Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Портной-подпольщик: как инвалид с Копыльщины помогал партизанам

11.07.2025

Партызанскі рух развіваўся пры цеснай сувязі і падтрымцы мясцовага насельніцтва. Ежу, адзенне, абутак, фураж і іншае неабходнае для вядзення барацьбы з ворагам давалі простыя сяляне. Ва ўмовах акупацыі ў вёсках Капыльшчыны ствараліся майстэрні па рамонце зброі, выплаўцы ўзрыўчаткі і пашыве адзення. Яны працавалі і ў Вялікім Вялешыне, Заполлі, Крыніцы, Роспах, Старыцы.

У першых баях з гітлераўцамі партызанам даводзілася ў большасці выпадкаў самім здабываць зброю, боепрыпасы і абмундзіраванне. Іх побыт, асабліва спачатку, быў нялёгкі. Ім не было дзе адпачыць, абагрэцца, прасушыць вопратку і абутак. Жыццё ў зямлянках і шалашах, у асноўным, на балотах восенню і вясной, дзе панавалі вільготнасць і холад, шматлікія пераходы і пераправы сталі праблемай. Рэчы зношваліся да дзірак і патрабавалі замены. Пасля баёў, каб не дастаўляць боль параненым, адзенне і абутак разразалі.

Жыхар в. Слабада-Кучынка Трафім Міхайлавіч Рымашэўскі – інвалід ІІ групы з дзяцінства – зразумеў, што можна прынесці вялікую карысць Радзіме і знаходзячыся ў тыле ворага. Ён, рызыкуючы жыццём, стаў сувязным партызанскай брыгады імя Чапаева, перадаваў народным мсціўцам зброю, прадукты, наладзіў пашыў і рамонт адзення, абутку, выраб конскай вупражы.

З набліжэннем зімы ў партызан узнікла вострая патрэба ў цёплай вопратцы. Вечарам усе вок-ны ў хаце шчыльна закрываліся посцілкамі і коўдрамі. Унутры памяшкання пры лучыне кіпела работа. Са скур жывёл, у большасці аўчыны, Рымашэўскі шыў кажухі і цёплыя рукавіцы. Не пералічыць, колькі жыццяў выратавалі гэтыя рэчы ў люты мароз і ў час разведкі, калі прыходзілася гадзінамі чакаць у засадзе варожую машыну ці цягнік на чыгунцы. Для вырабу адзення выкарыстоўваў нават парашуты, на якіх савецкія лётчыкі скідалі партызанам розныя грузы, а стропы іх ішлі на ніткі. Пад выглядам продажу або абмену рэчаў ездзіў на кані ў Капыль да сувязных, перадаваў ім заданні камандавання і лістоўкі, якія хаваў у падшыўку паліто. Назад дастаўляў каштоўныя звесткі аб планах акупантаў, бінты, медыкаменты, соль, якая ішла не толькі ў ежу, але і на выраб скур. Шмат разоў яго жыццё вісела на валаску, але бясстрашны патрыёт прадаўжаў сустракацца з капыльскімі падпольшчыкамі.

Людзей, звязаных з партызанамі, фашысты па-зверску знішчалі. На гарадскіх і сельскіх плошчах, на тэлеграфных слупах, на дрэвах у парках і садах карнікі вешалі савецкіх патрыётаў, кідалі ў турмы і засценкі гестапа. Нехта данёс на Рымашэўскага, што таго ўвечары наведваюць падазроныя асобы. Паліцаі пад камандаваннем нямецкага афіцэра правялі вобыск, але доказаў не знайшлі, хоць на шафе ляжала складзеная ў чатыры разы лістоўка. Рызыкаваў жыццём двухгадовай дачушкі і жонкі. Тое, што не паспяваў перадаць у лес, Трафім хаваў у стозе сена каля ракі. У першую чаргу мужчынскі абутак. У хаце пакінуў толькі жаночыя і дзіцячыя «заказы», усялякую рвань, каб не выклікаць падазрэнне. Афіцэр вёў допыт. У шаўца пыталіся, ці заходзяць у вёску партызаны і да каго? Ён адказваў адно, што ніколі тых не бачыў і не ведае, да каго яны заходзяць. Так майстар дапамагаў усім, у тым ліку тым, хто прыходзіць з суседніх вёсак. Усіх і не ведаў, бо з пачаткам вайны з’явілася многа бежанцаў. Але ўсё ж яго вывелі на вуліцу, хацелі везці ў Капыль. Заступіліся аднавяскоўцы, якія сабраліся каля хаты: «Ён інвалід, а не партызан! Шые людзям, адпусціце!»

Узімку, перад вызваленнем Беларусі, у хаце раскватараваліся дзесяць партызан. Жонка Соф’я Данілаўна пякла хлеб, мыла бялізну і абмундзіраванне, хворых лячыла травамі. У сваю чаргу тыя, хто не быў на заданні, наразалі і калолі дровы, дапамагалі па гаспадарцы. Майстар з раніцы да ночы рабіў рамонт усяго таго, што прыносілі. А рэчаў было шмат. Перашываў, абрэзваў дрэннае, краіў з лепшых кавалкаў.

Пасля вайны Трафім Міхайлавіч быў узнагароджаны медалямі «За перамогу над Германіяй у 1941–1945 гг.», «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені, «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.» і шасцю юбілейнымі ўзнагародамі. Пражыў жыццё вельмі сціпла. Трафім Міхайлавіч Рымашэўскі памёр 4 мая 1980 года, пахаваны на могілках у Слабада-Кучынцы. Землякі яго запомнілі як чалавека працавітага, адказнага, сумленнага і справядлівага.

Фота Наталлі ДАВЫДЗЕНКІ і з асабістага архіва сям'і Трафіма РЫМАШЭЎСКАГА


Слава працы Автор:

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/37677-portnoj-podpolshchik-kak-invalid-s-kopylshchiny-pomogal-partizanam#sigProIde5e5712074
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей