А яшчэ яе гаспадыні па крупінках збіраюць і занатоўваюць матэрыялы пра гісторыю малой радзімы, прапагандуюць іх сярод чытачоў, каб тыя ганарыліся сваімі каранямі, не адрываліся ад роду і не цураліся зямлі і мовы. На такіх прынцыпах і мацуецца праца сельскай бібліятэкі-клуба, дзе заўжды прыветліва сустракаюць землякоў вопытны бібліятэкар Валянціна Чакун і кіраўнік гуртка Марына Рыбак. гасцінна культработнікі сустрэлі і мяне на сваім двары. Вакол клумбы, якія радуюць вока рознакаляровымі кветкамі, якія жанчыны даглядаюць з душой.
У зоне абслугоўвання Браткаўскай бібліятэкі-клуба дзевяць вёсак: Браткава, Вясёлае, Заракаўцы, Дзягцяныя, Комсічы, Навасёлкі, пасёлкі Арэхаўка, Каралінка і Славінка. Пры ўстанове працуе літаратурна-краязнаўчы клуб «Вытокі», удзельнікі якога з’яўляюцца носьбітамі гістарычнай інфармацыі аб сваёй старонцы, аб месцы, дзе нарадзіліся і жывуць. Да ўвагі наведвальнікаў – музейны этнаграфічны куток «Наш скарб у нашых руках», дзе і праходзяць краязнаўчыя мерапрыемствы з дзецьмі. Жывуць у памяці і знакамітыя землякі – Героі Сацыялістычнай Працы, уражэнцы в. Вясёлае Нахмановіч А.Л. і Сабалеўскі А.К.
– Зусім нядаўна знойдзена кніга «Человек долга» пра жыццёвы шлях Нахмановіча, – удакладняе Валянціна Іванаўна. – У свой час ён яе падпісаў і падараваў нашаму земляку М.І. Новіку з в. Вясёлае, які быў добрым сябрам і краўцом для іх сям’і.
Арганізоўваюць работнікі і цудоўныя выставы кніг. Не-не, ды і кінецца ў вока якая-нібудзь цікавая навінка. Што тут утойваць, магчымасці вясковай бібліятэкі не такія, як у гарадской, але спецыялісты прыкладаюць усе намаганні, каб чытач быў задаволены. Прыцягваюць увагу розныя тэматычныя папкі, якімі культработнікі вельмі ганарацца.
– Напрыклад, у папцы «Мой родны кут, мая старонка» сабраны матэрыялы пра кожную вёску нашай акругі, а таксама зроблены відэапрэзентацыі, – працягвае Валянціна Чакун. – Ёсць у нас і тэматычныя папкі «Знакамітыя землякі нашай мясцовасці», «Подвиг наш бессмертен», а з 1991 года вя-дзецца тэматычная папка «Пра нас пішуць» з матэрыяламі ў асноўным з раённай газеты «Слава працы», якія потым выкладваюцца на старонку бібліятэкі ў «Аднакласнікі» ў інтэрнэце. Не магу не пералічыць актыўных памочнікаў бібліятэкі-клуба, якія дапамагаюць знайсці гістарычныя звесткі пра нашу мясцовасць. Гэта Ніна Язвінская, Ірына Шкуцько, Таццяна Новік, Лідзія Скрыннік.
– Пры бібліятэцы-клубе працуюць чатыры аматарскія аб’яднанні розных кірункаў: дзіцячы клуб выхаднога дня «Сонейка», гурток настольных гульняў «Гульня прымае ўсіх», клуб аматараў кветак «Фіялка», літаратурна-краязнаўчы клуб «Вытокі», – уступае ў размову Марына Бурак. – Галоўная іх задача – абудзіць цікавасць да гульні, беларускай мовы, народных традыцый і фальклору, жаданне дапамагаць, развіць адказныя адносіны да прыроды, правесці вольны час цікава.
Шмат мерапрыемстваў праходзяць з дзецьмі. Гэта і велаэкскурс «Па гістарычных і памятных мясцінах», і бібліятэчны ўрок у этнаграфічным кутку «Такія незнаёмыя – знаёмыя рэчы», і каляднае валачэнне «Шчодры вечар, багаты вечар», а да тыдня дзіцячай кнігі
– літаратурны калаж «Кніжкі-ны імяніны», да Дня Перамогі – вахта памяці «Память людская в бронзе и камне» і інш.
Асобная тэма – удзел у разнастайных мерапрыемствах. Гонар бібліятэкі-клуба – яе наведвальнікі: Насця Бандарык, Жэня Гайко, Галіна Кушнер, Іван Гурбо, Ульяна Бурак, якія абаранялі гонар установы ў розных конкурсах.
– Не шкадуеце, што некалі выбралі прафесію ў сферы культуры? – пытаюся ў жанчын.
– Ніколькі! Бо гэта прафесія – для душы…
Комментарии