Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

О военных заметках и призывах народных мстителей на страницах газеты «Калгаснік Капыльшчыны»

12.04.2024

Не памылюся, калі скажу, што газета – гэта амаль той жа падручнік гісторыі. І менавіта на яе старонках захоўваюцца раней невядомыя звесткі. У нашым выпадку – пра Вялікую Айчынную. Ваенныя аўтары пісалі свае заметкі па гарачых слядах. Многа цікавых фактаў, раней невядомых, мы знаходім на пажоўклых ад часу старонках.

Першы ваенны нумар

Першы нумар «Калгасніка Капыльшчыны» выйшаў у партызанскім падполлі 12 ліпеня 1943 года. Аднак пад загалоўкам газеты паставілі сімвалічны нумар 71. Гэтым самым рэдакцыя імкнулася стварыць уражанне, што іх газета выходзіць даўно, нягледзячы на ніякія карныя экспедыцыі фашыстаў. Дарэчы, электронны варыянт першага ваеннага нумара газеты сёння захоўваецца ў рэдакцыі «Слава працы», а ў музейнай экспазіцыі прадстаўлены надрукаваны экзэмпляр.

Знаёмімся з першым нумарам падпольнай раёнкі. Адразу ж прыцягвае ўвагу перадавы артыкул пад загалоўкам «На помсту нямецка-фашысцкім акупантам». Чытаеш радок за радком і робіцца неяк жудасна.

«Ад багатых і квітнеючых сёл – Старыцы, Вялікай Раёўкі, Прус, Руднага, Жавалак, Калодзезнага, Масявіч, – з іх школамі, клубамі, бальніцамі і сельмагамі, засталіся толькі папялішчы… Руіны, віселіцы, магілы – вось сляды двухгадовага разбойніцкага гаспадарання і жорсткага тэрору нямецка-фашысцкіх людаедаў у нашым раёне», – паведамляе газета.

На яе другой старонцы Сцяпан Д. (На жаль, большасць аўтараў падпісаны менавіта такім чынам, без прозвішча – Рэд.) расказвае падрабязна, што зрабілі гітлераўскія вылюдкі з прыгожай вёскай Жавалкі і раней заможнымі, шчаслівымі калгаснікамі і мясцовай інтэлігенцыяй.

Нельга спакойна чытаць заметку Максіма Ш., якая таксама змешчана на другой старонцы і сведчыць аб трагедыі ў саўгасе імя Дзяржынскага: «Гэта было зімой у дзень 25-й гадавіны Чырвонай Арміі. На світанні… як бы з мэтай праверкі дакументаў, усіх рабочых гітлераўцы сагналі ў адзін барак. Калі ўсе з сем’ямі былі сабраны, гітлераўскія людаеды ўчынілі нечуванае злачынства. Яны падпалілі барак з жывымі людзьмі. Каб апошнія не ўцяклі, нямецкія бандыты безупынна страчылі па вокнах з кулямётаў. Страшнай смерцю загінулі 64 чалавекі. Паміраючы ў полымі агню, у жудасных муках, бязвінныя ахвяры фашысцкіх бандытаў прасілі адпомсціць за іх».

Фашысцкія каты тварылі чорныя справы на кожным кроку, у кожным населеным пункце. Аднак замесці сваіх крывавых слядоў яны і іх прадажныя прыхвасні не маглі. Не баючыся смяротнай пагрозы, людзі паведамлялі ў сваю газету аб зверствах акупантаў.

Зверствы ў раёне…

Так, селянін Д. на старонках газеты за 18 верасня 1943 года ў заметцы «Новыя нечуваныя злачынствы» расказвае: «…аб’ектам чарговага тэрарыстычнага нападу сталі вёскі Бабоўня і Траянава. Ад поўдня і да вечара фашысцкія мярзотнікі з 14 самалётаў бамбілі і абстрэльвалі гэтыя вёскі і амаль поўнасцю спалілі 116 хат, 123 хлявы, 33 гумны, у якіх змяшчаўся ўраджай 115 гаспадарак. Забіта 5 чалавек».

Падымала на барацьбу з лютым ворагам і заметка, якая змешчана ў газеце за 13 красавіка 1944 года. Яе аўтар М.К. з гневам гаворыць: «Ні перад чым не спыняюцца ў сваёй перадсмяротнай злосці немцы і іх халуі. На днях яны спалілі вёску Кудзінавічы…
Самыя паслухмяныя сабакі ў немцаў – гэта паліцаі. 8 кра-савіка яны акружылі вёску Кукавічы. Іх ахвярай на гэты раз сталі 65-гадовая Кляцко Зося і яе сыны: Іван – 21 год і Валодзя – 16 гадоў. Паліцаі іх загналі ў гумно і падпалілі».

У газеце нярэдка падводзіліся вынікі гаспадарання фашысцкіх карнікаў. Прывядзём адзін з прыкладаў. На другой старонцы 79 нумара «Калгасніка Капыльшчыны» ў рэдакцыйным артыкуле «Кроў замучаных кліча да помсты» раскрываюцца тэрарыстычныя, бандыцкія дзеянні замежных варвараў.

«За два гады на Капыльшчыне гітлераўскімі людаедамі расстраляны 7402 чалавекі, спалены жывымі – 1530 чалавек, павешаны – 114 і замучаны нясцерпнымі пакутамі 109 чалавек. Шмат юнакоў і дзяўчат загнаны ў нямецкае рабства.
За гэты час акупанты спалілі звыш 1185 жылых дамоў, 33 школы, 9 бальніц, 55 клубаў і бібліятэк, 108 дзяржаўных і 1308 іншых народнагаспадарчых будынкаў. Усяго па Капыльскім раёне нямецкія акупанты прычынілі страт на 56 652 370 рублёў», – заключае газета.

…і Капылі

Жудасныя расправы фашысты тварылі ў Капылі. У заметцы «Не даруем людаедам-немцам», якая змешчана ў 77 нумары газеты, прыво-дзяцца наступныя даныя:

«Людаеды-немцы знішчылі палову насельніцтва Капыля. Каты расстралялі 2984 чалавекі і замучылі страшэннымі катаваннямі 67 чалавек… Патокі нявіннай крыві праліліся ў Капылі».
Газета не толькі расказвала аб разбойніцкіх дзеяннях гітлераўскіх фашыстаў і іх служак-паліцаяў, але і называла прозвішчы тых, хто ўсімі сродкамі глуміўся над бязвінным беларускім народам. У тым жа 77 нумары газеты партызан Валодзя ў заметцы «Не мінаваць ім кары» расказвае: «Каб пажывіцца, 18 жніўня немцы і паліцаі прыехалі ў вёску Доктаравічы. Каты расстралялі сям’ю селяніна Казла Васіля В., яго жонку і дачку, а маёмасць забралі. Расстрэльваў сям’ю Казла здраднік-палач К…»

Заклікі – гэта таксама зброя

Расказваючы народу праўду аб шалёных учынках фашыстаў і іх паслугачоў-паліцаяў, падпольны друк адначасова заклікаў апошніх раздумацца і павярнуць зброю супраць гітлераўцаў. 18 жніўня 1943 года была выпушчана спецыяльная лістоўка-зварот да паліцэйскіх Капыльскага раёна. Яе першыя радкі гаварылі аб цяжкіх злачынствах здраднікаў Радзімы.

Матэрыялы, у якіх і супрацоўнікі рэдакцыі, і народныя мсціўцы, сяляне расказвалі аб зверствах акупантаў, займалі ў газеце значнае месца. Прыводзілася шмат фактаў грабяжу беларускіх вёсак. Некаторыя заметкі заканчваліся заклікам: «Забі гітлераўца, інакш ён цябе заб’е».

І людзі білі заклятага ворага. Газета падымала на барацьбу з ім шырокія народныя масы. Яна не толькі заклікала браць у рукі зброю і знішчаць фашысцкіх двухногіх звяроў, але і рэгулярна расказвала аб гераізме народных мсціўцаў. Такія матэрыялы змяшчаліся амаль у кожным нумары.

У 47 нумары газеты надрукавана заметка «Удар па нямецкай калоне». Аўтар – партызан Даніла. Ён расказвае аб тым, што немцы ўзмоцнена ахоўвалі дарогу, якая злучала гарнізоны М. і С. Аднак гэта не перашкодзіла дзейнасці партызан. Група народных мсціўцаў шчорсаўскага атрада на чале з камандзірам роты Маркам зрабіла засаду на дарозе. На гравейцы паказаліся чатыры грузавыя аўтамашыны з прычэпамі, на якіх ехалі немцы. Партызаны напалі на іх. У кароткім гарачым баі палажылі галовы 80 фрыцаў, а таксама згарэлі аўтамашыны з прычэпамі.

Побач з гэтай заметкай надрукавана другая, якая таксама паведамляе аб помсце беларускага народа ворагу. Яе аўтар Юрка Ш. з задавальненнем заўважае, што «ўсе дарогі пад кантролем партызан, і народныя мсціўцы сцерагуць ворага пад кожным кустом».
Партызан М. М. у заметцы «Не дадзім спакою гітлераўцам» у пацвярджэнне гэтага расказвае аб аперацыі народных мсціўцаў наміж вёскамі Д. і К. Наскочыўшы на засаду, знайшлі сабе магілу гітлераўскі афіцэр і трое салдат. 20 фашыстаў захоплены партызанамі ў палон. Пры жорсткай сутычцы разбіты тры нямецкія аўтамашыны з прычэпамі. Партызанам дасталіся багатыя трафеі – 18 вінтовак, два кулямёты, аўтамат, шмат патронаў.


Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей