З гэтага фотаздымка на нас глядзяць людзі перадваеннай і ваеннай пары. Глядзіць двухгадовая дзяўчынка, у якой вайна назаўсёды забярэ бацьку і маці, а ёй разам з малодшай сястрой Соняй давядзецца спазнаць голад і холад. Глядзяць прыгожыя жанчыны і мужчына, якія жылі надзеяй на будучыню. Кожны год напярэдадні важных для краіны падзей Ніна Нічыпараўна беражліва дакранаецца рукой да фотаздымка, зноў і зноў перачытвае пажоўклы ад часу бацькаў ліст з фронту і плача. Агортваюць успаміны. Раны зацягнуліся, а ў душы так і засталася вайна.
Нічыпар Рыгоравіч і Кацярына Рыгораўна Новікі радаваліся нараджэнню першай дачушкі. Яны старанна працавалі і былі на добрым рахунку ў калгасе «Барацьбіт». У той дзень, калі быў зроблены сямейны здымак, яны не ведалі, што пачалася вайна, якая абарвала ўсе планы і надзеі.
…Трагедыя адбылася 8 лістапада 1942 года. Фашысты праводзілі карную аперацыю супраць партызан. Жыхары Свідзіч ратаваліся ў Старыцкім лесе. Гітлераўцы паабяцалі: «Хто выйдзе з лесу да абеду, застанецца ў жывых! Астатнія будуць расстраляны!» Кацярына Новік, пакінуўшы дзвюх маленькіх дачушак Ніну і Соню (было 8 месяцаў), пабегла ў лес, каб папярэдзіць мужа. Той накрычаў на яе: «Людзі выйдуць на дарогу і іх паб’юць! Як затым аднавяскоўцам у вочы глядзець?» Засталася жанчына разам з усімі.
Падчас нямецкага абстрэлу Нічыпар Новік быў паранены ў нагу і схаваўся пад лапкі елкі, а жонка загінула. Мужчыне ўдалося выпаўзці праз кола карнікаў, прабрацца ў вёску Мазалі да сваякоў, цэлы месяц ён хаваўся і залечваў раны. У гэты час дзетак глядзела яго сястра Вольга Рыбак. Перад самым вызваленнем Капыльшчыны бацька прывёў у хату другую жонку Вольгу Падамацкую са Слабодкі – клапаціўся, каб дзеткі былі не адны.
У пачатку верасня 1944 года радавы 399-й стралковай дывізіі Нічыпар Новік злажыў галаву пры вызваленні Польшчы на Нарваўскім плацдарме. Паспеў салдат адправіць на радзіму некалькі лістоў.
З ліста бацькі (15 жніўня 1944 года):
«Добрага дня. Дарагая сястрыца Волечка!
Паведамляю табе, што я яшчэ жыў і здароў. Ад Бога жадаю табе моцнага здароўя. Я яшчэ ў сваім адзенні, але хутка буду ў вайсковым, так што дадому не чакай. Гадуй там маіх сіроткаў. Успомні, як мы гадаваліся сіротамі? Магчыма, толькі ты будзеш для іх маці.
Дарагая сястрыца, з нямецкага шыняля пашый Нінцы і Соньцы польты на зіму. А падшэўкі зрабі з коўдры. Нінцы спраў боцікі з маіх ботаў, а з валёнак вазьмі гумавыя падэшвы, каб ёй было цёпла ў ногі. У маім лісце няма столькі літар, колькі я праліў слёз. Праслужыў пяць тыдняў, а здаецца, што два гады. Вельмі хочацца яшчэ адзін раз паглядзець на сваіх дзетак.
Дарагая сястрыца і швагер, беражыце маіх крывінак, а мяне не чакайце. Становішча вельмі цяжкае, ідуць крывапралітныя баі. Затрымаемся на гадзін 14. Са мной разам аднавясковец Антось Максімкаў (Рыбак); Франц Зубовіч, Міхал Рымашэўскі і Арсэн Дубовік са Слабада-Кучынкі, астатніх адправілі ў іншае воінскае падраздзяленне.
Хочацца ведаць, што там дома. Я паслаў ўжо шэсць лістоў, але адказу не атрымаў ні на адзін. Мабыць, мая жонка забыла пра мяне. Ну што ж, няхай будзе так. Прашу цябе, дарагая сястрыца, напішы мне адрас Антося і паведамі, як ты жывеш. І перадай усім родным ад мяне прывітанне: Паўлюковым і Саламеіным, і Хведару, і маёй жонцы. Угаворвай Нінку, каб слухалася мачаху і клапацілася аб Соньцы.
На гэтым сканчаю свой ліст. З павагай да вас твой брат Новік Нічыпар!
Да пабачэння!
Прашу цябе, сфатаграфуй маіх любых дзетак. Мне так хочацца яшчэ раз іх убачыць, і мабыць у апошні раз. Пастарайся хутчэй адпісаць мне ліст…
Адрас мой Палявая пошта О 1001 Х».
Успамінае дачка Ніна:
– Ведаю, што татачка мой – удзельнік вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. У той год я і нарадзілася. А на фронт Вялікай Айчыннай калону прызыўнікоў праводзілі ўсёй вёскай. Бацька нёс мяне на руках да гравійнай дарогі Старыца – Бабоўня. На развітанне моцна абняў і пацалаваў… Усе родныя і суседзі перажывалі, калі мы атрымалі сумную вестку. Пасля перамогі франтавікі, хто застаўся ў жывых, вярталіся дамоў. Цётка Воля пабегла ў Слабодку да бацькавага аднапалчаніна. Той паведаміў, што салдат Н. Новік быў не толькі стралком, але і ротным пазаштатным паштальёнам. Ён паміж баямі дастаўляў карэспандэнцыю на перадавую, трапіў пад бамбёжку, не дабег некалькі крокаў да выратавальнага акопа, загінуў ад асколка бомбы, так і не прачытаўшы ліст з дому, які са слядамі крыві знойдуць у нагруднай кішэні яго сябры.
Праз гадоў пяць наша мачаха пайшла замуж, а мы з сястрой адны падымаліся па жыцці. Працавалі не пакладаючы рук. Прыходзілася сярпом жаць траву для кароўкі-карміцелькі, збіраць пазалеташнюю бульбу на полі. Пастаяннае пачуццё голаду ніколі не забуду. Скончыла толькі сямігодку, а вучыцца так хацелася. Каб пражыць, трэба было весці ўласную гаспадарку. У 14 гадоў пайшла працаваць у калгас (стаж больш за 40 гадоў): грэбла і сушыла сена, пасынкавала тытунь, палола і трапала лён, выбірала бульбу. Пачалі жыць толькі тады, калі ў 20 гадоў сустрэла свайго адзінага і любага Жэніка Касабуцкага са Свінкі. Як гара з плячэй звалілася. Дзякуючы яго залатым рукам усё нажылі і сястру Соню замуж выдалі. Самае галоўнае для мяне – сям’я і мая Радзіма.
Ганаруся сынам і дачкой, поспехамі чатырох унукаў і пяці праўнукаў. Мабыць у гэтым і ёсць простае чалавечае шчасце. Наша моладзь заўсёды павінна захоўваць памяць пра подзвігі нашых продкаў, хто загінуў у гэтай вераломнай вайне, а я асабіста да апошніх дзён буду памятаць пра свайго бацьку, які не вярнуўся, назаўсёды застаўся маладым, як на фотаздымку.
Барыс ДЗЕНІСЮК, член Беларускага саюза журналістаў
Комментарии