Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

В Копыльском краеведческом музее состоялось открытие выставки «Сярэднявечная зброя продкаў»

13.08.2024

У капылян з’явілася магчымаць пабачыць на свае вочы шэдэўры рэканструкцыі баявых касцюмаў XII – XVII стагоддзяў. Экспазіцыя «Сярэднявечная зброя продкаў» заняла пачэснае месца ў выставачнай зале Капыльскага раённага краязнаўчага музея. Экспанаты – частка вялікай калекцыі гісторыка Юрыя Усціновіча: адзінкі калекцыі займаюць залы археалагічнага музея «Верхні горад» у Мінску, вандруюць па краіне, выстаўляюцца на рэканструкцыях гістарычных падзей.

На адкрыцці выставы і знаёмстве з майстрам у музеі прысутнічалі выхаванцы аздараўленчых лагераў працы і адпачынку «Рытм» і «Вясёлка» СШ № 3 г. Капыля. Юныя гісторыкі з цікавасцю заходзілі ў залу, дзе іх чакалі рабочыя інструменты кавалёў, латныя наплечнікі, понажы, наручы і пальчаткі, шлемы і касцюмы ваяроў Сярэднявечча. Холад ляза мяча можна было адчуць сваімі рукамі: прадстаўлены экспанаты, да якіх можна дакранацца, а калі цікава – і апрануць. Сам Юрый адзначаў, што калекцыя, якую ён пачаў збіраць з 1993 года, – гэта больш стылізацыя, а не рэканструкцыя: па выявах зброі з гістарычных крыніц кавалі вырабляюць новыя адзінкі калекцыі. Але амуніцыя выглядае вельмі падобнай на тую, якую можна бачыць у падручніках па гісторыі Беларусі.

Юрый Усціновіч правёў для школьнікаў экскурсію па выставе, паступова распавядаючы цікавыя факты з часоў Вялікага княства Літоўскага. Закраналі і важныя гістарычныя моманты – хлопцы і дзяўчаты пачулі факты пра Грунвальдскую бітву, разгром мангола-татарскага іга пад Клецкам, пра жыццё шляхты і майстроў. Азнаёміліся з працай кавалёў – як з дапамогай простых абцугоў, молата і накавальні метал ператвараўся ў лязо. Дарэчы, адзін з мячоў, прадстаўленых на выставе, стаў добрай указкай для Юрыя і дапамагаў накіроўваць погляд дзяцей на неабходную частку экспаната. Па словах аматара гісторыі, меч у Сярэднявеччы – гэта не звыклая прылада, якая была ў кожнага. Такая зброя, калі перакладаць на сучасныя грошы, каштавала як палова аўтамабіля. Таму большасць ваяроў выходзіла з коп’ямі і шчытамі, у адзенні без накладнай засцярогі. Праца каваля таксама мела свае тонкасці, і я не пра таўшчыню ляза: метал трэба было добра прагрэць, раўнамерна насыціць вугляродам, каб будучы меч не зламаўся падчас бітвы. Розная канцэнтрацыя магла выкарыстоўвацца, калі неабходна была так званая «дамаская сталь» – халодная зброя атрымлівалася з асаблівымі малюнкамі. Экспанаты музея зроблены без такой тэхнікі, але погляд дзяцей затрымлівалі.

Што датычыцца адзення, то ў зале на манекене можна пабачыць касцюм скандынаўскага воіна – ад кашулі да кісета, упелянд – верхняе адзенне феадалаў у эпоху позняга Сярэднявечча, даспехі воінаў XII – XIII стагоддзяў. Закранулі гісторыю вядомых «Крылатых гусараў», хаця вучоныя іх доўга не адносілі да беларускай культуры, але і нашыя феадалы ўпрыгожваліся пер’ем драпежных птушак. Меркавалі, што гэта выратуе ад вяроўкі, якой мангола-татары збівалі воінаў, накідваючы яе на шыю, а ў баі ад гэтых пёраў будзе характэрны свіст паветра. Зараз зразумела, што свіст паветра не пачуць, калі ляціць безліч коннікаў і грыміць цяжкім металічным абмундзіраваннем. Частка такога адзення прадстаўлена ў музеі, але без крылаў – іх пакінулі на іншай выставе.

З усмешкай школьнікі слухалі гісторыю пра тое, як беларускія шляхціцы сабе леапардавае футра рабілі. Усім жа хацелася быць «у трэндзе», але купляць такі аксесуар было не па кішэні. Хітрыя рамеснікі зямель беларускіх сшывалі чатыры авечыя кажухі і проста фарбавалі «пад леапарда».
Пасля экскурса ў гісторыю наведвальнікам дазволілі дакрануцца да элементаў выставы. Атрымалася і поўнасцю апрануцца ў латы, праверыць меч на вагу. Я, хоць і працавала як карэспандэнт, але таксама паспрабавала на сабе шлемы і латныя пальчаткі – абышліся без выратавальнікаў, але зброя ўсё ж мне не па размеры. А меч, нягледзячы на велічыню, не вельмі цяжкі – так патрабавалі ўмовы мінулага, каб воіны змаглі добра валодаць ім у баях. Калі не цікавілі латы, то можна было паспрабаваць сябе ў трапнасці і збіць замак з дапамогай катапульты. Канечне, усё ў зменшаным выглядзе. Самыя цікаўныя рабяты задавалі пытанні Юрыю.

Выстава сярэднявечнай зброі чакае капылян у музеі да 31 кастрычніка. Паспейце і вы дакрануцца да гісторыі нашай краіны!

Ганна МАТУСЕВІЧ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ

Фота аўтара


Слава працы Автор:

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://kopyl.by/svezhie-novosti/item/34212-v-kopylskom-kraevedcheskom-muzee-sostoyalos-otkrytie-vystavki-syarednyavechnaya-zbroya-prodka#sigProId69b555b808
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей