Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Усадьба в Бобовне: здесь кипела жизнь

01.01.2025

Старадаўнія сядзібы займаюць асаблівае месца ў культурна-гістарычнай спадчыне Беларусі. Яны фарміраваліся ў адпаведнасці са стылявымі патрабаваннямі гістарычных эпох, у рэчышчы развіцця агульнаеўрапейскай культуры з улікам гістарычных, эканамічных, прыродных умоў і мясцовых традыцый. Вялікае значэнне мелі таксама лад жыцця і эстэтычныя запатрабаванні іх уладальнікаў. Сядзібы фарміраваліся як радавыя гнёзды пакаленнямі. Адна з такіх сядзіб захавалася на Капыльшчыне, у в. Бабоўня, якой у розныя часы валодалі Радзівілы, Бярновічы, Наркевічы-Ёдкі.

Сёння, на жаль, яна не мае сапраўднага гаспадара, але калісьці тут віравала жыццё. Што можна пабачыць сёння ў Бабоўні, хто валодаў маёнткам у розныя гады? Пра гэта – у нашым матэрыяле.

Упершыню маёнтак з’явіўся тут у 2-й палове XVI ст. У XVII ст. ім валодалі Радзівілы, з XVIII ст. – Бярновічы. Менавіта Міхаіл Бярновіч заснаваў у сваім маёнтку Бабоўня мястэчка. У 1769 годзе тут была створана суконная мануфактура, сыравінай служыла мясцовая воўна, а фарбы дастаўляліся ці з Рыгі, ці з Кёнігсберга. У канцы XVIII ст. у мястэчку быў пабудаваны драўляны касцёл, асвечаны ў імя Архангела Міхаіла, які меў у бакавым алтары пасярэбраную статую святога Антонія Падуанскага...

У 1823 годзе маёнтак набылі Наркевічы-Ёдкі. Адным з ула-дароў сядзібы быў Вітальд – выпускнік універсітэта ў Дэрпце, вядомы хірург-акуліст, стрыечны брат выдатнага беларускага вучонага, прафесара Якуба Наркевіча-Ёдкі. Вітальд праславіўся як выдатны ўрач, і за гэта яго прозвішча было ўключана ў амерыканскую медыцынскую энцыклапедыю. Ён пазнаў вопыт хірургіі ў Варшаве, Берліне. Дзякуючы свайму занятку і папулярнасці Вітальд пазнаёміўся з будучай жонкай. Аднойчы да яго ў лячэбніцу завітала маладая, прыгожая дзяўчына, якой неабходна была дапамога ўрача. Вітальд доўга абследаваў Марыю (так звалі дзяўчыну) і прызначыў ёй курс лячэння, разлічаны на месяц. За гэты час Вітальд не толькі вылячыў зрок царскай фрэйліне Марыі Сакаловай-Скварцовай, але і прапанаваў выйсці за яго замуж. У апошнія гады свайго жыцця Вітальд Наркевіч-Ёдка разам з жонкай у сядзібе арганізавалі лячэбніцу, дзе ён вылечваў цяжкіх, нярэдка безнадзейных хворых.

Родны брат Вітальда – выдатны інжынер Ян Сільвестр Наркевіч-Ёдка – меў невялікі маёнтак ля Капыля ў Кацельніках. Яго жонка Алена прыходзілася пляменніцай Яну Дамброўскаму (польскі ваенны дзеяч, удзельнік напалеонаўскіх войнаў). Праз Яна Сільвестра мы выходзім на дэлегата I з’езда РСДРП у Мінску дэмакрата-юрыста Казіміра Ада-мавіча Петрусевіча, які быў у шлюбе з яго дачкой Янінай...

Па спадчыне маёнтак у Бабоўні перайшоў сыну Вітальда – Вітальду малодшаму (1864-1924 гг.). Ён з юнацтва практычна не жыў у радавой сядзібе і ў рэшце рэшт яе прадаў.

У 1901 годзе Яніна Траскуляцкая выкупіла ў Наркевічаў-Ёдкаў зямлю зусім побач з іх сядзібай і пабудавала на ёй спіртавы завод. На гэтым заводзе працавала восем наёмных рабочых. Будынак мае цікавую арыгінальную канструкцыю, пабудаваны ў традыцыйных формах прамысловай архітэктуры пачатку ХХ ст. Будынкі спіртзавода і склад былі размешчаны адасоблена (цяпер у складзе сельскай забудовы). Таўшчыня сцен была на зайздрасць сярэднявечнаму замку – можна было страляць з гарматы. Гэты будынак захаваўся ў Бабоўні да сённяшняга дня, хаця не пазбег перабудоваў, але структура яго засталася. Праз дарогу ад будынка завода быў пабудаваны ў падобнай архітэктурнай манеры склад сыравінных матэрыялаў.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны структура мястэчка была перапланавана. Спіртзавод Яніны Траскуляцкай захаваўся практычна без значных змяненняў. Яшчэ да вайны ў ім зладзілі калгасны млын, які праіснаваў да 1990-х гадоў. Акрамя будынку ад былога маёнтка захаваўся парк (фрагмент) і водная сістэма.

Фрагменты былой сядзібы ў Бабоўні рашэннем Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны № 5 ад 16 сакавіка 1994 г. уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэс-публікі Беларусь.

На жаль, былы сядзібны комплекс захаваўся фрагментарна: часткова стары парк, водная сістэма, спіртзавод (стаіць адасоблена сярод вясковай забудовы).

Мы жывем сучасным, але думаем аб будучыні. Аднак ці можна ісці наперад, не выкарыстоўваючы багаты скарб мінулага. Безумоўна, немагчыма адначасова аднавіць тое, што страчвалася гадамі, на працягу стагоддзяў, але пра тыя гістарычныя помнікі, звязаныя з людзьмі, якія праславілі не толькі нашу мясцовасць, але і ўвесь свет, мы павінны клапаціцца ў першую чаргу.

Фрагменты былой сядзібы ў Бабоўні ўключаны ў экскурсійны маршрут «Па былых сядзібах і парках Капыльшчыны».

Таццяна ВАРАНЦОВА, старшы навуковы супрацоўнік Капыльскага раённага краязнаўчага музея


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей