Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Достаточно ли деревьев для обезьян: размышления о Беловежской пуще

09.03.2025

У маёй любай Бацькаўшчыны ёсць шматлікія сімвалы. І сярод іх адзін з самых вялікіх і значных – Белавежская пушча. У «Песні пра зубра» (поўная назва – «Песня пра постаць, дзікі нораў зубра і паляванне на яго») знакаміты аўтар Мікола Гусоўскі ўпэўнена сцвярджаў: «Кожны народ не без роду і племя і мае летапіс свой і гісторыі след на старонках».

Так адбылося, што твор ХVІ стагоддзя стаў надзвычай актуальным і сёння, у цывілізаваным ХХІ стагоддзі. Наша Айчына ў многім і ёсць гэты самы сімвалічны Зубр. У паэме падрабязна апісваецца паляванне на зубра: спачатку звера скіроўваюць у загон, адасабляючы ад статка, потым цэляць у яго з лукаў, каб раззлаваць і прымусіць бегчы… Так ЗША і псеўдадэмакратычная Еўропа аб’ядналіся супраць маёй невялікай, самай міралюбівай краіны ў цэнтры Еўропы. Яны страшныя і грозныя – гэтыя «заморскія змагары». Яны, як і ворагі-папярэднікі, напоўнены гневам, шыбуюць праз пні і калоды, прагнучы наталіць ярасць крывёю ахвяр… Я ўжо не веру ні старым, ні новым прэзідэнтам ЗША, Еўропы: іх зброя – нянавісць, прыгнечанне слабых. Выступленні іх прыгожыя, але папулісцкія. А вынікі смяротныя, крывавыя, як і сталася з Украінай. Аднак наш магутны Зубр заўсёды ўмее за сябе пастаяць, хлусні, фэйкам больш не верыць.

Цікава, што Зубра Гусоўскі надзяліў здольнасцю мысліць, чуйна рэагаваць на дабро і зло. Паэт яшчэ ў год напісання твора, у 1522-м, прадбачыў наша сёння. Творца асуджае бессэнсоўнае знішчэнне зуброў, даследуе праблему беражлівых адносін да прыроды-матухны. Гусоўскі са скрухай разважае, што слабее ад несупынных войнаў, людской нязгоды. Асуджае моцных свету гэтага, што зусім перасталі думаць пра спакой і мір. Творца моліцца да Дзевы Марыі, Маці Божай, каб ворагі «не цягнулі ў ярмо бездапаможны народ». Каб Мір запанаваў на зямлі!

Узведзеная Польшчай загароджа на мяжы з Беларуссю, на жаль, зноў жа сведчыць толькі пра негатыўнае і адмоўнае. Тут, на мяжы, гінуць не толькі зубры, але і нявопытныя зубраняткі. Ім жа ніхто не змог давесці, што хадзіць у госці да суседзяў сёння ўжо нельга. Гінуць тут і людзі-бежанцы з розных краін, якіх польскія ўлады перакідваюць на беларускі бок.

Польска-беларуская сцяна ў асноўным была пабудавана ў 2022 годзе. Быццам для недапушчэння міграцыі. Як вядома, міграцыйны крызіс узнік яшчэ вясной 2021 года. Закон пра будаўніцтва падпісаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Праект быў ацэнены на больш чым 400 мільёнаў долараў. Няўжо Польшча такая багатая, што больш не было куды патраціць гэтую суму? Заўважу, што сама сцяна стальная, з калючым дротам. Агульная даўжыня прыкладна 186 км, з 22 брамкамі для праходу жывёл. Вышыня – 5,5 метра. На справе, брамкі зачыненыя – іх выкарыстоўваюць для перакідвання мігрантаў з Бліжняга Усходу і Афрыкі…

Канешне, супраць будаўніцтва сцяны выступалі многія разумныя людзі, вучоныя, неабыякавыя беларусы, простыя палякі. Супраць будаўніцтва выказваліся і экаактывісты як у Беларусі, так і ў Польшчы. Палякі ж не вінаватыя, што ім дасталіся такія ўлады!
Па падліках вучоных, сцяна рассякла ўсю сістэму на дзве часткі. А Белавежская пушча ўнесена ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Цікава, што сёння на тэрыторыі пушчы існуе 1,5 тыс. асобін зубра – палова ў нас, палова ў Польшчы. Больш за тое, і самі еўрапейскія, амерыканскія арганізацыі даўно страцілі сваю былую актуальнасць. Тыя ж ААН, ЮНЕСКА, іншыя арганізацыі свету ўжо даўно работу сваю праводзяць фармальна, выкарыстоўваючы папулісцкія лозунгі. Аднак ніхто не праводзіць сур’ёзных расследаванняў: прыедзе камісія, паназірае, нешта занатуе ў сваіх блакноціках, дасць інтэрв’ю – і назад, дахаты. Ніякіх грунтоўных рэзюмэ, адны галаслоўныя вывады. Маўляў, будзем імкнуцца паляпшаць, удасканалім, памножым. Але заморскія цёткі ды дзядзечкі нічога бясплатна рабіць не будуць. Гэта ў свой час паказаў хоць бы той Сорас у Беларусі!

Эколагі неаднаразова заяўлялі, што стварэнне штучнай перашкоды не дае жывёлам спакойна рухацца ў межах іх свабоднага асяродку. Напрыклад, яшчэ ў 2022 годзе больш за 1,8 тыс. вучоных ужо звярталіся ў Еўрапейскую камісію з заклікам прыпынення будаўніцтва сцяны. Але Савет Еўропы ігнараваў гэты запыт. Аднак жа Белавежская пушча мае вялікае значэнне не толькі для Беларусі, але і для ўсяго Еўрапейскага рэгіёна. Гэта ўнікальная прыродаахоўная зона, што здольна захоўваць на стагоддзі біялагічную разнастайнасць. А штучны падзел нясе толькі пагрозу сфармаванаму там асяродку. Перад намі – самы агромністы масіў першабытнага лесу. А сёння тут гінуць не толькі зубры, але алені, касулі. І людзі. І неважна, які колер іх скуры…
Страты, нанесеныя будаўніцтвам агаро-джы, ацэньваюцца больш чым на 50 мільёнаў рублёў. Назіраецца і дэградацыя зямель, псаванне глебы, знішчэнне жывога покрыву, знішчэнне каштоўных старазапаветных лясоў. Папуляцыі жывёл спрадвек існавалі як адзінае цэлае, пастаянна адбываўся генетычны абмен. Напрыклад, вядома, што алені любілі спажываць ежу на польскай тэрыторыі, а адпачываць ішлі на беларускі бок.

Застаецца ўспамінаць толькі тыя часы, калі пушча была аб’ектам для сумесных даследаванняў як беларускіх, так і польскіх вучоных. А сёння Польшча, мусіць, хоча жыць па прынцыпе: пасля нас – хоць патоп… Гэта, канешне, парушае і міжнародныя дамоўленасці. Аднак ні Еўропа, ні ЗША ўжо даўно не лічаць іншыя нацыі за людзей, яны хочуць панаваць над усім светам. Добра, што нарэшце адбылося міжнароднае прызнанне негатыўных экалагічных наступстваў ад узвядзення Польшчай агароджы. Аднак прызнаць гэта адно, а нешта змяніць – зусім іншае. Ад прыгожай хлусні беларусы даўно стаміліся.

Кажуць, што мы пайшлі ад малпаў. Бяда толькі, што для зямлян у парадзелых лясах планеты хутка можа дрэў не хапіць…

Спецыяльна для «СП» Канстанцін КАРНЯЛЮК


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей