Более 400 смельчаков из разных уголков нашей страны встретились на гостеприимной копыльской земле, чтобы поучаствовать в эффектном забеге, преодолеть необычайные препятствия и получить массу позитивных эмоций.
Урачыстае адкрыццё спартыўнага свята адбылося на тэрыторыі Капыльскага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, дзе з прывітальным словам да ўдзельнікаў спаборніцтваў – сямейных каманд, навучэнцаў устаноў адукацыі, прафесійных спартсменаў, аматараў экстрэмальных відаў спорту і ўсіх, хто вядзе здаровы лад жыцця, звярнулася начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Капыльскага райвыканкама Алена Карповіч. Яна пажадала ўсім бадзёрасці духу, удалых стартаў і добрага настрою. Галоўны суддзя спаборніцтваў Валерый Койпіш праінструктаваў удзельнікаў і даў старт прыгодніцкаму забегу.
Спаборніцтвы пачаліся з дзіцячага і сямейнага забегаў. Самыя маленькія спартсмены пераадолелі дыстанцыю 400 метраў, удзельнікі сямейнага забегу ў зручным для кожнага тэмпе прабеглі 1,5 кіламетра. За фінішнай рысай усіх бегуноў узнагародзілі памятнымі медалямі і прызамі.
Наступнымі ля стартавай лініі сабраліся хлопчыкі і дзяўчынкі старэйшага ўзросту, гатовыя праверыць сваю трываласць на дыстанцыі 1,5 кіламетра з перашкодамі. Так, пасля прабежкі па гарадскім стадыёне юных удзельнікаў чакалі водныя працэдуры – бег па рацэ. Прыйшлося пакараць і Замкавую гару: калі наверх спартсмены падымаліся на карачках, то ўніз ужо проста слізгалі. На працягу ўсёй дыстанцыі іх падтрымлівалі сябры, родныя і трэнеры.
Тым часам на футбольным полі разміналіся тыя, хто вырашыў выпрабаваць сябе на самай цяжкай, але самай цікавай дыстанцыі – 10 кіламетраў. Роўна ў поўдзень яны выйшлі на старт. Удзельнікаў забегу чакала насычаная паласа перашкод: ралля (арыенціровачна больш за два кіламетры), бег па чароце з брудам, гразевы ручай, «Пиннокио» (пад’ём па шчыце пры дапамозе палак). Ім трэба было яшчэ раз пераадолець шчыты, кантаваць шыны, перанесці мяшкі з пяском і бетонныя шары. Чакала бегуноў і Замкавая гара: два пад’ёмы пры дапамозе вяроўкі і на карачках. Па словах арганізатара спаборніцтваў Сяргея Зыкава, навінкай гэтага года стала неабходнасць пераплысці возера ў адзенні (150-160 метраў). Для тых, хто не ўмее плаваць або па нейкіх прычынах не змог, была прадугледжана дадатковая дыстанцыя (700-800 метраў) праз цяжкадаступны чарот. Гэта дадало яшчэ больш экстрыму і без таго насычанай трасе.
Чым больш складаная дыстанцыя, тым больш радасны фініш. Хтосьці з удзельнікаў атрымаў сапраўднае задавальненне ад забегу па такой унікальнай паласе перашкод, а хтосьці ў літаральным сэнсе валіўся з ног. Але галоўнае – усе дайшлі да фіналу, прадэманстраваўшы незвычайную трываласць. За гэта – заслужаныя гучныя апладысменты.
Пасля велізарнай фізічнай нагрузкі ўсе ўдзельнікі гонкі маглі аднавіць свае сілы і падсілкавацца сакавітым кавуном, якім частавалі валанцёры Беларускага Чырвонага Крыжа. Усе жадаючыя прымалі падбадзёрлівы «душ», у гэтым дапамаглі супрацоўнікі Капыльскага РАНС. На працягу ўсёй трасы спартсменаў падтрымлівалі валанцёры – актывісты БРСМ, якія пры неабходнасці паказвалі маршрут, а таксама прапаноўвалі пітную ваду. А каб выключыць надзвычайныя сітуацыі і непрадбачаныя выпадкі, дзяжурыла брыгада хуткай медыцынскай дапамогі Капыльскай ЦРБ, а таксама спецыялісты АСВОД.
Яркай атрымалася цы-рымонія ўзнагароджання. Вельмі прыемна, што сярод пераможцаў забегу нямала капылян. Так, другое месца сярод юнакоў 11-12 гадоў у забегу на 1,5 кіламетра другое месца заняў Данііл Пташук. У катэгорыі юнакоў 13-14 гадоў на гэтай жа дыстанцыі капыляне занялі ўвесь п’едэстал. Гэта Мікіта Козел, Дзмітрый Чаркас і Пётр Давідовіч. Другі раз (першы ў мінулым годзе) абсалютным пераможцам гонкі на дыстанцыі 10 кіламетраў ва ўзроставай катэгорыі больш за 40 гадоў стаў Сяргей Місючэнка. Він-шуем з перамогай!
Усе ўзнагароды знайшлі сваіх герояў. Гасцінная капыльская зямля абавязкова сустрэне самых дзёрзкіх, самых смелых удзельнікаў, гатовых зрабіць выклік сабе, у наступным годзе. Прыязджайце, заваёўвайце трасу і пераадольвайце сябе!
Пасля гонкі сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі розных рэгіёнаў Беларусі.
Кірыл Кандыбовіч, г. Капыль:
– У гэтым забегу ўдзельнічаю сёмы раз запар, стараюся не прапускаць такое насычанае спартыўнае мерапрыемства. На дыстанцыі больш за ўсё спадабаўся бег па вадаёме, па перасечанай мясцовасці. Складаней за ўсё далося цяганне шын, пераскокванне праз салому.
Іван Астралёў, г. Гомель:
– Гонка – супер, другі раз бягу. Эмоцый вельмі шмат. У гэтым годзе на дыстанцыі дадалося плаванне. Аказалася вельмі складана. Але справіліся. Дзякуй усім вялікі! Ура!
Кацярына Прус, г. Мазыр:
– Я прадстаўнік вялікай і дружнай кампаніі, наша групоўка называецца «Палескі рэгіён». Сябры ўсе спартыўныя: бегаюць, скачуць, займаюцца. Я ўдзельнічаю другі раз, ёсць і тыя, хто прымае ўдзел і трэці, і чацвёрты раз, кожны год бегаюць. Гонка цяжкая, бегу шмат, шмат горак, шмат вады. Для тых, хто не ўмее плаваць, гэта вельмі складана. У гэтым годзе прыйшлося нават звярнуцца да дапамогі ратавальнікаў: садзілі на лодку і дастаўлялі на бераг. Але гэта не зламала мой дух, дух маіх сяброў. Гонка проста супер!
Таццяна ЗАХАРЭВІЧ. Фота Дзіяны ТКАЧЭНКІ, Аксаны МІХАЙЛОЎСКАЙ, Таццяны ЗАХАРЭВІЧ, Ганны МАТУСЕВІЧ, Сяргея КОЗЕЛА
Комментарии