Мой прадзед, Абрамчык Фёдар Канстанцінавіч, нарадзіўся 14 студзеня 1927 года ў вёсцы Доўгае Цімкавіцкага сельсавета ў сям’і настаўніка. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў сем класаў. І сёння ў нашай сям’і разам з іншымі дакументамі беражліва захоўваюцца ордэны і медалі, ганаровыя граматы, аўтабіяграфія прадзеда, усе газеты і часопісы, на старонках якіх расказваецца аб маім слаўным продку.
Вучобу абарвала вайна. Увосень 1944 года прадзед быў прызваны ў Чырвоную Армію. У якасці камандзіра мінамётнага разліку ён удзельнічаў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Скончыў вайну ў Берліне. Пасля Перамогі прадоўжыў службу ў войску. У 1950 годзе скончыў Львоўскае ваенна-палітычнае вучылішча і да 1958 года знаходзіўся на службе ў Савецкай арміі.
Потым з сям’ёй вярнуўся на Капыльшчыну. Тут ён актыўна займаўся партыйнай працай. Завочна скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС. Маёр у адстаўцы, ён працаваў у райкаме КПБ загадчыкам аддзела прапаганды і старшынёй камітэта народнага кантролю. Часта выступаў перад моладдзю, перадаючы свой вопыт і веды. З 1968 года ўзначальваў аддзел прапаганды і агітацыі райкама партыі. А з 1973 па 1987 год з’яўляўся старшынёй раённага камітэта народнага кантролю. Неаднаразова яго выбіралі дэпутатам Капыльскага раённага савета народных дэпутатаў. На працягу 40 гадоў – актыўны пазаштатны карэспандэнт раённай газеты «Слава працы».
Вядомы краязнаўца вобласці, Абрамчык Фёдар Канстанцінавіч, адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «За працоўную доблесць», «За працоўныя заслугі», польскім медалём «Сярэбраны. За заслугі пры абароне краіны», трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета, іншымі ўрадавымі ўзна-гародамі. Дэлегат першай установачнай канферэнцыі ветэранаў вайны і працы Рэспублікі Беларусь у 1987 годзе.
Другі мой прадзед з вайны не вярнуўся, прапаў без вестак.
Ад дарослых я ведаю, як цяжка жылося ў ваенны час. Таму наша задача – захаваць і перадаць нашым дзецям памяць пра гераічны подзвіг нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Мацвей Валасевіч, вучань гімназіі № 1 г. Капыля, юнкар «СП»
Комментарии