Яе ўручаюць непасрэдна пасля галасавання на выбарчых участках. Такім чынам для іх ствараюць атмасферу ўрачыстасці і значнасці падзеі, падкрэсліваюць важнасць актыўнага ўдзелу моладзі ў палітычным жыцці краіны.
Такі асаблівы падарунак напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў ЦВК Беларусі. Гэтае ўнікальнае выданне асвятляе важныя аспекты беларускай дзяржаўнасці, нацыянальныя сімвалы і культурную спадчыну нашай краіны. У ім сабраны гістарычныя матэрыялы, апавяданні аб фарміраванні дзяржаўнай сімволікі, а таксама інфармацыя аб ключавых падзеях, якія адыгралі важную ролю ў развіцці сучаснай Беларусі.
Знакі-сімвалы ёсць у кожнай краіны. У іх фармаванні велізарную ролю адыгрываюць традыцыі і менталітэт народа, яго светапогляд, а таксама важныя гістарычныя падзеі. У кнізе «Сімвалы суверэннай Беларусі» прадстаўлены 23 сімвалы. Кожны з іх прайшоў праверку часам або мае непасрэднае дачыненне да сучасных рэалій і стаў сімвалам за гады суверэнітэту. Як, напрыклад, Палац Незалежнасці, які разам з плошчай Дзяржаўнага флага, Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паркам Перамогі і стэлай «Мінск – горад-герой» утвараюць сучасны знакавы сталічны квартал – месца сілы суверэннай Беларусі.
Ёсць сімвалы, якія нам дасталіся ад продкаў, ад савецкага часу – Хатынь, Курган Славы. Але разам з тым за апошнія дзесяцігоддзі ўзніклі Ола, Чырвоны бераг – сімвалы нязломнай стойкасці нашага народа, на якіх мы вучым дзяцей. Ёсць аб’яднаўчы сімвал кветкі Перамогі, які ўзнік таксама ў наш час.
Акрамя змястоўных артыкулаў у кнізе чытач знойдзе QR-коды, з дапамогай якіх можна здзейсніць віртуальнае падарожжа ў Белавежскую пушчу, убачыць, як расце лён на беларускіх палях, як вырабляюць адзін з нашых нацыянальных здабыткаў – слуцкі пояс, наведаць Храм-помнік у гонар Усіх Святых у Мінску.
Кніга выпушчана выдавецтвам «Беларусь» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі. Надрукавана ў выдавецтве «Беларускі Дом друку». Аўтарам і складальнікам выступіў беларускі палітолаг Сяргей Мусіенка. У падрыхтоўцы выдання таксама прынялі ўдзел Ігар Марзалюк, Фёдар Поўны, Міхаіл Баразна і іншыя вядомыя людзі краіны. У мастацкім афармленні выдання «Сімвалы суверэннай Беларусі» прыняла ўдзел вялікая творчая група студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, іншыя маладыя мастакі.
Кніга прызначана для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі, хто ганарыцца краінай і напаўняе кожны свой дзень стваральнай працай у імя яе працвітання і дабрабыту. Любіць Беларусь, ведаць і з павагай ставіцца да яе сімвалаў – значыць быць сапраўдным грамадзянінам сваёй Радзімы.
Комментарии