Летапіс сям’і пачаўся на Капыльшчыне
Станіслаў Тадэвушавіч родам з Дзяржынскага раёна, жонка – з Мінска. Да размеркавання пасля заканчэння ўніверсітэтаў з Капыльшчынай іх нічога не звязвала. Аднак сталася так, што населены пункт, які калісьці быў толькі кропкай на карце, стаў значнай часткай сумеснай біяграфіі. Педагагічная адукацыя прывяла абодвух у цяперашні Капыльскі дзяржаўны каледж. Калі ж праз некаторы час пасля працаўладкавання лёс паставіў Святлану Яўгеньеўну перад выбарам, застацца на Капыльшчыне ці змяніць раён жыхарства, яна выбрала першае: вельмі ж па сэрцы прыйшоўся малады калега-выкладчык Станіслаў. Праўда, з цягам часу месца працы яна ўсё ж змяніла, але ў межах раёна (Святлана Яўгеньеўна выкладае фізіку ў гімназіі № 1 г. Капыля). Станіслаў Тадэвушавіч і да гэтага часу працуе ў каледжы.
Вяселле зладзілі ў 1990 годзе, акурат пасля Каляд – 28 снежня (дарэчы, рашэнне аб вянчанні ў касцёле прыйшло значна пазней, толькі восем гадоў таму). Неўзабаве нарадзіліся трое дзяцей: праз год пасля шлюбу з’явіўся на свет першынец Святаслаў, мінула яшчэ чатыры гады – нарадзілася дачушка Ганна, у 2002 годзе – малодшы Яўгеній. А год таму Станіслаў Тадэвушавіч і Святлана Яўгеньеўна набылі новы статус – сталі дзядулем і бабуляй. Унук Міхаіл цяпер для іх – невымоўная ўцеха і радасць. Словам, жыццё ідзе сваім ходам. Дзеці абзаводзяцца сям’ямі, раз’ехаліся па іншых гарадах. Аднак быццам прыцягвае да сябе святло каляднай свечкі ў бацькоўскім доме і нязменнай застаецца традыцыя збірацца там на Каляды.
Дзіцячыя ўспаміны
Станіслаў Тадэвушавіч родам з такой мясцовасці, дзе вельмі прытрымліваліся веры – нават тады, калі яна была пад забаронай. Як ні змагаліся тагачасныя партыйныя работнікі, а рэлігія ў сям’і Свяцкіх працягвала жыць. Праўда, з-за пануючай ідэалогіі бацька Станіслава Тадэвушавіча, хоць і быў праўдзівым вернікам, асцерагаўся за дзяцей, стараўся занадта не ўцягваць іх у рэлігійныя пытанні. Так сталася, што хрысціўся Станіслаў Тадэвушавіч ужо ў свядомым узросце – у 33 гады.Дарэчы, яго бацькі равеснікі-юбіляры – абодвум хутка споўніцца па 90 гадоў.
– У памяць аб тым, дзе нарадзіўся Хрыстос, бацька клаў на стол сена. Паверх яго маці засцілала абрус – абавязкова льняны, даматканы, – распавядае свае ўспаміны гаспадар. – Пасярэдзіне стала ставілі свечку ці, калі яе не было дзе набыць, запальвалі газнічку. Ставілася 12 посных страў і, канечне, хлеб. Адной з асноўных страў была верашчака – адмысловы суп, вараны з селядцовых галоў і грыбоў з дабаўленнем разнастайных прыпраў і аржаной мукі. Ох, і смачна ж было! Запомнілася, што пасля таго, як садзіліся за стол, запальвалі свечку, выключалі святло і глядзелі, ці відаць цень. Верылі, што калі ён ёсць, значыць наступныя Каляды прычакаеш.
Святло каляднай зоркі
Тое, што бачыў у дзяцінстве, Станіслаў Тадэвушавіч потым перанёс і ў сваю сям’ю. На шчасце, з набыццём свечак зараз праблем няма. Такая ж сітуацыя і з аплаткамі – адным з галоўных атрыбутаў каталіцкіх Каляд. Іх у савецкі час, калі пашанцуе, акольнымі шляхамі Свяцкім дастаўлялі з Польшчы. У гэтым тоненькім белым хлебцы – вялікая сіла і духоўны сэнс для каталікоў. Гэта сімвал прымірэння і прабачэння, знак сяброўства, любові, выражэнне радасці быць разам.
Пасля з’яўлення на небе першай зоркі, сям’я Свяцкіх збіраецца за сталом. Чытаюць Евангелле. Затым гаспадар усім па чарзе, але з улікам пэўнай іерархіі, дае адшчыкнуць кавалачак ад сваёй аплаткі. Да кожнага, з кім ён дзеліцца, звяртаецца з пажаданнямі. Пасля Станіслава Тадэвушавіча наступае чарга наступнага члена сям’і дзяліцца аплаткаю і выказваць свае словы. Адразу ідзе жонка, потым сыны, дачка. І гэта, з аднаго боку, вельмі адказна, а з другога – замілавальна. А яшчэ за калядным сталом у Свяцкіх прынята пакідаць сервіраванае незанятае месца. Навошта? Ды для любога чалавека, які на свята зойдзе ў хату і будзе прыняты як жаданы госць.
Пасля каляднай вячэры накіраваюцца ў касцёл на святочную Імшу. Затым настае чарга падарункаў, якія загадзя старанна рыхтуюць і беражліва ўкладваюць пад елку. Дарэчы, у сям’і Свяцкіх вельмі паважліва ставяцца да прыроды, пагэтаму зялёная прыгажуня ў іх штучная. Аднак яна застаецца абавязковым калядным атрыбутам. Яе ўбранства на асаблівым кантролі. Зорка, што замацоўваецца на верхавіне, нагадвае пра Бэтлеемскую зорку, якая прывяла да навароджанага Езуса Трох Каралёў. Упрыгожванні перыядычна абнаўляюцца, з’яўляюцца новыя цікавыя экзэмпляры. Так, сярод бліскучых цацак выдзяляецца незвычайны шар, прывезены ажно з Ватыкана.
Вялікая ўвага надаецца і іншым сімвалам Каляд. У іх ліку адвэнтавы вянок з чатырма свечкамі. У першую нядзелю Адвэнту (перадкалядны перыяд у каталікоў, пост) запальваецца адна свечка, у другую – дзве і гэтак далей. З кожным тыднем агонь палае ўсё ярчэй. Разам з запальваннем свечак чытаюць малітвы, прычым неабавязкова па малітоўніку – галоўнае, каб яны ішлі ад сэрца. Гаспадар падкрэслівае, што асноўным пры захаванні паста з’яўляецца зусім не ўстрыманне ад пэўнай ежы (хаця і гэта важна), а чысціня думак, шчырая малітва, добрыя справы і міласэрнасць. Добра ў гэты час кожнаму верніку памятаць і пра неабходнасць наведвання касцёла. Што датычыць самога Станіслава Тадэвушавіча, то ён непасрэдна звязаны з каталіцкім касцёлам Святых Пятра i Паўла ў Капылі – мужчына прыслужвае святару падчас справавання святой Імшы і іншых літургічных набажэнстваў. Малодшы сын Яўгеній, як і бацька, міністрант (памочнік-міранін), калі вучыўся ў школе, пастаянна дапамагаў на службах у касцёле. Зараз жа – калі прыезжае да бацькоў на выхадныя і вакацыі.
Замест пасляслоўя
– Вера – гэта падтрымка мяне і маёй сям’і, павага да другіх, уменне прабачаць крыўду, – дзеліцца гаспадар. – Мы жывём у такі час, калі людзі сталі азлобленыя, адзін аднаму слова добрага сказаць часам не могуць. Думаю, што праблемы, якія існуюць у сучасным грамадстве – алкагалізм, бандытызм, войны – адбываюцца менавіта з-за адсутнасці веры.
Днямі вялікая сям’я Станіслава Тадэвушавіча і Святланы Яўгеньеўны ў чарговы раз збярэцца за калядным сталом. І будзе ў чарговы раз у хаце Свяцкіх панаваць свята, а яшчэ – шчасце. Бо гэта ж яно і ёсць, сапраўднае шчасце: у такое цёплае, дамашняе, кранальнае і прыгожае свята, нягледзячы ні на што, быць разам, ламаць аплаткі і жадаць адзін аднаму самага найлепшага.
Фота аўтара і з сямейнага архіва Свяцкіх
Комментарии