Гвардыі капітан Фёдар Паўлавіч Іваноў таксама апошні бой прыняў у раёне вул. Заазёрнай. Перад пачаткам аперацыі «Баграціён» па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захоп-нікаў гвардыі капітан Ф.П. Іваноў ужо быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Суворава III ступені, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі «За абарону Сталінграда», «За абарону Каўказа», «За абарону Адэсы». У імянных спісах беззваротных страт 255-га зенітнага артылерыйскага Адэскага палка ад 27 ліпеня 1944 года, якія захоўваюцца ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, знаходзім скупыя звесткі аб Іванове: «…капітан, камандзір батарэі, член ВКП(б) з 1942 г., у 1921 годзе ў в. Каменка Біжбулякскага раёна Башкірскай АССР, пайшоў на фронт добраахвотнікам з Ульянаўскага пяхотнага вучылішча…»
Былы сяржант 255-га зенітна-артылерыйскага палка Уладзімір Апанасавіч Усціменка ў сваіх успамінах даў такую характарыстыку свайму камандзіру: «…Узначальваў батарэю з кастрычніка 1942 года. Разумны, строгі, патрабавальны камандзір. Ён прыбыў у полк, калі нашы ўдарныя часці гналі немцаў да Дняпра. Ішлі баі па вызваленні левага берага. Капітан Іваноў карпатліва працаваў з намі, ствараючы з батарэі адзіны арганізм. У яго мы навучыліся зладжанаму загараджальнаму агню. Наша батарэя першай асвоіла навык пастаноўкі агнявой заслоны з трасіруючых снарадаў. Самалёты ворага заляталі ў загараджальны агонь самі, і амаль заўсёды іх збівалі. Капітан Іваноў навучыў батарэю абараняцца, калі штурмавікі атакавалі на малой вышыні. Ростам ён быў каля 175 сантыметраў, хударлявы, хуткі. Любіў гуляць у шахматы, быў цудоўным апавядальнікам, вясёлы, умеў таксама добра танцаваць. Не піў наогул. Па нацыянальнасці Іваноў быў мардвін, не жанаты. Рос і выхоўваўся ў рэлігійнай сям’і, ведаў гісторыю ўсіх рэлігійных свят. Да жанчын ставіўся свята (з павагай, але не любіў, каб на батарэі былі жанчыны). Ні радыстак, ні тэлефаністак на батарэю не браў. Капітан ніколі, нават у цяжкія хвіліны, калі нервы былі на ўзводзе, і самы час лаяцца, не крычаў на падначаленых, не абражаў іх. За гэта яго ўсе любілі, паважалі, беспярэчна падпарадкоўваліся».
Краснабаеў Аляксандр Аляксандравіч, гвардыі старшы сяржант, нарадзіўся ў 1915 годзе ў в. Церахава Калінінскай вобласці. Пазней сям’я пераехала ў Маскву, дзе Саша скончыў 8 класаў і пайшоў працаваць шафёрам. У 1939 годзе ажаніўся. 11 лістапада 1941 года прызываецца на фронт. Больш пашыраную інфармацыю змяшчаюць спісы беззваротных страт, якія захоўваюцца ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі: «Гвардыі старшы сяржант 37-га Гвардзейскага мінамётнага палка, шафёр-разведчык, беспартыйны, загінуў 7 ліпеня 1944 года, пахаваны на каталіцкіх могілках у Капылі. Група, у якую ўваходзіла сем чалавек і якую ўзначальваў гвардыі капітан Ананій Філімонавіч Шаўчук, таксама масквіч, адправілася ў разведку. Пры ўездзе ў адну з вёсак каля трэцяй гадзіны ночы салдат акружылі немцы. Давялося прыняць няроўны бой. Цяжка параненыя Аляксандр Краснабаеў і капітан Шаўчук трапілі ў рукі да ворагаў. Састарэлая жанчына, якая жыла ў зямлянцы недалёка ад таго месца, бачыла, як немцы доўга здзекаваліся з капітана, выкруцілі яму рукі, нанеслі некалькі нажавых ран, потым выстралілі ў жывот. Калі гаварыць пра капітана Шаўчука, то трэба дадаць, што нарадзіўся ён у 1919 годзе ў вёсцы Грыцкоў Сматрыцкага раёна Камянец-Падольскай вобласці ва Украіне. Скончыў 7 класаў, вучылішча. Член ВКП(б). З першых дзён вайны быў прызваны на фронт. Гвардыі капітан, першы памочнік начальніка штаба 37-га Гвардзейскага мінамётнага Гомельскага палка. Удзельнічаў у баях пад Масквой, Курскам, за Беларусь. Неаднаразова быў паранены. Восенню 1943 года ў Маскве М.І. Калінін уручаў яму ўрадавую ўзнагароду.
Гвардыі старшы сяржант Іван Сямёнавіч Лабада быў старэйшы за сваіх таварышаў: на свет ён з’явіўся ажно ў 1899 годзе на Варонежыншчыне. Месца прызыву – Шчарбінаўскі РВК, Краснадарскі край, Шчарбінаўскі р-н. у 1942 годзе быў узнагароджаны медалём «За адвагу».
Малодшага лейтэнанта, камсорга 255-га палка ППА, Лагуса Сяргея Піліпавіча не стала таксама 1 ліпеня. Шмат чаго не паспеў зрабіць гэты малады салдат, нават прызнацца ў каханні дзяўчыне… Ён нарадзіўся 6 кастрычніка 1921 года. Бацька працаваў пастухом, маці – свінаркай. У 1933 годзе пасля смерці бацькі сям’я пераехала ў Горлаўку, там Сяргей пайшоў у школу. Праз чатыры гады не стала і маці. Сяргей спачатку выхоўваўся ў дзіцячым доме, потым скончыў вучылішча, працаваў у шахце. У маі 1941 года прызваўся ў рады Чырвонай Арміі і апынуўся на фронце з першых дзён вайны. Меў некалькі раненняў, затым скончыў курсы палітсаставу і летам 1944 года быў прызначаны камсоргам палка. Усціменка расказваў, што Лагус быў невысокім, танклявым, з вельмі выразнымі сіне-шэрымі вачыма. Уладзімір Апанасавіч папярэджваў Сяргея аб тым, як небяспечна ездзіць на першай машыне. Але той не паслухаў парады, і менавіта ў першай жа машыне калоны яго напаткала смерць.
Ламакін Андрэй Аляксеевіч. Радавы. Загінуў таксама 1 ліпеня. Ажно са Стаўраполля прыходзілі лісты ад яго жонкі ўжо пасля вайны. Яна называла вучняў СШ № 1 г. Капыля, якія яшчэ ў 60-я гады ХХ стагоддзя праводзілі пошукавую работу, – «самымі дарагімі і блізкімі сваякамі!»
У 1990 годзе ў Капыль з Расіі прыехала Таццяна Якаўлеўна Маёрава, пляменніца малодшага сяржанта Сяргея Мікітавіча Маёрава, які загінуў 1 ліпеня 1944 года ў баі на паўночнай ускраіне горада. Прыезд яе і сустрэча адбыліся дзякуючы Фёдару Канстанцінавічу Абрамчыку (у той час навуковы супрацоўнік музея, член раённай камісіі па напісанні гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Капыльскі раён»). Так стала вядома, што Сяргей Мікіціч нарадзіўся ў в. Варанцоўка Бакурскага раёна Саратаўскай вобласці ў 1914 годзе. Да вайны працаваў на заводзе: сям’я на той час пераехала ў Астрахань. І прызываўся на фронт з першых дзён вайны Мікаянаўскім райваенкаматам. Быў беспартыйным. Апошняе яго месца службы – 4-ы Гвардзейскі Кубанскі казацкі корпус 255-га зенітна-артылерыйскага палка. Батарэя менавіта гэтага палка ўступіла ў няроўны бой на паўночнай ускраіне Капыля 1 ліпеня 1944 года.
У сваіх успамінах У.А. Усціменка пісаў: «Наша батарэя спынілася на адпачынак каля лесу, за якім быў Капыль. Задачай батарэі было прыкрыццё часцей Савецкай Арміі, і налічвала яна 4 гарматы і 4 машыны «Студэбекер». Малодшы сяржант С.М. Маёраў быў наводчыкам на адной з гармат. Усё адбылося імгненна: раптам з’явіліся 4 варожыя штурмавікі. Агонь па загадзе камандзіра Ф.П. Іванова адкрылі своечасова. Але ніхто не чакаў, што ззаду з’явяцца яшчэ 4 «Фоке-Вульфы». Наводчыкі, адкрыўшы агонь трасіруючымі чэргамі па чацвёрцы, якая нападала, прымусілі іх адхіліцца ў бок. А самі, разгарнуўшы гармату на 180 градусаў, адкрылі агонь ва ўпор па бамбавіках, чым выратавалі батарэю ад поўнага знішчэння, а самі загінулі».
Радавы Масягін Ніл Паўлавіч паходзіў з Калінінскай вобласці, Асташкоўскага раёна, г. Асташкова. Год нараджэння 1901. Месца прызыву – Калінінскі РВК, Калінінскай вобласці, Калінінскага раёна. У радах Чырвонай Арміі з 17 сакавіка 1944 года.
У 1923 годзе ў Харкаўскай вобласці, Шаўчэнкаўскім раёне нарадзіўся яшчэ адзін вызваліцель Капыля, пра якога мала што вядома, малодшы сяржант Абушка Рыгор Іванавіч, які загінуў 5 ліпеня 1944 года.
Камандзір 1-га аддзялення старшы сяржант Андрэй Цімафеевіч Палякоў быў выдатным артылерыстам, ведаў сваю справу бездакорна. Нарадзіўся ў 1918 годзе ў Арлоўскай вобласці. Меў медаль «За баявыя заслугі». Умеў трымаць сябе ў баі, калі «працаваў» на батарэі. А калі «не працаваў» – вёў сябе сумятліва, хваляваўся. Росту быў сярэдняга, хударлявы, вельмі рухавы. Твар прыемны, крышку вастраносы. Па ўспамінах Усціменкі, Іваноў меў такія не вельмі прыемныя рысы характару, як помслівасць, не заўсёды быў справядлівы да падначаленых, мог і прыдрацца да ўсякай дробязі. Аднак дзякуючы капітану Іванову пазбавіўся некаторых дрэнных звычак. Салдаты паважалі яго за тое, што не баяўся, не бегаў як заяц, каб зберагчы сваё жыццё.
26 красавіка 1922 года ў Смаленскай вобласці, Хіславіцкім раёне, в. Лабанаўцы нарадзіўся Пукін Іван Іванавіч, які прызываўся Кранштацкім ГВК 1 жніўня 1941 года. 24 лістапада 1943 года быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені за фарсіраванне рэк Сож і Днепр у Гомельскай вобласці.
Спірын Фёдар Кузьміч, старшына. З’явіўся на свет у 1906 годзе ў в. Міхайлаўка Пензенскай вобласці. Скончыў 3 класы, працаваў у калгасе. На фронт трапіў з першых дзён вайны. Загінуў ужо пасля вызвалення Капыля 5 ліпеня 1944 года.
Камандзір агнявога ўзводу лейтэнант Тульчынскі Георгій Ісаевіч паходзіў з г. Балта Аўтаномнай Малдаўскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі, дзе ён нарадзіўся ў 1900 годзе. А прызваны быў Адэскім ГВК. Быў членам ВКП (б).
Старшы сяржант Чыркоў Раман Іванавіч нарадзіўся ў 1911 годзе ў сяле Нікольскае Арэнбургскай вобласці. Да Вялікай Айчыннай працаваў трактарыстам. Быў двойчы паранены, нават гарэў у танку. Так успамінала яго дачка Чыркова Паліна Раманаўна, якая дасылала лісты з Арэнбургскай вобласці. Загінуў таксама 1 ліпеня.
Шчэкатураў Іван Мітрафанавіч. Радавы, наводчык 255-га палка ППА. Аддаў сваё жыццё 1 ліпеня 44-га. На фронт ён трапіў са Смаленшчыны, дзе нарадзіўся ў 1918 годзе. У 10 гадоў застаўся без бацькі гаспадаром у сям’і. Працаваў у калгасе. У рады Чырвонай Арміі быў прызваны ў 1938 годзе. Да канца службы заставалася зусім нямнога, як грымнула вайна. Па ўспамінах Усціменкі, Іван быў падобны на багатыра: такі ж высокі і моцны, прыемна ўсміхаўся. Вызначаўся разважлівасцю і абавязковасцю, сумленнасцю і прынцыповасцю. Пра такіх кажуць: «З ім бы я пайшоў у разведку». Яго матуля, Соф’я Канстанцінаўна, звяртаючыся ў далёкія 60-я да вучняў СШ № 1 г. Капыля, у сваім лісце шчыра дзякавала за тое, што яны захоўваюць памяць пра яе сына.
Падносчык снарадаў Іван Якаўлевіч Яцэнка трапіў на батарэю пасля баёў на Дняпры. Знешне вельмі напамінаў артыста Леаніда Быкава. Было Івану, спрытнаму, удаламу хлопцу, каля 20 гадоў.
Акрамя тых, хто загінуў пры вазваленні Капыля, у брацкай магіле пахаваны і партызан, жыхар Капыля, Іосіф Канкевіч. «Мой тата перадаваў партызанам медыкаменты праз бацьку Ніны Тароцькі, якая працавала завучам у другой школе, – успамінае дачка Ліна Іосіфаўна Канкевіч. – Як менавіта ён гэта рабіў – ніхто не ведае. Проста сыходзіў увечары з хаты, не кажучы куды і навошта. А потым пайшоў ваяваць у партызанскі атрад імя Шчорса, дзе лячыў параненых… На наступны пасля вызвалення Беларусі дзень мы вярталіся ў Капыль. Сястра Тамара ад радасці, што едзем у роднае мястэчка, пабегла, я пайшла пешшу. Мама засталася з бацькам. У нейкі момант бацькі спыніліся, каб перадыхнуць. Раптам нейкі чалавек падняў цацку, якая ляжала на дарозе, і кінуў убок. Хто б мог падумаць, што аднаму з катаў прыйдзе ў галаву начыніць яе ўзрыўчаткай… Раздаўся выбух, асколкі патрапілі тату ў левае плячо і прабілі сэрца».
У брацкай магіле пакоіцца і сувязная партызанскага атрада імя Чапаева Антаніна Раманава, якая загінула ў верасні 1943 года.
На жаль, зусім не ўдалося знайсці ніякіх звестак пра Акапяна О.А.
Комментарии