У першую чаргу камісія зверне ўвагу на тэхнічную спраўнасць трактароў і прычэпаў і іх своечасовае абслугоўванне. Таксама немалаважнае значэнне мае іх вонкавы выгляд. Часу для ўзмоцненай падрыхтоўкі засталося менш за месяц. Як ідуць справы ў гаспадарках раёна, ці вядуцца работы ў гэтым напрамку ў патрэбным тэмпе?
Як паведаміў галоўны дзяржаўны інспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Валерый Прахарэня, не пазней за 1 сакавіка ўся тэхніка павінна быць цалкам адрамантавана і выстаўлена на лінейку гатоўнасці. Згодна з графікам да 20 студзеня самаходныя ўніверсальныя машыны «Раса» ўжо павінны былі быць падрыхтаваны, бо менавіта яны першымі выходзяць на палі – уносяць мінеральныя ўгнаенні, вядуць падкормку траў і азімых там, дзе не пройдзе больш магутная тэхніка. Да 20 лютага на лінейку гатоўнасці трэба паставіць плугі і культыватары для закрыцця вільгаці, а да 25-га – машыны для ўнясення цвёрдых арганічных і мінеральных угнаенняў. Астатняя ж тэхніка павінна быць гатова да першага дня вясны, у тым ліку глебаапрацоўчыя, пасяўныя агрэгаты, збожжавыя, бурачныя і кукурузныя сеялкі, трактары.
Здаецца, што зусім нядаўна палеткі гаспадарак раёна пакінулі трактары, завяршыўшы цыкл сельскагаспадарчых работ. А ўжо на календары пачатак лютага – час, калі ў разгары рамонтныя работы па падрыхтоўцы тэхнікі да вясенняй пасяўной кампаніі. На гэтым тыдні мы наведалі механічныя майстэрні ў Рудным і Быстрыцы і пацікавіліся ходам падрыхтоўкі тэхнікі.
– Як і многія гаспадаркі, наша сельгаспрадпрыемства адчувае некаторыя цяжкасці з рамонтам тэхнікі, – паведаміў нам галоўны інжынер філіяла Вадзім Рудзеня. – Хацелася б больш грашовых сродкаў на набыццё новых запасных частак, расходных матэрыялаў. Але, нягледзячы на дадзеную акалічнасць, механізатары, слесары, вярнуўшыся з працоўнага водпуску, прыняліся за рамонтныя работы.
І сапраўды, як мы самі ўбачылі, у механічных майстэрнях знаходзіцца шмат тэхнікі: энерганасычаныя трактары, грузавыя аўтамабілі, пагрузчык, прычэпы. Каля кожнай адзінкі тэхнікі завіхаліся ў працоўным працэсе механізатары, рамантуючы яе. На вуліцы знаходзяцца даведзеныя да ладу счэпкі барон, іншыя глебаапрацоўчыя агрэгаты.
– Працы зараз хапае, – кажа механізатар Сяргей Насевіч. – Час ляціць хутка, незаўважна пройдзе і люты, таму трэба спяшацца, каб у тэрмін завяршыць рамонтныя работы. зараз пераглядваю плугі, у перспектыве – пасяўныя агрэгаты.
Рамонтам апрацоўчай тэхнікі ў ААТ «Ціміразеўскі» займаецца і механізатар Мікалай Лапотка, які адзначае, што разам з механізатарам Мікалаем Капусціным яны днямі прыступяць да рамонту дыскатараў.
Увогуле ж па раёне, паводле слоў Валерыя Прахарэні, большасць тэхнікі ўжо падрыхтавана да вясенняй пасяўной. З 22 агрэгатаў «Раса» рамонту патрабуюць толькі два, са 119 энерганасычаных трактароў 25 няспраўных.
Фота аўтара
Комментарии