Веснавыя замаразкі ўнеслі карэктывы і ў работу семежаўскіх аграрыяў. Напрыклад, у тэрміновым парадку пачалі першы ўкос траў, пакуль яны не згубілі сваіх карысных якасцей.
Дырэктар ААТ «Семежава» Юрый Тарасевіч адзначае:
– У сувязі з тым, што палеткі падмарожаны, чакаць нельга. За дзень мы косім каля 150-200 гектараў, падбіраем масы каля 300. Таму за тэрміны корманарыхтоўкі не перажываем.
І пакуль надвор’е дазваляе – карыстаюцца момантам. Тэхніка ў полі з самага ранку. Корманарыхтоўчы працэс у гаспадарцы наладжаны. Вялікія прычэпы адзін за адным спяшаюцца пад загрузку.
За адзін дзень адна касілка праходзіць больш за сто гектараў. Скошаную масу адразу не ўбіраюць. Яна застаецца прыкладна на двое сутак, дасягае пэўнай вільготнасці. І ўжо потым з дапамогай спецыяльных камбайнаў яе здрабняюць і звозяць з поля.
На гэта літаральна лічаныя дні. Своечасова ўбраныя травы доўга захоўваюць карысныя якасці. Але важна забяспечыць і якаснае захоўванне. Траншэі неабходна не толькі запоўніць, але і максімальна ўтрамбаваць, для чаго вядзецца кантроль за тэмпературай і вільготнасцю.
У «Семежаве» да «зялёнага жніва» падрыхтаваліся загадзя, таму тут не ўзнікаюць пытанні накшталт таго, дзе купіць плёнку для закрыцця сянажных траншэй альбо шпагат для прэс-падборшчыкаў, як забяспечыць гаспадарку гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Таму планавае заданне ў 19 540 тон сенажу і 600 тон сена, як падзяліўся намеснік дырэктара таварыства Юрый Зяньковіч, семежаўцы выканаюць у дакладна вызначаныя тэрміны і, як заўсёды, у адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналогіі. На скошванні і здрабненні зялёнай масы будуць задзейнічаны касілкі і падборшчыкі, якімі будуць кіраваць Максім Нядзелька, Аляксандр Сакалоўскі, Дзмітрый Шчоткін, Аляксандр Васілеўскі, Мікалай Будчанін і Іван Бондар. Трамбоўкай зялёнай масы зоймуцца «Кіравец» і «Амкадор», на яе адвозку нацэлена дастатковая колькасць уласнай тэхнікі. Загадзя распрацаваны і зацверджаны комплексны план работ, расцэнкі. Прызначаны адказныя спецыялісты.
Комментарии