Кампетэнтнае журы ў складзе старшыні раённага Савета ветэранаў Людмілы Камёнкі, дырэктара цэнтральнай раённай бібліятэкі Алены Пілат і іншых высока ацаніла творчасць нашых землякоў.
Трэба адзначыць, што літаратурны конкурс праводзіўся для захавання гістарычнай памяці, значнасці ўкладу беларускага народа ў заваеванні Перамогі і выхавання павагі да гісторыі ў маладога пакалення. Удзельнікам неабходна было вырашыць, у якой з дзвюх намінацый яны будуць прымаць удзел: перанясуць свае думкі на ліст паперы ў выглядзе верша або апавядання.
Сустрэча прайшла ў фармаце круглага стала, таму ў кожнага была магчымасць падзяліцца сваімі роздумамі на тэму Вялікай Айчыннай вайны.
— «І каменні, кажуць, нават плачуць, а людзі не каменні. Іх памяць і сёння яшчэ бачыць вайны далёкай цені…» — прачытала адзін з вершаў Ядвіга Генрыхаўна Малевіч. — Верш называецца «Трагедыі вёскі Дусаеўшчына» і прысвечаны ён людзям, якія загінулі 23 лютага 1943 года: было спалена 64 чалавекі і расстраляна 11.
— Калі пачалася вайна, мне было амаль чатыры гады, — успамінае Любоў Рыгораўна Мотуз. — Я шмат чаго памятаю з таго часу. Наш дом знаходзіўся побач з будынкам, у якім некалі былі дзіцячы садок і школа. Аднойчы там спыніліся фашысты, мама палола ў агародзе, а я была каля яе. Раптам выйшаў немец, накіраваў на нас палец і сказаў: «Матка – пух-пух: кіндэр - капут, матка - капут».
— Голас памяці самы моцны і балючы, — дзеліцца Валянціна Сямёнаўна Саўчанка. — Я нарадзілася ў Бранску ў той год, як грымнула гэта вайна. Бацьку забралі пад Беласток на зборы, а дома засталася маладзенькая 22-гадовая жонка, двухгадовы сынок і я. Тады мне было пяць месяцаў. Маме неабходна было дабірацца з двума малымі дзеткамі ў вёску Думічы. Быў такі момант, калі матуля паклала мяне пад елачку. Думала, што выратуе хаця б адно дзіцятка. Але ж брацік пачаў плакаць і матуля вярнулася за мной…»
У конкурсе таксама прынялі ўдзел Мікалай Пятровіч Майсюк і Святлана Леанідаўна Прылепка. Усе творчыя работы заслугоўваюць увагі. Таму Дыпломам удзельніка раённага этапа абласнога конкурсу літаратурнай творчасці ветэранаў узнагароджаны ўсе яго ўдзельнікі.
Фота аўтара
Комментарии