Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

К 120-летию со дня рождения Адама Русака

22.05.2024

Па-ўсякаму з’яўляюцца паэтычныя шэдэўры: адны — пакутлiва, другiя — як бы памiж справамi з натхненнем. Малады музыкант i пачынаючы паэт Адам Русак, здаецца, пiсаў вершы лёгка, як дыхаў. Цi хутчэй, як iграў на музычных iнструментах, бо адораны з маленства — уся iх вясковая сям’я была сямейным ансамблем.

Паэт у душы і музыка па прафесіі

У сярэдзіне мінулага стагоддзя, пасля доўгай службы ў царскай арміі, вярнуўся ў Пясочнае салдат Сямён Русак (дзед Адама Русака). Быў ён ужо немалады, а тут, як кажуць, ні кала ні двара. Хто ведае, як склаўся б яго лёс, каб не завітала ў вёску маладая цыганка. Вочы цыганкі, чорныя, вялікія, заваражылі Сямёна Русака. Хутка і вяселле згулялі. Нарадзіліся ў Сямёна і яго маладой жонкі чацвёра сыноў. І ўсе такія ж смуглявыя, прыгожыя, як і маці іхняя. У Пясочным іх так і празвалі «цыганкі». Найбольш таленавітым сярод іх быў Герасім Сямёнавіч. Здавалася, немагчыма знайсці музычны інструмент, які б не браў ён у рукі!

Асабліва славіўся  Герасім  ігрой на скрыпцы. Прагу да музыкі, любоў да песні ён перадаў  дзецям, у тым ліку і старэйшаму сыну Адасю, які потым стаў вядомым беларускім паэтам-песеннікам.  Калі аднойчы маленькi Адам пачуў гукі скрыпкi – загарэўся. Грошай на iнструмент не мелася, дык бацька Герасiм сам зрабiў сыну скрыпачку.

«Чароўны голас скрыпкі з маленства  запаў у маю душу, – згадваў А. Русак у сваёй аўтабіяграфіі. – Скрыпка стала маёй марай з малых дзён. Я часта браў бацькаву скрыпку і сам падбіраў полечкі і кадрыль, а потым з бацькам граў вяселлі і вечарынкі». Музыкам стаў і брат Адама Кастусь. Хутка пра сямейнае трыо загаварылі ледзь не на ўсёй Капыльшчыне. Нават прымаўка пайшла «Няма цыганкоў – няма і вяселля».

Так і пачаў Адам захапляцца музыкай і нават у арміі служыў музыкантам. Пасля спрабаваў вучыцца ў Мінскім будаўнічым тэхнікуме, але неўзабаве кінуў яго дзеля сапраўднага прызвання. Скончыў у 1930 годзе Беларускі музычны тэхнікум па класе «скрыпка», а наступныя чатыры гады вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі іграць на валторне.

Да Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Ленінградскім Малым оперным тэатры, разам з якім быў эвакуіраваны ў Арэнбург. Пасля вайны працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Бадай, не знойдзеш таго, хто б не чуў песню «Бывайце здаровы». У песні ёсць аўтары – паэт Адам Русак і кампазітар Ісаак Любан. Першым спеваком-выканаўцам яе стала маці Марыя Ігнатаўна, потым іншыя вяскоўцы, хутка ж песня загучала ў навакольных вёсках. Сёння яе спяваюць ва ўсіх кутках Беларусі і за яе межамі. Яна стала своеасаблівай візітнай карткай беларускага народа, яго песеннага мастацтва, як слушна зазначыў даследчык беларускага фальклору І. Цішчанка. Гісторыя гэтай песні даволі цікавая. Многія людзі, нават аўтарытэтныя знаўцы фальклору, памылкова лічылі гэту песню народнай, а гэта  вышэйшая адзнака творчасці А. Русака.

Паэзія нашага земляка заўсёды цудоўна клалася на музыку: вядома больш за 200 песень на яго вершы. У іх ліку – «Не за вочы чорныя», «Дзе ты, зорка мая», «Не шукай», «Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры», «Не магу я знайсці тое слова…» і іншыя.

З паэзіяй Адам Русак дэбютаваў яшчэ ў 1927 го-дзе – тады часопіс «Чырвоны сейбіт» апублікаваў яго верш «Мая песня». З таго часу напісаў шмат вершаў, для якіх стваралі музыку У. Алоўнікаў, Ю. Семяняка, Г. Пукст, І. Лучанок і іншыя знакамітыя кампазітары. Песні на словы Адама Русака спявалі гурт «Песняры», Іосіф Кабзон.

Усюды ён быў жаданым госцем са сваёй скрыпачкай, са сваімі вясёлымі вершамі-прыпеўкамі і вершамі-тостамі. А пры растанні Русак дарыў зборнік вершаў, які заўсёды быў пад рукой.

Памяці земляка

Доўгае жыццё пражыў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Адам Русак. 21 сакавіка 1987 года вярнуўся ў роднае Пясочнае, цяпер назаўсёды. Яго магіла на самым ускраі мясцовых могілак.

Памятаюць капыляне пра свайго знакамітага земляка. Як даніна памяці вялікаму творцу з’явіўся на дарогах Капыльшчыны аўтобус з фотаздымкам самога паэта-песенніка і словамі са знакамітай песні «Бывайце здаровы!» Яго імем названы вуліцы ў аг. Пясочнае і Капылі. Да Дня беларускага пісьменства, якое прайшло на Капыльшчыне ў 2021 годзе, на пяціпавярховым доме з’явіўся мурал з партрэтам творцы. Ёсць нават турыстычная карта па літаратурных мясцінах для экскурсій, дзе таксама ўвекавечана памяць паэта.

На будынку Песачанскай школы, дзе вучыўся паэт, на доме ў вёсцы Малінаўка і ў Мінску, дзе ён жыў, устаноўлены мемарыяльныя дошкі.

Некалькі цікавых фактаў

۷ Захавалася заліковая кніжка Мінскага музычнага тэхнікума, дзе напісана: «Адам Русак: сальфеджыа – «выдатна», спецыяльнасць – «выдатна», паводзіны – «нездавальняюча» (глядзеў у акно і пісаў вершы…)».

۷ У Мiнскiм музычным тэхнiкуме Адам Русак вучыўся разам з кампазiтарам Iсаакам Любанам: «Неўзабаве Любан, будучы ў Ленiнградзе, наведаў мяне. I папрасiў, цi не знойдзецца ў мяне чаго новага, вясёлага, сучаснага. Я даў яму некалькi вершаў, сярод якiх быў верш «Бывайце здаровы». Так песня пайшла ў народ. Яе першай выканаўцай стала Ларыса Александроўская. А ў якасцi вiншавання з надыходам новага, 1937 году «Бывайце здаровы, жывiце багата» прагучала па ўсесаюзным радыё».

۷ 9 студзеня 1937 года верш «Бывайце здаровы» з’явiўся ў газеце «Лiтаратура i мастацтва» пад назваю «Вясельнае вiншаванне маладых». Але там была такая пазнака: «Запiсаў ад А. Русака (калгас «Чырвоны араты» Капыльскага раёна) Анатоль Астрэйка».

۷ Наш земляк пісаў, у асноўным, вершы. Але ёсць і нешматлікія полькі і вальсы. Пісьменнік Анатоль Астрэйка называў Адама Русака «музыкам у паэзіі». Песні на яго вершы пісалі класікі – Уладзімір Алоўнікаў, Юрый Семяняка, Нестар Сакалоўскі. Русак быў знаёмы з многімі беларускімі паэтамі, яны яго падбадзёрвалі, хвалілі. Ён быў паэтам у душы і музыкам  па  прафесіі.  У 1939 годзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР.

۷ У Адама Русака выйшлі 13 паэтычных зборнікаў. Дарэчы, два з іх – з вершамі для дзяцей. У 1964 годзе паэт быў ганараваны званнем «Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР».

۷ Дачцэ паэта Людміле Русак увесь час хацелася зразумець,  адкуль у яго гэты паэтычны і музычны дар. Пытацца ў самога таты пра гэта было бессэнсоўна, ён быў нешматслоўным чалавекам. Любімыя словы – «адчапiся» і «не чапай».

۷ Да Русака прыходзіла шмат людзей – артыстаў, пісьменнікаў, журналістаў. Дачка паэта памятае, як упершыню ўбачыла Ігара Міхайлавіча Лучанка, як ён паказваў свае першыя творы. Жонка яго называла «камсамолец», таму што вельмі шмат тады гастраляваў у складзе канцэртных брыгад па лініі камсамола. Быў вельмі актыўны, здольны.

۷ Адам Русак любіў рускія вальсы мінулых стагоддзяў – «Амурскія хвалі», «Бярозка», «На сопках Маньчжурыі», полькі. На ўсё жыццё самым яго любімым творам засталася «Капыльская вясельная полька». Дома на скрыпцы ён заўсёды іх іграў, а дачушкі акампаніравалі на піяніна.

۷ Між іншым, любіў ён і грузінскую «Суліко». Чаму? Ён пачуў яе ў Грузіі, дзе гастраляваў з Ленінградскім аркестрам. Падчас вайны іх тэатр эвакуіравалі ў Арэнбург, і менавіта тады давялося пабываць у Закаўказзі. Паколькі Русак быў чарнявым, то яго там прымалі за свайго: калі пыталіся грузіны, як прозвішча, не раздумваючы адказваў: Русакадзэ. Армянам жа казаў, што Русакян. Наогул, ён заўсёды ўмеў жартаваць.

۷ Дачка паэта Людміла Адамаўна расказвала, што ў савецкія часы членам Саюза пісьменнікаў выдавалі раз на год пуцёўкі на Чорнае мора, але іх сям’я ніколі не карысталася гэтым прывілеем. «Якое Чорнае мора?!  На Нёман, на рэчку, у лес!»

۷ Сям’я Русакоў заўсёды прыязджала на сваёй «Волзе» ў Малінаўку. Людзі казалі, што Адам Русак вельмі любіў збіраць грыбы, лавіць рыбу. Любіў пагутарыць з вяскоўцамі і сваякамі.

Фота з адкрытых крыніц


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей