Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Будем с картошкой или нет? Спросили об этом у жителей Копыльщины

06.09.2025

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднойчы звяртаў увагу на тое, што няма больш нічога важнага, чым харчовая бяспека. У тым ліку развіццё бульбаводства абмяркоўваецца падчас яго паездак і нарад.

У Капыльскім раёне вырошчваннем другога хлеба займаюцца ў ААТ «Старыца-Агра», КСУП «Доктаравічы», а таксама ў фермерскіх гаспадарках.

Сапраўды, бульба даўно стала нацыянальным прадуктам Беларусі. Вядома, што можа быць больш смачным за дранікі, пюрэ, бабку, вараную ці смажаную бульбачку?! Мільёны людзей у нашай краіне саджаюць соткі, а некаторыя нават гектары любімага караняплода. У канцы лета – пачатку восені адкрываецца сезон капання клубняў, хтосьці зарабляе, прадаючы бульбу, а хтосьці запаўняе склеп для сваіх патрэб. Ці будуць з другім хлебам нашы чытачы? Гэта выяснялі ў бліц-апытанні.

Алена ДРУГАЛЬ, аператар ЭНВ рэдакцыі газеты «Слава працы»:

– Ураджай для сёлетняга года супярэчлівы: з аднаго боку мы задаволены якасцю выбранай бульбы – яна чыстая, гладкая, а з другога – клубні не вялікія, шмат дробных, але іх колькасць уразіла. Адзначу, што ніколі такога не было, каб пад адным калівам вырастала ажно 58 клубняў. Я нават не паленавалася іх палічыць. На іншых карчах было прыкладна ад 15 да 30, праўда, памер іх не вельмі буйны. Перавагу аддалі гатункам «Каралева Ганна» і «Лілі», яны больш нам даспадобы па смакавых якасцях. Выкапалі ўвесь ураджай з мужам пад рыдлёўку.

Таіса Міхайлаўна, жыхарка аг. Пацейкі:

– Цяперашні сезон бульбай асабліва не парадаваў, але ўжо як ёсць. Надвор’е падкачала: то суха, то сыра, вось клубні і не наліліся як след. Але ж я не засмучаюся. Зусім хутка ў раёне будуць працаваць сельскагаспадарчыя кірмашы. Вось там ужо сапраўды сабе бульбу на зіму і закупім. Там заўсёды і выбар добры, і кошт прымальны.

Вольга ЛОСЕВА, бухгалтар рэдакцыі газеты «Слава працы»:

– Капанне бульбы ў мяне асацыіруецца выключна са станоўчымі эмоцыямі. Бо менавіта ў гэты час, як памятаю з дзяцінства, збіраецца разам уся сям’я, усе сваякі, каб дапамагчы адзін аднаму. Цяпер жа крыху не так: толькі мы з мужам і нашы сыночкі. Сёлета сабралі крыху меншы ўраджай, чым летась. Больш дробных клубняў. Але, мяркуем, на зіму нам хопіць, нягледзячы на тое, што ў нашай сям’і вельмі любяць стравы з бульбы.

Анатоль Аляксандравіч, жыхар аг. Пацейкі:

– Вырошчваннем бульбы займаюся не адзін год. На нашым прысядзібным участку яна займае каля 50 сотак. Ураджай сёлета неблагі. Хопіць сабе на харчаванне, а лішкі можна і прадаць. Парадавалі гатункі «Першацвет» і папулярная «Каралева Ганна». Для выкопвання ёсць аднарадковая «трасалка».

Таццяна Леанідаўна, жыхарка г. Капыля:

– Вядома ж, сёлета атрымалі крыху не той ураджай, які чакалі. Наш невялікі ўчастак знаходзіцца ў вёсцы каля бацькоўскай хаты. Калі ўлічыць, што пасадзілі мы толькі адзін кошык, а накапалі пяць, то, думаю, гэта няблага. Магчыма, было б і больш, але, на жаль, пашкодзіла фітафтора. Радуе тое, што бульбы цяпер дастаткова ў магазінах па даволі прымальным кошце. Так што будзем з бульбай!


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей