Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Работы мастериц Копыльщины разных времен представлены на выставке «Посцілкі+»

13.08.2024

Творчасць ткачых Капыльшчыны самага рознага часу прадстаўлена на выставе «Посцілкі+», што праходзіць у межах праекта «Традыцыі і сучаснасць» у Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці.

Аснову выстаўкі склалі посцілкі 1950-1970-х гг. з калекцыі Капыльскага раённага Цэнтра ткацтва, Вілейскага краязнаўчага музея, фондаў народнага калектыву «Майстры Ігуменшчыны» Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і адпачынку. Акрамя гэтага наведвальнікі маюць добрую магчымасць убачыць посцілкі сучаснага народнага майстра Рэспублікі Беларусь і загадчыцы раённага цэнтра ткацтва Таццяны Волкавай, вытканыя ўжо ў 2000-х гг.

Пагадзіцеся, тканыя посцілкі – невычэрпная крыніца натхнення, унікальная культурная з’ява, што працягвае сваё жыццё і застаецца яркім элементам культурнай скарбонкі Капыльскага раёна, і ўсёй краіны ўвогуле. Дарэчы, тканыя вырабы старога ўзору прадстаўлены з вёсак Варонаўшчына, Цімкавічы, Руднікі, Браткава, Вялікая Раёўка, Лешня, Вуглы, Блеўчыцы, Лоцвіны, Кель.

– Посцілкі можна разглядаць як універсальны інструмент па стварэнні прыгожай і ўтульнай прасторы хаты, а таксама як унікальную «капсулу», што захоўвае традыцыйныя веды і яднае пакаленні, – расказвае Таццяна Волкава. – Гэты від мастацкіх тканін стаў найбольш папулярным у пасляваенны час – у 1950-1960-я гг. Посцілкі былі важнай часткай вясельнага пасагу, іх засцілалі на ложкі і канапы, лавы і куфры, ужывалі ў выглядзе абруса на святы, а таксама ў якасці спецыяльнага рэпрэзентатыўнага «фону» для фотаздымкаў. Зараз зборам гэтых посцілак і іх захаваннем займаемся мы, супрацоўнікі раённага цэнтра ткацтва.

Посцілкі старога ўзору ў асноўным выкананы майстрыхамі, якіх ужо, на жаль, няма ў жывых. Захаваннем іх творчай спадчыны займаюцца нашчадкі, у якіх мы, наведаўшы розныя вёскі, і ўзялі экспанаты. Але ёсць і тыя жанчыны, якія яшчэ жывуць. Напрыклад, Фаіна Данілаўна Тараповіч (1934 года нараджэння) з Цімкавіч прадставіла сваю посцілку. Народныя майстры Беларусі Вольга Дзмітрыеўна Мацкевіч (1933 года нараджэння) і Вера Васільеўна Нікалаевіч (1949 года нараджэння) з Семежава таксама выставілі свае творчыя работы.

– Што характэрна для посцілак? Перш за ўсё тое, што яны вытканы яшчэ з самапрадзеных ільняных ці шарсцяных нітак, якія былі афарбаваны ў хатніх умовах, – адзначыла Таццяна Мікалаеўна. – Па-другое, праз гэтыя самыя посцілкі можна прасачыць і гісторыю нашага раёна. Быў такі цікавы момант. Нам папалася посцілка з вёскі, якой ўжо не існуе. Гэта Пнівада. Выраб у свой час выткала Стульба Вольга Іванаўна, 1912 года нараджэння. Жанчыны ўжо няма, а памяць засталася. Выстава будзе працаваць да 15 верасня.

Фота РЦТ


Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/34213-raboty-masterits-kopylshchiny-raznykh-vremen-predstavleny-na-vystavke-postsilki#sigProIddc6524468b
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей