Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Рассказываем, как в хозяйствах Копыльщины идет подготовка зерноуборочной техники к жатве

12.06.2024

Сярод мноства задач, якія вырашаюць аграрыі напярэдадні жніва, асноўнай з'яўляецца падрыхтоўка збожжаўборачнай тэхнікі. Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўся тэхніка, занятая занятая на жніве, да 8 ліпеня павінна быць
на лінейцы гатоўнасці.

Праверку тэхнікі ажыццяўляюць галоўны дзяржаўны інспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Валерый Прахарэня і галоўны інжынер ААТ «Капыльскі райаграсэрвіс» Іван Нарэйка.
Для таго, каб своечасова ўбраць хлеб, у раёне маецца 125 збожжаўборачных адзінак – гэта камбайны розных мадыфікацый. Характэрна, што 85% – айчыннай вытворчасці. Таксама да пачатку ўборкі ў раён паступяць чатыры высокапрадукцыйныя збожжаўборачныя камбайны вытворчасці ААТ «Гомсельмаш».

– Працэс падрыхтоўкі да ўборачнай пачаўся загадзя, – расказвае Валерый Прахарэня. – Грунтоўна правяраецца тэхніка, вырашаецца пытанне з працоўнымі кадрамі. У некаторых гаспадарках экіпаж складаецца з двух чалавек: старшы трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці і памочнік. Ёсць сямейныя экіпажы, а ёсць гаспадаркі, у якіх не адзін год працуюць па адным. Гэта, вядома, не новыя людзі, проста спецыялістаў перасаджваем на іншую тэхніку. Згодна з рашэннем райвыканкама, будуць прыцягнуты трактарысты-машыністы з іншых арганізацый для ўдзелу ў жніве.

Сур’ёзны капітальны рамонт кормаўборачных камбайнаў ажыццявіў Капыльскі райаграсэрвіс. Па словах Івана Нарэйкі, за рамонтны перыяд 2023-2024 гг. праз арганізацыю прайшло 16 збожжаўборачных камбайнаў, 12 з якіх ужо накіраваны ў гаспадаркі, астатнія паступяць туды да 1 ліпеня.

Тэмпы падрыхтоўкі тэхнікі да ўборачнай кампаніі ў ААТ «Капыльскае» высокія. Сёлета на ўборцы збожжавых і зернебабовых тут будзе задзейнічана 12 камбайнаў. У машынна-трактарным парку, размешчаным у аг. Цімкавічы, на ўсю моц кіпіць праца. Камбайнер Сяргей Гуліцкі працуе закасаўшы рукавы:

– Не першы сезон мы разам у экіпажы з Уладзімірам Лобанам. Рамонт заканчваем, засталося ўшчыльніць і правесці якасна рэгуляванне, у хуткім часе будзе праводзіцца прыёмка збожжаўборачнага камбайна на атрыманне допуску да ўборачнай. Таму ўсё дасканала і якасна правяраем.

Камбайнер Аляксандр Гарашчэня старанна рыхтуе да адказнай працы свой камбайн, ведае ў ім кожны болцік і гаечку:

– Для мяне гэта ўжо далёка не першая па ліку ўборачная. З практыкі адзначу, што ўсякае бывае ў полі, але калі якасна адрамантаваць тэхніку перад жнівам, то і паломак менш.

Як адзначыў загадчык майстэрняў у аг. Цімкавічы Яўген Паляшчук, толькі на гэтым участку чатыры камбайны ўжо праз некалькі дзён гатовы выйсці ў поле. Поўным ходам вядзецца іх рамонт, сфарміраваны экіпажы.

У ЗАТ «Жыліхава» сёлета падчас жніва выйдуць на палі толькі шэсць камбайнаў, нагрузка на адзін даволі высокая. Як расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Віталь Юха, рамонт тэхнікі ўжо ідзе, праўда, не заўсёды хапае запчастак. Шукаюць у гаспадарцы і шляхі вырашэння праблемы з адвозкай збажыны, без старонняй тэхнікі не абыдуцца.

А вось у ААТ «Піянер-Агра» да рамонту і перагляду камбайнаў пакуль што не прыступалі, тлумачаць гэта тым, што яшчэ не закончылі корманарыхтоўку з траў першым укосам. Вядома ж, час яшчэ ёсць, але ж галоўнае, не згубіць яго.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей