццём. Парады госця кінуць «дзікую вёску», сям’ю і вярнуцца ў «фатэрлянд» яна адхіліла з прысутнаю ёй дзёрзкасцю і праматою: «Там мяне не чакаюць, я ведаю. А тут у мяне дом, мужык, дзеці. Калі выжывеш, так і перадай нашым, што Дора не вернецца. Аўфвідэрзэен».

З першых дзён вайны гаспадарамі гэтага краю на доўгі час сталі партызаны, а Дора, як і ўсе роспаўскія калгасніцы, дапамагала ім, і яе веданне нямецкай мовы не аднойчы паслужыла мірным жыхарам.

У жніўні 1942 года Роспы канчаткова сталі партызанскай «сталіцай» Капыльшчыны. Тут знаходзіліся падпольны раённы камітэт партыі, штаб партызанскай брыгады імя Чапаева. Ва ўсіх хатах жылі партызаны. У Пратасевічаў дом быў прасторны, чысты, і камандаванне брыгады вырашыла абсталяваць у ім часовы шпіталь.

Успамінае дачка Доры Марцінаўны, рабочая саўгаса «Крыніца» Вольга Сцяпанаўна Слесарава:

– Шпіталь у нас быў амаль год. Мы жылі ў маленькай баковачцы, у ёй было вельмі цесна, але ніхто тады не думаў пра гэта, бо побач за сцяною пакутавалі параненыя партызаны. Бывала, прывязуць параненага, маці адыдзе ў кут і плача: «Можа, – кажа, – дзе-небудзь і наш Ваня зыходзіць так крывёю».

Маці гатавала ежу для параненых і медперсаналу шпіталя, мыла бялізну, бінты, рабіла перавязкі. Бацька насіў дровы, ноччу з аднавяскоўцамі хадзіў у дазор. Я таксама, мне тады ішоў сямнаццаты год, дапамагала маме, давала кроў, калі трэба было… Бацька наш не дажыў да перамогі, загінуў у час налёту нямецкіх самалётаў у маі 1944 года. Яны тады спалілі Роспы, толькі дзве хаты ўцалелі.

З дапамогаю калгаса Дора Марцінаўна пабудавала пасля вайны новы дом. Ізноў пайшла даяркай на ферму. Не пакідала працу і пасля выхаду на пенсію ўжо ў саўгасе.

Светлай радасцю ў нялёгкім жыцці ўдавы была вестка ад сына Івана, які прайшоў нялёгкімі дарогамі вайны і закончыў яе на Эльбе».

Пасля Вялікай Айчыннай вайны з Дорай жылі трое дзяцей. З-за адсутнасці Сцяпана і старэйшага сына Івана, абавязкі галоўнай у сям’і ўзяла на сябе Вольга. Як і кожнай маці, Доры хацелася, каб шчасліва склаўся яе лёс, каб выйшла замуж, бо надта цяжка жыць у вёсцы без мужчынскіх працавітых рук.

Уральскі падкідыш

Зморанага, разбутага і раздзетага знайшлі двухгадовага хлопчыка на Урале. Ён сядзеў сярод дарогі і горка плакаў. Ці то згубіўся, ці бацькі ад яго збавіліся ў тыя галодныя дваццатыя гады – ніхто на гэта не адказаў. У дзіцячым доме далі яму імя Мікалай. А прозвішча Слесараў атрымаў таму, што з маленства вывучаў слясарную справу. У армію пайшоў у 1944 годзе, а пасля заканчэння вайны яшчэ тры гады давялося служыць. Яго камандзір Пратасевіч ведаў пра сіроцкую долю хлопца. І аднойчы спытаў:

– Пасля дэмабілізацыі куды пойдзеш?

– Не ведаю. Мяне ж нідзе і ніхто не чакае, – сумна адказаў Мікалай.

– Паслухай, што табе параю, – сказаў камандзір. – Дык едзь у Беларусь. Ёсць там такая вёска Роспы. Людзі ў нас добрыя, працавітыя. А дзяўчаты якія прыгожыя! Я цябе са сваячкай пазнаёмлю. Вольга яе завуць. Хлопец згадзіўся і напісаў першае пісьмо.

Вольга адказала на яго. Яна праўда асабліва не спадзявалася, што нейкі там невядомы салдат пажадае прыехаць у Роспы. Але прайшоў час…

…Вольга ў той дзень была на сенакосе. Змораная, яна вярталася дадому. І тут жанчыны хорам паведамілі:

– Вольга, твой салдат ідзе!

І сапраўды, па вуліцы Роспаў упэўнена крочыў прыгожы і статны чалавек у вайсковай форме.

– Ідзі, дачушка, сустракай! Прывітай яго як трэба, – сказала Дора і расплакалася.

Яна адчула, што ў сям’ю прыйшоў не чужынец, а добры, надзейны чалавек, якога трэба ласкай і клопатам абагрэць. Вольга спачатку не верыла, што салдат застанецца, бо не быў знаёмы з сялянскай справай. Вольга і Дора паказвалі яму, што і як рабіць. І ў хуткім часе навучаны слясарнай справе ў дзіцячым доме, Мікалай асвоіў і сялянскую, лічыўся адным з лепшых работнікаў у калгасе. Пасля нарадзіліся Тамара, Іван, Раіса.

Пакуль Вольга і Мікалай працавалі ў калгасе, Дора наглядала за дзецьмі, спраўлялася па хатняй гаспадарцы. Яна рада была, што Вольга сустрэла добрага чалавека, які стаў родным і для яе. Жылі ўсе адной дружнай сям’ёй.

…Прайшлі гады. І сёння Роспы яднаюць усіх нашчадкаў «гарманкі» і былога царскага салдата. Штогод на Вялікдзень усе збіраюцца ў роднай хаце, каб сустрэць свята, успомніць Дору, бацькоў, падзяліцца сваімі поспехамі. Рэхам гучаць дзіцячыя галасы ўжо прапраўнукаў, а значыць, жыццё працягваецца.

Марыя ШЭІНА, заслужаны журналіст БСЖ
Фото аўтара і з сямейнага архіва Раісы РАБУШК


Слава працы Автор:

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/38432-sudby-ob-edinennye-kopylshchinoj-rasskazyvaem-o-neobychnykh-zhiznennykh-dorogakh#sigProId02b01fcd39
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей