Цікава!
Першае ўпамінанне пра Мажу датавана 1846 годам, у яе щваходзілі дзве вёскі - Вялікія і Малыя Шастакі, пражывала щ іх 284 жыхары. Сёння Мажа тут з’явіліся новыя заасфальтаваныя вуліцы, ёсць пачатковая школа, сад, магазіны, райцентр традыцыйнай культуры, Капыльскі дзяржауны каледж. Усяго ў вёсцы налічваецца 249 двароў, у якіх жывуць 648 чалавек.
Пачынаем!
Каля раённага цэнтра традыцыйнай культуры загучала музыка – сустракаюць гасцей свята. Асабліва многа прыбегла цікаўных дзяцей. Шырока раскінуліся гандлёвыя рады, дзе жадаючым прапаноўвалі набыць гарачую кукурузу, папкорн, рознакаляровыя кактэйлі і дзіўныя іншаземныя салодкія прысмакі. Падрыхтавалі і актыўнасці для дзяцей: вялікая горка, машыны на пульце кіравання, батуты і магчымасць пакатацца на кані, якога даў фермер Сяргей Сапешка. Дзяўчаты ўпрыгожваліся бліскучымі часовымі татуіроўкамі. А для тых, хто любіць ацаніць творчасць капыльскіх майстроў, падрыхтавалі выставу-продаж: вязаныя цацкі, аксэсуары, зробленыя ў лапікавай тэхніцы, плеценыя кошыкі, падарункавыя наборы з беларускім арнаментам.
Госці збіраліся бліжэй да імправізаванай сцэны, упрыгожанай у колерах беларускага сцяга. І вось – урачыстая музыка дае пачатак святкаванню Дня вёскі. Вядучыя Дзіна Брыль і Захар Нікіценка павіншавалі ўсіх прысутных са святам роднага куточка. У перапынках паміж прыемнымі словамі выступалі артысты самадзейнасці Капыльскага раёна з музычнымі падарункамі: Ірына Таткова, Людміла Давідоўская, Алег Ваўчанін і Захар Нікіценка, Кацярына Кудзелка, Вячаслаў Курчык.
На свяце прысутнічалі і ганаровыя госці: Ірына Кісляк, старшыня Капыльскага сельвыканкама і раённай арганізацыі ГА «Белая Русь», Святлана Маліноўская, дырэктар ТЦСАН і старшыня раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын», Анатоль Пяткевіч, дырэктар ДУА «Капыльскі ДК» і старшыня раённай арганізацыі Беларускай партыі «Белая Русь», Ілья Абдулаеў, галоўны бухгалтар ААТ «Піянер-Агра».
Як без узнагарод?
Свята - вясковае, падарункі – жыхарам. Ганарова адзначылі старэйшую жыхарку Мажы Галіну Бука, якой споўніўся 91 год. Таксама назвалі і самую маленькую – Дар’ю Косач, якая нарадзілася ў гэтым годзе. Святлана Маліноўская павіншавала шматдзетныя сем’і аграгарадка: Цішкевіч з вуліцы Сонечнай, Зяневіч з вуліцы Мажа, Зелянко – з Маладзёжнай, Васіленка – з Лясной.
Анатоль Петкевіч уручыў падарункі ветэранам педагагічнай працы – гэта Мікалай Сніжко, які працуе выкладчыкам у каледжы з самага пачатку існавання установы адукацыі, і Леанід Вінчак, што пачаў свой педагагічны лёс ва ўстанове адукацыі і выкладаў больш за 30 гадоў.
Ілья Абдулаеў адзначыў важнасць Мажы для сельгаспрадпрыемства ААТ «Піянер-Агра» і добрыя паказчыкі па выніках працы, якія з кожным годам становяцца толькі лепшымі. Павіншаваў і ўручыў падарункі ветэранам працы сельскай гаспадаркі: Алене Радаман, Уладзіміру Пупейка, Аляксандру Пышко, Тамары Данілевіч і Валянціне Гудзельскую. Некаторыя з іх і на пенсіі працуюць на прадпрыемстве – такая самаадданасць працы. Атрымлівалі падзяку і лепшыя падворкі гаспадароў Струнейскіх з Зарэчча і Сапешка з Мажы. Можна ганарыцца кожным!
Каляровы фінал
Праспявалі ўсе песні, адгучалі словы віншавання і пашаны. Далей вяскоўцаў чакала моладзевая частка свята! Для ўсіх жадаючых падрыхтавалі фестываль каляровых фабраў холі, а ноччу – шумную дыскатэку. І хай далей поўніцца Мажа галасамі жыхароў, а мы сустрэнемся праз год!
Ганна МАТУСЕВІЧ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ
Комментарии