Старажытны рытуал, прасякнуты ідэяй павагі да зямлі, працы і хлеба, здаўна папярэднічаў жніву. Так і цяпер, нягледзячы на шматлікія сучасныя тэхналогіі і «разумную» тэхніку, на Капыльшчыне беражліва захоўваюцца звычаі, што на працягу дзясяткаў гадоў умацоўваюць надзею на добры ўраджай і настройваюць аграрыяў на пазітыўны лад.
Месцам правядзення свята стала ўпрыгожаная пляцоўка на ўскрайку поля ЗАТ «Жыліхава», якая аб’яднала не толькі жыліхаўскіх працаўнікоў, але і шматлікіх гасцей з усяго раёна. На ўрачыстасці прысутнічалі старшыня райвыканкама Сяргей Пілішчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Рудакоўскі, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталь Ракевіч, а таксама члены райвыканкама, кіраўнікі гаспадарак, мясцовыя жыхары. Ганаровае месца было адведзена галоўным героям свята – камбайнерам і механізатарам.
Як павялося спакон вякоў, залатую ніву выйшаў вітаць гаспадар. У ролі яго выступіў Сяргей Пілішчык.
Віншаванні таксама прагучалі ад дырэктара ЗАТ «Жыліхава» Віталя Юхі і благачыннага Капыльскай царкоўнай акругі протаіерэя Сергія Чарнага.
Свята не абышлося без малітвы і асвячэння збожжавай нівы і ўборачнай тэхнікі – каб жняяры мелі поспех у працы, а зямля адплаціла багаццем, без падтрымкі вышэйшых сіл не абыйсціся.
Падчас свята ўсміхалася яркае сонца – добры знак, які прадвяшчае ўрадлівасць. Ці спраўдзіцца гэта прыкмета, пакажа жніво. А пакуль па камандзе «Па машынах!» камбайны, як магутныя караблі, адправіліся ў залацістае мора нівы, каб даць пачатак караваю-2025. Няхай ён будзе важкім і салодкім, поўным сілы зямлі і цяпла працавітых рук! У добры шлях, хлебаробы!
Фота аўтара
Комментарии