– На конкурсе быў прадстаўлены выраб у тэхніцы насціл, ці працяг, – удакладніла Таццяна Мікалаеўна. – Гэты від вышыўкі на Беларусі бытаваў вельмі абмежавана, толькі ў асобных рэгіёнах Міншчыны, у тым ліку на Капыльшчыне. Пагэтаму яго можна назваць унікальным. А прадставіць на конкурсе сваё, адметнае для мяне заўсёды ў прыярытэце. Бо гэта захаванне спадчыны. Трэба адзначыць, што ўдзелу ў творчых конкурсах заўсёды папярэднічае грунтоўная падрыхтоўка. Таму, канешне, спадзяешся на вынік. І тое, што работа знайшла водгук у сэрцах прадстаўнікоў журы і гледачоў, вельмі прыемна. Да таго ж перамога заўсёды надоўга зараджае станоўчымі эмоцыямі і настройвае на далейшую плённую творчую працу.
На конкурсе «Чароўныя пяльцы» было высока адзначана майстэрства і другіх прадстаўнікоў Капыльшчыны. Так, Дыпломам I ступені ў намінацыі «За высокую якасць тэхнічнага выканання і мастацкае рашэнне (кампазіцыя, колер) вышыўкі» ўзнагароджана народны майстар Беларусі, майстар народных мастацкіх рамёстваў раённага цэнтра ткацтва Вера Нікалаевіч. Дыпломам III ступені «Лепшая хатняя калекцыя твораў вышыўкі, шырыня асартыменту вышываных вырабаў» адзначана майстар народнага клуба майстроў народнай творчасці «Скарбонка» Ганна Торык.
Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ
Комментарии