Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Отцовский китель с наградами житель г. Жодино передал в музей боевой славы Слободокучинской СШ

03.07.2024

Напярэдадні юбілейнай для краіны даты жыхар г. Жодзіна Іван Бякешка перадаў у музей баявой славы імя І.С. Трацэўскага Слабадакучынскай СШ кіцель з узнагародамі свайго бацькі Івана Іванавіча. Адразу прыцягваюць увагу ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль «За перамогу над Германіяй у 1941–1945 гг.», нагрудныя знакі «Партызан Беларусі 1941–1944» і «Ветэран вайны».

У чэрвені 1941 года Івану Бякешку было 18 гадоў. Як і многія юнакі-патрыёты, збіраў зброю і боепрыпасы да лепшых часоў.

У 1943-м камсамолец уступіў у партызанскі атрад «За Радзіму» са сваёй вінтоўкай. І не адзін, а разам з аднавяскоўцамі – Аляксандрам Юшкевічам, Віктарам Калпаком, Сяргеем Улашчыкам і інш. Атрад дыслацыраваўся ў Старыцкім, Вялешынскім і Свінкаўскім лясах. Юнак ваяваў як і ўсе – нёс варту, страляў, падрываў, хадзіў у разведку, браў у палон фашыстаў. У хуткім часе пачаўся рэйд на Беласточчыну. Партызаны брыгады імя Аляксандра Неўскага праводзілі баявыя аперацыі на тэрыторыі Гродзенскага і Скідзельскага раёнаў: дыверсіі на чыгуначных і аўтамабільных магістралях Ліда – Гродна, Рось – Масты, Ліда – Баранавічы, Вільнюс – Гродна, грамілі гарнізоны, знішчалі лініі сувязі, а таксама зрывалі вываз моладзі ў Германію і рэквізацыю прадуктаў харчавання ў насельніцтва. Прыходзілася змагацца не толькі з акупантамі, але і падраздзяленнямі польскай арміі краёвай, якія стралялі ў спіны нашым воінам. У час аблаў, асабліва зімой, нельга было раскладаць вогнішча. Прыходзілася выходзіць з акружэння па ледзяной вадзе. Неяк сушыліся, і ніхто не захварэў.

Аб тым, як наш зямляк ваяваў, напісана ў лісце аб узнагароджанні: «…За час знаходжання ў атрадзе паказаў сябе дысцыплінаваным байцом-партызанам. Удзельнічаў у пяці баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Удзельнік знішчэння тэлефонна-тэлеграфнай сувязі праціўніка даўжынёй 3 км. Нягледзячы на дрэнны стан здароўя, таварыш Бякешка церпяліва пераносіў усе цяжкасці партызанскіх пераходаў. Дастойны да ўзнагароджвання медалём «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені».

Крыху паваяваў у складзе 1-й Украінскай партызанскай дывізіі імя С.А. Каўпака (Сумскае партызанскае злучэнне).

Пасля вызвалення Беларусі Іван трапіў на Украіну, служыў у раённым аддзеле Наваград-Валынскага НКУС. Гэта была вайна пасля вайны з фарміраваннямі УПА. У мірны час гінулі не толькі вайскоўцы, але і міліцыянеры, партыйныя і савецкія работнікі, простыя грамадзяне. Усіх, хто быў не згодны з ідэалогіяй украінскіх нацыяналістаў, бандэраўцы забівалі, прычым нярэдка разам з усёй сям’ёй. Гэтыя жудасныя карціны не адно дзесяцігоддзе трывожылі сон Івана Іванавіча ўжо ў мірны час. У Беларусь ён вярнуўся толькі праз тры гады пасля перамогі, калі ў роднай Слабада-Кучынцы на ўсю моц наладжвалася пасляваеннае жыццё, аднаўлялася гаспадарка, ішло будаўніцтва. Уладкаваўся рабочым у ДЭУ № 720. Любіў узгадваць: «У ваенны час аўтадарогу Асіповічы – Баранавічы падрываў, а цяпер будую і рамантую». Аддаў гэтай справе 35 гадоў. Працоўны шлях ветэрана быў адзначаны медалём «Ветэран працы», Ганаровымі граматамі і Падзякамі Міністэрства аўтамабільнага транспарту БССР.

Мне пашчасціла сустрэцца з Іванам Іванавічам Бякешкам за некалькі тыдняў да яго смерці (цяжка хварэў), пачуць яго жывое апавяданне, адчуць перажыванні аб трагічных і гераічных старонках гісторыі нашай краіны. Гэта быў чалавек сціплы, спагадлівы, адкрыты да людей. Праз усё жыццё ён пачэсна пранёс званне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, застаючыся прыкладам самаахвярнага служэння Айчыне.

Барыс ДЗЕНІСЮК, член «Беларускага саюза журналістаў» і «Беларускага саюза афіцэраў»

Фота з сямейнага архіва Бякешкаў


Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей