Па выніках працы за мінулы год гэтая ўстанова прызнана лепшай бібліятэкай у сельскай мясцовасці Мінскай вобласці.
Акрамя таго, бібіліятэка мае шмат узнагарод як раённых, абласных, так рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Яе паслугамі карыстаюцца чытачы вёсак Лешня, Красіна, Рачкевічы, Агароднікі, Доўгае, Чарнагубава, Варонаўшчына, Кіявічы, Домантавічы. На пряцягу года супрацоўнікі ўстановы наведвалі гэтыя населеныя пункты як самастойна, так і з калегамі Ляшнянскага клуба-бібліятэкі (бібліятэка-спадарожнік) і, вядома ж, Цімкавіч. У канцы мінулага года бібліятэка адзначыла наваселле ў новым памяшканні.
Узначальвае ўстанову Вольга Радкевіч: працу сваю яна пачала ў лістападзе 2002 г. бібліятэкарам Жыліхаўскай сельскай бібліятэкі, з красавіка 2015 г. – загадчык Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі. Разам з ёй працуе Ірына Шкуцько – па адкукацыі настаўнік хіміі і біялогіі, якая сорак гадоў аддала школе, а па прызванні – краязнаўца. Дзякуючы сумеснаму тандэму за апошнія пяць гадоў працы ўзровень бібліятэкі выйшаў на новую прыступку. Ірына Яўгеньеўна за навукова-даследчую працу «Эдвард Вайніловіч» мае асабістую ўзнагароду ад Інстытута гісторыі Беларускай акадэміі навук, па яе працы рэжысёрам Уладзімірам Арловым зняты фільм «Стагоддзе з бясконцым працягам». А ў рамках праграмы бібліятэка вядзе краязнаўча-даследчую працу, за гэта мае падзяку ад НАН Беларусі.
– Каб задаволіць патрэбы сваіх чытачоў і зрабіць фонд бібліятэкі больш разнастайным, мы карыстаемся запаснікамі кнігасховішча Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі, – удакладняе Вольга Уладзіміраўна. – Немалы ўклад робяць і нашы наведвальнікі, якія з задавальненнем прымаюць удзел у штогадовай акцыі «Падары кнігу бібліятэцы».
Бібліятэка працуе па некалькіх раённых мэтавых праграмах, адна з іх «Вы не адны, пакуль мы з вамі». Для асоб, якія не маюць магчымасці па стане здароўя наведваць установу, арганізавана дастаўка кніг на дом. Значная ўвага надаецца такой катэгорыі чытачоў, як дзеці, падлеткі, моладзь. Сваю працу бібліятэкары накіроўваюць на прапаганду кнігі, далучэнне да чытання новых карыстальнікаў.
Каб зацікавіць наведвальнікаў, прыцягнуць іх да чытання, работнікі бібліятэкі шукаюць інавацыйныя формы работы, цікавыя новыя тэмы. Таму стараюцца праяўляць значную творчасць у выставачнай дзейнасці, бо ўпэўнены, што цікавыя назвы выстаў, арыгінальнае афармленне і індывідуальная гутарка ля яе даюць эфектыўныя вынікі.
Шэраг мерапрыемстваў праходзіць у рамках раённай праграмы «Будуем храм у душах» і клуба духоўна-маральнага выхавання «Чысты Свет». Цесна супрацоўнічаюць з настаяцелем прыхода храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы протаіерэем Міхаілам Мардвінавым.
На працягу года ў бібліятэцы праходзіць цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Перамогі «Дзеці вайны». Усе матэрыялы і звесткі, якімі карыстаюцца работнікі, носяць краязнаўчы характар, бо менавіта гэты напрамак з’яўляецца прыярытэтным у рабоце. Установа працуе па мэтавай праграме «Каб любіць свой край, трэба перш за ўсё яго ведаць». Работа вядзецца комплексна: папаўненне краязнаўчай картатэкі, традыцыйныя краязнаўчыя папкі, якія з’яўляюцца своеасаблівым дапаўненнем да фонду краязнаўчых дакументаў і даведачна-бібліяграфічнага апарату. У папках змяшчаюцца матэрыялы аб жыцці нашага рэгіёна, мясцовых дзеячах і знакамітых земляках, іх лёсе, традыцыях, святах.
Бібліятэка цесна супрацоўнічае з Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага. Дзякуючы гэтай рабоце на працягу года ладзіўся шэраг мерапрыемстваў розных формаў з вучнямі школ Капыльскага, Клецкага, Нясвіжскага, Слуцкага раёнаў, г. Мінска, з навучэнцамі Капыльскага дзяржаўнага каледжа.
Комментарии