Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Лидер, патриот, человек с большой душой: история успеха и преданности делу Владимира Рудаковского

13.08.2025

Любіць зямлю і людзей. Менавіта пад такім дэвізам працуе дырэктар ААТ «Старыца-Агра» Уладзімір Рудакоўскі, які сёння прымае віншаванні з нагоды юбілею.

Патрыёт, які бязмежна любіць сваю малую радзіму і ганарыцца сваёй міралюбівай Айчынай. Кіраўнік, які ўпэўнена і паспяхова стаіць ля штурвала аднаго з самых вялікіх сельгаспрадпрыемстваў Капыльшчыны і з дня ў дзень жыве клопатамі тутэйшых працаўнікоў. Неабыякавы і актыўны грамадзянін, які заўжды стараецца быць у цэнтры падзей, што адбываюцца навокал. Шчыры і добразычлівы чалавек, які гатовы выслухаць, дапамагчы, падтрымаць. Клапатлівы і любячы муж, бацька, дзядуля, для якога сям’я – моцная апора і шчаслівае месца, дзе заўжды чакаюць. А яшчэ, па словах блізкіх і знаёмых, выдатны і надзейны сябар, дарадчык і суразмоўца, сціплы чалавек, з якім заўсёды камфортна. Усё гэта – наш зямляк, дырэктар ААТ «Старыца-Агра» Уладзімір Рудакоўскі.

Уладзімір Анатольевіч вельмі любіць сваю вёсачку Роспы, землі якой зараз уваходзяць у старыцкую гаспадарку, – дзе нарадзіўся і набыў першы сельскагаспадарчы вопыт.

– Я вырас у простай сям’і працавітых людзей: бацька Анатоль Ануфрыевіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, быў брыгадзірам мясцовай паляводчай брыгады, а маці Леаніда Фёдараўна (дарэчы, і мая першая настаўніца) прысвяціла сябе навучанню дзяцей у Мрочкаўскай пачатковай школе, – дзеліцца Уладзімір Анатольевіч. – Таму і мяне заўсёды цягнула да зямлі.

І шлях у сельскую гаспадарку быў зусім невыпадковым. Справа ў тым, што землі, дзе жыла сям’я Рудакоўскіх, былі забалочанымі. Таму ў юнага Валодзі з’явілася думка зрабіць што-небудзь для іх паляпшэння. І адзіным правільным рашэннем стала паступленне на факультэт гідрамеліярацыі Беларускай сельгасакадэміі. Пасля яго заканчэння малады спецыяліст вярнуўся на Капыльшчыну. Спачатку працаваў майстрам, прарабам, пазней галоўным інжынерам, а потым і дырэктарам ПМК-11, якая займалася меліярацыяй. Нейкі перыяд быў першым намеснікам старшыні райвыканкама, узначальваў упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.

У ААТ «Старыца-Агра» Рудакоўскі прыйшоў у 2004-м. Трэба адзначыць, што гаспадарка і дагэтуль мела свае працоўныя дасягненні, аднак Уладзімір Анатольевіч не толькі змог захаваць іх, а і стабільна ўтрымліваць прадпрыемства ў ліку перадавікоў. Безумоўна, дапамагаюць дырэктару спецыялісты і працаўнікі, а само сельгаспрадпрыемства добра вядома не толькі ў нашым раёне, вобласці, рэспубліцы, але нават і за яе межамі.

З ранку і да глыбокага вечара – такі працоўны дзень дырэктара «Старыцы-Агра». Вось ён на жніўным полі радуецца высокай ураджайнасці рапсу ці пшаніцы. Праз колькі хвілін – ужо на новай МТФ «Русакі», адкуль спяшаецца ў мехмайстэрні, удакладніць, якіх запчастак не хапае для неадкладнага рамонту тэхнікі.

Дарэчы, напярэдадні юбілею са «Старыцы-Агра» прыйшла прыемная навіна: упершыню ў раёне тут на адным з палеткаў атрымана звыш 100 ц/га пшаніцы. Вось такі рэкорд да свята.

Уладзімір Рудакоўскі патрабуе ад сваіх падначаленых адказнасці і дысцыпліны, пры неабходнасці выслухае і па магчымасці дапаможа кожнаму, хто звяртаецца з просьбай ці па параду.

Рудакоўскі ведае патрэбы сялян, таму заўсёды знаходзіць агульную мову з насельніцтвам, якое ў сваю чаргу вельмі давярае яму. Невыпадкова Уладзімір Анатольевіч неаднойчы выбіраўся дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, дэпутатам Мінскага абласнога і Капыльскага раённага Саветаў дэпутатаў. Вырашаць набалелыя пытанні землякоў ён імкнецца незалежна ад графіка прыёму, да кожнага знаходзіць свой падыход.

За шматгадовую добрасумленную працу ў аграпрамысловым комплексе, асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці Капыльскага раёна ён узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі» і горда нясе званне «Чалавек года Міншчыны-2018», мае шэраг іншых узнагарод. Уладзімір Анатольевіч пра сваю любімую працу можа расказваць бясконца. Ён не любіць сядзець у кабінеце, большую частку працоўнага часу праводзіць на фермах, палях, сустракаючыся з працаўнікамі. І ўвогуле з усім насельніцтвам, якое ў сваю чаргу вельмі давярае яму.

Яго ва ўсім падтрымліваюць жонка Наталля Віктараўна, сыны Уладзімір і Аляксандр з жонкамі Алёнай і Марыяй. Радуюцца поспехам любага дзядулі сямёра ўнукаў: Піліп, Уладзімір, Ангеліна, Аліна, Таццяна, Паліна і самы малодшы Лёвушка.

Сваімі меркаваннямі дзеляцца калегі

Віталь РАКЕВІЧ, першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарці і харчаванні:

– Калектыў ААТ «Старыца-Агра», які ўзначальвае Уладзімір Рудакоўскі, здольны на многае. Перакананы, што той, хто любіць свой край, зямлю, на якой плённа працуе, можа дасягнуць любых вытворчых вяршынь. Задача кіраўніцтва, з якой яны паспяхова спраўляюцца, – згуртаваць, накіраваць, стварыць належныя ўмовы працы, забяспечыць неабходнай тэхнікай і даць магчымасць зарабіць дастойную заработную плату. Менавіта ў гэтым напрамку і рухаецца гаспадарка з года ў год.

Ірына КІСЛЯК, старшыня раённага Савета дэпутатаў з 2014 па 2024 гады, старшыня Капыльскага сельвыканкама:

– З Уладзімірам Анатольевічам мне давялося працаваць поплеч і ў сельскагаспадарчай галіне, і ў складзе дэпутацкага корпусу. Ён зарэкамендаваў сябе як дысцыплінаваны, ініцыятыўны кіраўнік, які ведае сельскагаспадарчую вытворчасць і валодае высокімі арганізатарскімі здольнасцямі. Рудакоўскі адрозніваецца ўменнем бачыць перспектыву развіцця аграпрамысловага комплексу і ў няпростых сацыяльна-эканамічных умовах дабівацца найбольшых поспехаў пры мінімальных матэрыяльных выдатках. Яго кандыдатура падтрымлівалася на ўсіх сходах.

Уладзімір ПАТОЦКІ, намеснік дырэктара ААТ «Старыца-Агра»:

– Уладзіміра Анатольевіча лічу сваім сапраўдным настаўнікам. Па размеркаванні трапіў ў «Старыца-Агра»і аб гэтым ні разу не пашкадаваў. Тут прайшоў усе прыступкі росту: ад памочніка начальніка ўчастка, галоўнага агранома да намесніка дырэктара. І гэта ўсё пад пільным вокам Уладзіміра Анатольевіча.

Фота Аксаны МІХАЙЛОЎСКАЙ


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей