Халакост на Беларусі – прыгняценне і знішчэнне яўрэяў. Гэта адбывалася ў перыяд нямецкай акупацыі з 22 чэрвеня 1941 года па 28 ліпеня 1944 года і была так званая агульная палітыка нацыстаў і іх саюзнікаў па знішчэнні яўрэяў. Пра гэта з вялікай неахвотай згадваюць і сёння, у ХХІ стагоддзі, лідары еўрапейскіх дзяржаў. Бо ў іх на ўзбраенні зноў жа хлусня і псеўдадэмакратыя. На Украіне апрабоўваюцца многія праявы гібрыдных войнаў, пра якія пастаянна нас папярэджвае Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
Тады ж на акупіраваных тэрыторыях дзейнічалі Нюрнбергскія законы, якія былі закліканы ажыццявіць ізаляцыю яўрэяў па расавай прыналежнасці. І што характэрна для заморскай дэмакратыі: масавыя забойствы працягвался з першых да апошніх дзён вайны. Дакладных лічбаў загінулых няма, аднак прыкладна гэта ад 600 да 800 тысяч чалавек – іншымі словамі звыш 80% яўрэйскага насельніцтва. Прычым, у большасці гэта былі жанчыны, старыя, дзеці.
У пасляваенны час гэтая тэма замоўчвалася. Сістэматычная праца па даследаванні пачалася толькі ў 90-я гады ХХ стагоддзя. І хоць Халакост зведалі многія рэгіёны былога СССР, тэма «яўрэйскай вайны» і сёння ўсё яшчэ чакае большай актыўнасці даследчыкаў. Пасіўна ставіцца да ваеннай гісторыі проста недапусціма!
Я гартаю «Памяць»...
Кнігі пра вайну ёсць розныя: мастацкія, дакументальныя, мемарыяльныя. Аднак кожны з нас проста абавязаны пазнаёміцца ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі хоць з некаторымі з гэтых хронік-энцыклапедый. А іх у Беларусі была выдадзена ажно 151 кніга.
…Я гартаю старонкі кнігі «Памяць» Капыльскага раёна. Горкі камок падыходзіць да горла, калі пачынаеш знаёміцца з разделам «Вялікая Айчынная вайна». А вось і пра гета. Матэрыялы пра гета захоўваюцца і ў фондах Капыльскага раённага краязнаўчага музея, які многа ўвагі надае гэтай праблеме. Тэма капыльскага Халакоста – стрыжнявая і на старонках «СП». Шмат увагі гэтаму пытанню аддаў вучоны гісторык Эмануіл Іофе. Можна звярнуцца да яго працы «Яўрэі Капыля ў гады Вялікай Айчыннай вайны».
Спрадвек на Капыльшчыне ў зго-дзе жылі прадстаўнікі розных нацый, у тым ліку яўрэі. Напрыканцы 1940-х гадоў пражывала звыш 1400 яўрэяў. Напярэдадні вайны іх колькасць нават вырасла – за кошт бежанцаў. Вайна прыйшла ў Капыль амаль адразу – 29 чэрвеня. І гітлераўцы ў Капылі стварылі гета, тэрыторыя якога была абнесена калючым дротам...
Катастрофа і трагедыя
Адна з самых трагічных старонак Другой сусветнай, Вялікай Айчыннай войнаў – Халакост на Капыльшчыне. Тут яўрэі сістэматычна прыгняталі-ся і знішчаліся акупацыйнымі ўладамі нацысцкай Германіі, калабарацыяністамі ў 1941–1944 гады. Усё праводзілася ў межах палітыкі «Канчатковае рашэнне яўрэйскага пытання». А гэта ў сваю чаргу – складовая частка Халакоста на Беларусі і Катастрофы еўрапейскага яўрэйства.
