Як паказвае практыка, тэма актуальных пытанняў гісторыі нашай краіны пазнавальная і цікавая розным пакаленням людзей. У дыялогу прынялі ўдзел пракурор Капыльскага раёна Віталь Афанасенка, навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Андрэй Лятчэня, старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Наталія Прохарава. З залы гучалі выказванні педагогаў і навучэнцаў з акцэнтам на захаванне гістарычнай памяці. Удзельнікі дыялогу былі адзіныя ў меркаванні, што, калі ідзе размова пра мінулае нашай краіны, гэтыя падзеі заўсёды маюць праекцыю на дзень сённяшні.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, Віталь Афанасенка адзначыў, што Дзень народнага адзінства – свята маладое, але вельмі значнае для ўсіх. Ён нагадаў, што ў гэты дзень у 1939 годзе ў выніку вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь беларускі народ быў уз’яднаны. Адзінства было адноўлена. Гэта падзея адыграла значную ролю ў далейшым лёсе нашай Радзімы, яе суверэнным развіцці. Не пакінуў па-за ўвагай Віталь Міхайлавіч і тэму Вялікай Айчыннай вайны, генацыду беларускага народа.
– Гісторыя раскрываецца ў праўдзівых фактах і мае пад сабой рэальную аснову, – падкрэсліў Андрэй Лятчэня. – Для таго, каб зразумець, чаму мы святкуем 17 верасня, трэба ўспомніць, што ў сакавіку 1921 года нас падзялілі, не спытаўшы. Беларусы ніколі не хацелі быць у складзе Польшчы. А яна да 1921 года па праве моцнага захапіла тое, што ёй не належала. Гэта трэба памятаць. Мы вялі крывавую партызанскую вайну ў 1921-1925 гадах. Нягледзячы ні на што, Беларусь стала адзінай. Мы, беларусы, на працягу дзесяцігоддзяў беражліва захоўвалі памяць аб гэтай даце. А 2021 год паказаў, што Дзень народнага адзінства аб’яднаў беларусаў. Менавіта па прапанове людзей Дзень народнага адзінства абвешчаны дзяржаўным святам. Гэта частка нашай нацыянальнай гісторыі і нацыянальнай ідэнтычнасці.
Наталія Прохарава падкрэсліла, што для цімкаўлян гэта свята асаблівае і з шырокім размахам яно адзначалася яшчэ да надання яму дзяржаўнага статусу. У гэтых мясцінах асабліва шануюць памяць пра падзеі 1939 года, менавіта тут праходзіла мяжа паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю, тут размяшчаўся 17-ы Чырванасцяжны пагранічны атрад.
Наталія Мікалаеўна адзначыла, што калі народ салідарны, калі ў грамадстве пануе яднанне, мір і згода, шануюцца традыцыі, то абавязкова рэалізуецца права на самавызначэнне. Наша гісторыя складаная, неадназначная ў многіх аспектах, але ў кожным гістарычным перыядзе ёсць факты патрыятызму, якімі мы ганарыліся і будзем ганарыцца.
Закончылася мерапремства экскурсіяй для ганаровых гасцей у школьны музей пагранатрада.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии