Чароўныя ўзоры
У Бучацінскім сельскім доме культуры адкрылася выстава па вышыўцы «Чароўныя ўзоры», дзе прадстаўлены работы 60-70 гг. ХХ ст. Тут можна ўбачыць неверагоднай прыгажосці ўзоры (на здымку), вышытыя рукамі Надзеі Піліпаўны Муравейкі. З якой любоўю і трапятаннем яны былі выкананы! Вяскоўцы ўдзячны гэтай дзіўнай жанчыне за тое, што яны сёння могуць убачыць такую прыгажосць.
Звароты праз вайбер
Для інфармавання насельніцтва Бучацінскага сельСавета аб аварыйных сітуацыях на інжынерных сетках, работах па іх ухіленні, запланаваных мерапрыемствах па рамонце аб’ектаў транспартнай інфраструктуры і іншых праблемах жыццезабеспячэння створаны вайбер-канал «Бучацінскі сельсавет». Цяпер вяскоўцы могуць атрымаць адказы на актуальныя пытанні, а таксама паразмаўляць, звярнуцца па дапамогу да прадстаўнікоў органаў улады.
Цікавыя экскурсіі
Навучэнцы Бучацінскай сярэдняй школы наведалі раённы краязнаўчы музей (на здымку), у прыватнасці экспазіцыю, прысвечаную генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Прадстаўленыя матэрыялы адлюстроўваюць тыя жахі, якія прыйшлося перажыць нашым землякам у гады вайны.
Таксама школьнікі наведалі цэнтр бяспекі пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна. Тут не чытаюць сумных лекцый, а пры дапамозе сучасных інфармацыйных тэхналогій мадэлююць рэальныя надзвычайныя сітуацыі, у якіх дзяцей і дарослых вучаць правільным дзеянням.
Мамам прысвячалася
Дзень маці супадае з Пакровам Прасвятой Багародзіцы, бо мама заўсёды ахутвае нас сваім покрывам цяпла, утульнасці і дабрыні. Таму работнікі Жыліхаўскага сельскага дома культуры і мясцовай бібліятэкі цёпла павіншавалі жанчын аграгарадка падчас правядзення ўжо традыцыйнай вулічнай акцыі «Кветкі для мамы».
Для самых дарагіх жанчын прайшоў міні-канцэрт «Па якой бы ты ні ішоў сцежцы, маміна любоў над ёю свеціць». Дзеці цёплымі словамі павіншавалі са святам сваіх матуль, падарылі ім прыгожыя песні, а затым уручылі сувеніры, зробленыя сваімі рукамі.
Комментарии