Прыхільнікі таленту самабытнага паэта, многія вершы якога сталі песнямі, яго былыя калегі і аднадумцы сабраліся ў раённым цэнтры культуры: у былога настаўніка, члена літаратурнага аб’яднання «Вясёлка» і арганізатара шматлікіх добрых спраў адбыўся творчы вечар «Майго натхнення стала ты крыніцай…»
Некаторыя вехі жыцця аўтара, шчырыя словы ўспамінаў аб сумеснай працы, сардэчныя пажаданні ўсіх даброт перамежваліся з творамі ў выкананні самога віноўніка ўрачыстасці і вядомых на Капыльшчыне спевакоў і калектываў. Са сцэны гучалі песні на словы Мікалая Майсюка ў выкананні народнага аркестра народных інструментаў «Капыльскія дудары» і Вольгі Даманскай, народнага ансамбля народнай песні «Спадчына», народнага жаночага вакальнага ансамбля «Аліра». Знайшлі сваё месца творы Мікалая Пятровіча ў рэпертуары Вячаслава Курчыка і Генадзя Кіслага, Станіслава Цвіркі і Уладзіміра Дрожжы, Ульяны Роман і Канстанціна Шыманскага, Людмілы Давідоўскай і Віктара Ганчара.
Мікалай Майсюк родам з Пясочнага. Ён з тых, пра каго кажуць: «дзе нарадзіўся – там і прыгадзіўся», бо пасля заканчэння Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Танка вярнуўся ў родны раён. Першым месцам працы стала Капыльская дапаможная школа-інтернат. Пра гады станаўлення маладога педагога ўзгадала старшыня раённага Савета ветэранаў Людміла Камёнка, якая доўгія гады ўзначальвала раённую прафсаюзную арганізацыю педагогаў. «Мяне перапаўняе пачуццё гонару за тое, што вельмі даўно знаёма з гэтым цудоўным чалавекам, – адзначыла Людміла Міхайлаўна. – Мікалай Пятровіч быў самым актыўным удзельнікам нашага настаўніцкага жыцця. Спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты, нейкія грамадска-палітычныя справы – ён заўсёды ў першых радах».
Пра гады сумеснай працы ў дапаможнай школе ўзгадала і былая настаўніца пачатковых класаў Вольга Крэпская.
«Мне вельмі пашанцавала, што жыццё падаравала сустрэчу з Мікалаем Майсюком, такім цікавым чалавекам, аптымістам па жыцці», – распачала сваё выступленне былы дырэктар Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі Таццяна Серая. Яна падзялілася сваімі ўспамінамі аб удзеле Мікалая Пятровіча ў літаратурным аб’яднанні «Вясёлка», абласным аб’яднанні «Жывіца». Таццяна Пятроўна падарыла віноўніку ўрачыстасці невялікі зборнік вершаў, падрыхтаваны раённай бібліятэкай.
Дарэчы, Мікалай Майсюк – часты ўдзельнік і нават пераможца шматлікіх літаратурных конкурсаў і фестываляў. Так на ІІ Міжнародным фестывалі аўтарскай песні і самадзейных паэтаў «Вецер удачы» ў 2018 годзе ён атрымаў Дыплом І ступені ў намінацыі «Паэзія» і права на творчы вечар на музычна-паэтычным радыё «Акіян Плюс» з ратацыяй пяці твораў. Сёлета ў абласным конкурсе літаратурнай творчасці інвалідаў быў ўдастоены Дыплома і статуэткі белага колеру.
Творчасць Мікалая Пятровіча шматгранная. Гэта творы пра каханне і любоў да сваёй малой радзімы, пра свае карані, дарагіх і блізкіх яму людзей. У яго паэтычнай скарбонцы нямала вершаў, прысвечаных захаванню гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае нашых продкаў. Увогуле тэма патрыятызму для аўтара – вельмі важная. І сваіх вучняў ён заўсёды вучыў захоўваць і берагчы родны край і памятаць пра тых, хто загінуў за незалежнасць краіны. Магчыма таму заўсёды існавала цесная яго сувязь з грамадскімі аб’яднаннямі патрыятычнага кірунку. Гэта адзначыў падчас свайго выступлення Барыс Дзенісюк, намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў», які за актыўную работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі ўручыў Мікалаю Майсюку грамату.
Застанецца ў Мікалая Пятровіча на добрую памяць з нагоды аўтарскага вечара і Падзяка, якую зачытала напрыканцы вечарыны, вельмі душэўнай і шчырай, яе вядучая Людміла Давідоўская. А фінальная «Развітальная» песня пакінула надзею, што такога кшталту мерапрыемствы будуць больш запатрабаваныя ў нашых землякоў.
Фота аўтара
Комментарии