XV Рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет», які адбыўся 25 мая ў горадзе Мінску, сабраў суквецце таленавітых і ўнікальных майстроў з розных куткоў Беларусі. Гэта свята традыцыйнай мастацкай культуры ладзіцца штогод. Сёлета ў ім прынялі ўдзел і майстры раённага цэнтра ткацтва (на здымку).
– Выстава нашых землякоў здзіўляла наведвальнікаў і ўдзельнікаў свята багатай калекцыяй тканых паясоў, ручнікоў і дываноў, – адзначыла загадчык РЦТ Таццяна Волкава. – Жадаючыя маглі паўдзельнічаць і ў майстар-класах па ткацтве ручніка, пояса на нітку і па вышыўцы насцілам. Сапраўдным падарункам для наведвальнікаў стала канцэртная праграма, у якой свае творчыя нумары прапанавалі калектывы з розных рэгіёнаў рэспублікі.
Дарэчы, «Вясновы букет» праходзіць на конкурснай аснове. Мастацкі ўзровень экспазіцый, асобных работ, майстар-класаў ацэньвае прафесійнае журы. Па выніках XV Рэспубліканскага свята-конкурсу традыцыйных мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет» майстры Капыльскага раёна былі высока адзначаны. Так раённы цэнтр ткацтва атрымаў Дыплом I ступені, а майстар народных мастацкіх рамёстваў раённага цэнтра традыцыйнай культуры Бернарда Лявоненка – Дыплом II ступені.
Фота з архіва РЦТ
Комментарии