Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Рассказываем, как прошел областной фестиваль «Капыльскія пацехі»

31.08.2024

І прагучалі жарты!

Нязвыклыя спевы чуліся на Алеі пісьменнікаў у райцэнтра. Інтэрактыўныя пляцоўкі запрашалі да сябе кожнага, хто хоць на хвіліну спыніўся каля выставы. А хутка прайсці не атрымлівалася: у адным месцы заклікалі на караоке, побач размясцілася палатка-кафэтэрый, дзе гасцей чакалі прысмакі і прыгожая афіцыянтка – пераапрануты мужчына, які вельмі добра ўжыўся ў ролю. На адной такой пляцоўцы «злавілі» і карэспандэнта – прыйшлося праверыць сваё веданне загадак, майстэрства рыбалкі і пераправы па купінах, а таксама спартыўную падрыхоўку са скакалкай і хулахупам. І прыпеўку пад гармонік праспяваць, як жа без гэтага! А ўсё адбылося ў рамках аздараўленчага санаторыя-прафілакторыя «Дубінскія фанабэры» з Валожынскага раёна. Цікава, з якой жа мэтай яны да нас завіталі? А ўсё проста – сёлета Дзень горада аб’яднаны з абласным фестывалем гульні і гумару «Капыльскія пацехі».

Ужо ў восьмы раз майстры гумару з Міншчыны сустракаюцца на капыльскай зямлі. Па традыцыі, у фестывалі ўдзельнічаюць творчыя калектывы і аб’яднанні аматараў, якія маюць спецыялізацыю гульнёвай і гумарыстычнай накіраванасці – гэта тэатры гумару і гульні, мініяцюр, забаўляльна-гульнёвыя калектывы. Акрамя таго, гледачы, якія прыйшлі на гэтае свята, атрымалі асалоду ад індывідуальных выступленняў выканаўцаў, якія дэманстравалі свае таленты ў розных жанрах – чытанне баек, гумарэсак, выкананне прыпевак. Журы было сур’ёзнае: старшыня прафесар педагогікі і сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Людміла Казлоўская, старшыня цыклавой камісіі «сацыяльна-культурная і дасугавая дзейнасць» Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Алена Амбражук, выкладчык кафедры педагогікі і сацыяльна-культурнай дзейнасці БДУКМ Юлія Іоўлева, рэжысёр народнага тэатра Бярэзінскага раённага цэнтра культуры Мікалай Пытляк.

Людміла Казлоўская звярнула ўвагу на тое, што фальклор для нас – сапраўдны здабытак. І менавіта таленты вобласці, якія з’язджаюцца на фестываль, фарміруюць культурныя каштоўнасці. Праз усе конкурсныя нумары чырвонай ніткай праходзяць тэмы прыроды, любові да роднага краю, чалавека і дзяржавы. І такія выступленні – прыклад эстэтычнага, патрыятычнага і грамадзянскага выхавання. Жартаўнікі са сцэны расказвалі прыгоды з вясковага жыцця, спявалі песні, чыталі байкі пра Капыль. Шмат было ўзаемадзеяння з гледачамі фестывалю: у прадстаўнікоў з Дзяржынскага раёна трэба было адгадваць складаныя загадкі, дзяўчаты з горада Маладзечна ў шлюбным агенцтве шукалі моцных капыльскіх мужчын, «Брэменскія музыкі» са Старадарожчыны арганізавалі ансамбль народных інструментаў, а клецкія майстры гумару адкрылі на сцэне сапраўдны санаторый-прафілакторый з народнымі метадамі лячэння. Капыльскія таленты таксама прадэманстравалі шыкоўныя тэатралізаваныя нумары.

Харызматычная Ульяна Дубовік сумесна з гасцямі свята знайшла рэцэпт добрага настрою, а вядомая ткачыха з аг. Семежава Таццяна Волкава ў вершаваных радках расказала гледачам, як яна збірае чамаданы на адпачынак – і самым вялікім аказаўся чамадан з узнагародамі майстрыхі. У гульнёвых праграмах каманда «Капыльскія пацехі» адлюстравала праблемы «Шопінгу па-капыльску», як бедны муж ужо не вытрымлівае пастаянныя вандроўкі па залах магазінаў, што купляюць сучасныя «модніцы» і як можна згубіць усю пенсію пасля выбару футра. У моманце, калі вакол беларускага рубля пачалі круціцца іншаземныя валюты, хацелася, каб хтосьці ўшчыпнуў, бо не верылася, што гэта зараз праходзіць каля сцэны. Шмат танцаў, песень, артыстызму і яркіх эмоцый – так хочацца апісаць нумар землякоў. Якасць выступленняў капылян ацаніла і калегія абласнога журы. Творчыя калектывы Капыльшчыны адзначаны дыпломамі лаўрэатаў у наступных намінацыях: Лаўрэат III ступені ў намінацыі «індывідуальныя выканаўцы» – Ульяна Дубовік. У гэтай жа намінацыі лаўрэат II ступені – Таццяна Волкава. Пераможцам жа стаў Міхась Міткевіч са Стоўбцаў. Лаўрэат II ступені ў намінацыі «гульнёвая праграма» народны тэатр гульні і гумару «Капыльскія пацехі». Крышку больш дасціпнымі за нашых землякоў аказаліся самадзейныя артысты з народнага маладзёжнага тэатра гульні «Балаган» Лагойскага РЦК. Лаўрэатам у намінацыі «Лепшыя калектывы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва» прызнаны Капыльскі раён.

Старшыня журы Людміла Казлоўская з цеплынёй расказала, як ёй прыемна пазнаваць сярод кіраўнікоў творчых калектываў выпускнікоў БДУКМ. Адна з такіх – Любоў Галубовіч, ідэйны кіраўнік і арганізатар тэатра гульні і гумару «Капыльскія пацехі».

Поспехаў талентам Капыльшчыны! Віншуем з высокімі ўзнагародамі і чакаем самых смешных і актыўных у наступным годзе! А моманты з выступаў можна пагледзець у нашым Telegram-канале.

Ганна МАТУСЕВІЧ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ

Фота аўтара


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей