Для трынаццаці нашых землякоў восеньскага прызыву-2024, будучых абаронцаў Дзяржаўнай граніцы, «праводзіны» прайшлі ў адасобленай групе ваеннага камісарыята Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў.
Як расказаў кіраўнік адасобленай групы Капыльскага раёна Віталь Новік, адпраўка ідзе па плане ва ўсе роды войскаў: сілы спецыяльных аперацый, танкісты, супрацьпаветраная абарона, пагранічнікі, унутраныя войскі. Таксама ваенны камісар адзначыў пазітыўны настрой прызыўнікоў, нягледзячы на сённяшнюю абстаноўку ў свеце.
– Крытэрыі адбору навабранцаў вельмі строгія, бо абавязак салдат – несці службу па ахове Дзяржаўнай граніцы, – адзначыў Віталь Новік. – Так, будучыя пагранічнікі павінны быць здаровымі, інтэлектуальна развітымі, выхаванымі, не мець сур’ёзных адміністрацыйных і тым больш крымінальных правапарушэнняў. – Сёння навабранцы накіроўваюцца ў лепшыя, элітныя падраздзяленні. Спадзяюся, гэта будзе адзін з самых запамінальных дзён у вашым жыцці. У цяперашні час для вайскоўцаў створаны ўсе ўмовы для таго, каб нармальна выконваць пастаўленыя задачы, асвойваць новыя спецыяльнасці. Хацелася б, каб, прыйшоўшы ў армію, вы сталі годнымі абаронцамі нашай Айчыны. Пасля заканчэння службы ў войску вы набудзеце бясцэнны вопыт, пачынаючы ад простых бытавых рэчаў, заканчваючы атрыманнем прафесіі. Асноўная функцыя ваеннаслужачых – абараняць народ, дзяржаву, яе цэласнасць.
Капылянін Ілля Камінскі ў гэты восеньскі прызыў атрымаў, паводле яго слоў, доўгачаканую павестку. Служыць ён будзе ў пагранічных войсках.
– Пасля заканчэння Капыльскага дзяржаўнага каледжа некаторы час працаваў, – расказаў Ілля. – Бацькі вельмі пазітыўна аднесліся да таго, што я адпраўляюся ў войска. Планую набрацца вопыту, загартавацца маральна і фізічна. Настрой баявы, і служба ў арміі мяне не палохае. Лічу, што кожны юнак абавязкова павінен яе прайсці, калі няма супрацьпаказанняў па стане здароўя. Цяжкасці, якія, магчыма, і ўзнікнуць, змагу пераадолець.
Кіраўнік адасобленай групы Віктар Новік уручыў юнакам ваенныя білеты, пажадаў хутка ўліцца ў вайсковы строй, авалодаць сучасным узбраеннем і тэхнікай. Ён выказаў упэўненасць, што прызыўнікі Капыльшчыны на высокім узроўні будуць выконваць пастаўленыя камандаваннем задачы, навучацца вытрымцы, пасталеюць, спазнаюць, што такое адказнасць, вайсковая таварыскасць, самаадданасць.
Фота аўтара
Комментарии