Не будзем забываць, што Капыльшчына была цалкам акупіравана гітлераўцамі ў чэрвені 1941 года. Акупацыя працягвалася больш за тры гады – да ліпеня 1944 года. Адзначым, што фашысты ўключылі раён у склад тэрыторыі, якая была адміністрацыйна аднесена ў склад генеральнай акругі Беларуценія рэйхскамісарыята Остланд. Акупацыйны рэжым – гэта сістэма палітычных, эканамічных і ваенных мер, накіраваных на ліквідацыю грамадскага і дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, заняволенне і знішчэнне савецкіх народаў. Гэта зусім не выпадковыя акты жорсткасці, а вынік планамернага ажыццяўлення дзяржаўнай палітыкі Германіі. яе ідэалагічнай асновай былі «тэорыі» нацыстаў пра «расавую перавагу» нямецкай нацыі над іншымі народамі, пра неабходнасць пашырэння «жыццёвай прасторы» для немцаў і «права на сусветнае панаванне» Вялікай Германскай імперыі. Пра гэта ні на хвіліну мы не павінны забываць і сёння!
Ва ўсіх вялікіх вёсках былі створаны раённыя ўправы і паліцэйскія гарнізоны з ліку калабарацыяністаў – польскіх і беларускіх. А для самых масавых забойстваў прыцягваліся літоўскія, латышскія і ўкраінскія паліцэйскія. Акцыі-забойствы паў-таралі вялікую колькасць разоў. У тых вёсках, дзе па нейкай прычыне пакаранне не адбывалася адразу, яўрэяў утрымлівалі ва ўмовах гета, выкарыстоўваючы на цяжкіх працах. Многія палонныя паміралі ад голаду і адсутнасці медыцыны.
Мясціны, насычаныя крывёю
Так, кроў людская – не вадзіца. Пералічым найбольш трагічныя мясціны забойстваў: Капыль, Вялікая Раёўка, Вялікія Прусы, Пясочнае, Бабоўня, Славінка, Пукава, Душава, Семежава, Свінка, Цімкавічы, у Грозаўскім сельсавеце.
Былі, канешне, і мужныя моманты, час супраціўлення. Так, 22 ліпеня 1942 года пры ліквідацыі гета ў Капылі частка палонных аказала супраціўленне карнікам. Адбылося паўстанне – і 200 яўрэяў здолелі ўцячы. Рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, гітлераўцы стварылі на тэрыторыі Капыльшчыны пяць гета. У гета Капыля (канец чэрвеня 1941 – 22 ліпеня 1942) былі забіты звыш 3500 яўрэяў. З гета мястэчка Грозава (лета 1941 – лістапад 1941) яўрэі былі пераведзены ў Канюхі, і затым забіты звыш 600 яўрэяў. У гета вёскі Вялікія Прусы 26 верасня 1941 года былі забіты прыблізна (звыш 250 – каля 500 яўрэяў).
Гета ў Канюхах было надзвычай суровым: больш за месяц ва ўмовах суровай зімы 1941 года жанчыны, старыя і дзеткі знаходзіліся ў нечалавечых умовах. Многія памерлі ад холаду, голаду, хвароб. 18 снежня 1941 года было расстраляна каля 450 чалавек. Дзяцей п’яныя паліцаі-карнікі кідалі ў ямы жывымі.
У Цімкавічах перад вайной яўрэі складалі большасць насельніцтва. Тут у першы масавы расстрэл 25 сакавіка 1942 года былі забіты больш за тысячу чалавек. Другое забойства адбылося 25 чэрвеня 1942 года.
Мужнасць – у мемарыялах
У Цімкавічах на брацках могілках ахвяр генацыду яўрэяў быў усталяваны помнік. Два помнікі ўстаноўлены ў Капылі – мемарыяльны знак на месцы былога Капыльскага гета і помнік на брацкіх могілках. У Грозаве ўзведзены мемарыял яўрэям Грозава і Канюхоў. У вёсцы Камсамольская (Пукава) на брацкіх могілках была ўсталявана скульптура жанчыны з дзіцем. У вёсцы Душава таксама ўстаноўлены помнік.
Шмат год назад скончылася вайна – самая страшная ў ХХ стагоддзі. Аднак пах таго пораху і ў ХХІ стагоддзі чуваць у паветры. Мы не ведаем жахаў вайны, мы не бачылі спаленых вёсачак, разбураных гарадоў, не чулі стогнаў параненых, плачу ў гета дзетак і жанчын. Але мы павінны добра ўсведамляць, што такое вайна, што яна прынесла добрым людзям шмат страт, гора, пакуты і слёзы.
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
пазаштатны аўтар «СП»
Комментарии