У кожнага яны свае: нехта «падняўся» ў бізнесе, іншы, наадварот, страціў апошняе; адзін рызыкнуў узяць неверагодны крэдыт – і пабудаваў дом, другі «забіў дэфіцытам» усе шафы ў надзеі, што хопіць на ўсё жыццё, – а праз 10 гадоў яго дзеці выкінулі скрынкі спарахнелага мыла і скамянелага пральнага парашку.
Упэўнены, што моладзь слухае «страшылкі» бацькоў і бабуль-дзядуль пра той час з цікавасцю і недаверам: няўжо так было? Пацвярджэнні мы знайшлі на старонках раёнай газеты пачатку дзевяностых.
Распад Савецкага Саюза. Як гэта адбілася на жыцці людзей? З магазінаў імкліва знікала ўсё. Мая знаёмая Валянціна Васільеўна ўспамінае: «Раз на тыдзень ля дзвярэй капыльскага ўнівермага за добрыя паўгадзіны да адкрыцця ўтвараецца натоўп. Пакупнікі ведаюць, што, напрыклад, сёння – дзень завозу тавараў і зараней цешаць сябе марай прыдбаць жаданую абноўку. Калі дзверы нарэшце адчыняюцца, людзі бяруць прылаўкі штурмам. Што ж, ва ўмовах павальнага дэфіцыту страсцямі кіраваць цяжка. Але ж пранеслася чутка пра звышдэфіцыт – дзіцячыя калготкі, і чаргу ніяк нельга было ўтаймаваць, заклікаць да спакою».
На сесіях дэпутаты горача абмяркоўвалі, як рэалізоўваць тавары: па спісах, талонах, візітках, картачках. Уздымалася нежартоўная праблема: з-за адсутнасці цыгарэт механізатары адмаўляліся выходзіць у поле.
У раёнцы змешчана рашэнне выканкама райсавета дэпутатаў з пералікам нехарчовых тавараў, якія размяркоўваліся камісіямі сельскіх Саветаў дэпутатаў. І на самай справе дзялілі: трусы, шкарпэткі, паліто, мэблевыя гарнітуры, тэлевізары…
Гаварылася пра ўвядзенне так званай візітнай карткі пакупніка прамысловых тавараў. Да прыкладу, на талон №1 «Швейныя вырабы» можна было купіць адзін касцюм ці плашч, ці паліто, ці куртку, ці штаны, а на талон №2 – адну сарочку. Жанчынам на талоны №№13 і 14 прадавалі па адной адзінцы бялізнавага трыкатажу: ці панталоны, ці трусы, ці сарочку, ці камбінацыю, ці спадніцу ніжнюю, ці купальнік, ці фуфайку. З дзіцячага раздзела «візітнай карткі» на талоны №№ 18, 23, 24 можна было купіць па адной адзінцы шкарпэтак ці гольфаў, на талоны №№ 25 і 26 – па адной адзінцы калготак. Дзве пары дзіцячых калготак на год і 3 пары шкарпэтак – як вам?
А вось пры разліках за тавары рублямі прадаўцы выразалі яшчэ і адпаведную колькасць купонаў – іх увялі, каб тавары не вывозілі за межы краіны. А купоны, у сваю чаргу, змяшчаліся ў картачках спажыўца, якія можна было атрымаць па месцы работы, пенсіянерам – у райсабесе. Усё, як у той казцы: іголка – у яйку, яйка – у качцы… Нормы продажу прадуктовых тавараў на чалавека: макаронныя вырабы – кілаграм на квартал, алей – 0,5 літра на квартал, тытунёвыя вырабы – 6 пачкаў на месяц, яйкі – 10 штук на месяц, гарэлка – бутэлька на месяц, мука, цукар, крупы – 0,5 кілаграма на месяц, мыла туалетнае – 100 грамаў на квартал… Успамінаецца анекдот тых часоў (пачуццё гумару не пакідала нашых людзей нават тады!): калі госці мыюць рукі з мылам, то чай п’юць без цукру.
На змену карткам спажыўца і купонам прыйшлі разліковыя білеты Нацыянальнага банка, тыя самыя «зайчыкі» і «ваўкі», якім належала паступова замяніць савецкі рубель і стаць першай нацыянальнай валютай. Тлумачылася, што разліковыя білеты ўведзены ў сувязі з дэфіцытам наяўных грошай. Намінал «вавёрак» быў 50 капеек, «зайцоў» – 1 рубель, «баброў» – 3, «ваўкоў» – 5, «рысяў» – 10, «ласёў» – 25, «мядзведзяў» – 50, «зубраў» – 100 рублёў. На першым часе разлічыцца ў магазіне можна было і рублямі, і «зайчыкамі», суадносіны складалі 1 рубель – 10 білетаў Нацыянальнага банка.
«Як вы тады жылі?» – спытаў сын у матулі, калі яна расказала, што ў час, калі яна расла, не было ні ролікаў, ні жуек, ні бананаў, а любімай цацкай дзяцей з’яўлялася вясёлкавая пластыкавая спружынка: калі яе ўмела запусціць, яна сама спускалася з лесвіцы. І сапраўды: як мы тады жылі?
Выжывалі…
Комментарии